“Праменьчык” развівае дзяцей духоўна

Духовность

Гэты незвычайны кругласутачны лагер пры касцёле Святога Антонія Падуанскага ўпершыню быў адкрыты ў ліпені 2007-га. Ідэя яго стварэння належала раённаму выканаўчаму камітэту. Пробашч пастаўскага касцёла ксёндз Анджэй Возьняк падтрымаў яе. Спачатку прыняў 25 хлопчыкаў і дзяўчынак, размясціўшы іх на другім паверсе плябаніі.

Я з’яўляюся ад пачатку начальнікам гэтага лагера,       разам са мной у першай змене працавалі выхавальнікамі настаўніца фізкультуры Т. І. Балгіра, настаўніца спеваў А. Э. Грывусевіч. Днём ездзілі на азёры, хадзілі на прадпрыемствы горада, а вечарам — вогнішча, на якім дзеці смажылі хлеб, каўбаскі, спявалі. Кожны дзень ксёндз Анджэй праводзіў з выхаванцамі ранішнюю зарадку, потым сумесную малітву, дзеці ўдзельнічалі ў святой Імшы, падчас якой святар тлумачыў ім прачытаны ўрывак з Евангелля. Заўсёды вельмі пра іх клапаціўся: разам з выхавальнікамі сачыў, калі малыя купаліся; пад’язджаў з іншымі святарамі на машынах у сталоўку падчас вялікага дажджу, каб малыя не прамачылі ногі; прывозіў гарачы абед, калі лагер быў у паходзе. Замаўляў аўтобус для экскурсіі. Кожная змена абавязкова некуды ездзіла: возера Нарач, Браслаўскія азёры, Мінск, Маладзечна, Блакітныя азёры, Глыбокае, Мосар.

Праз некалькі гадоў стараннямі ксяндза-пробашча быў адбудаваны двухпавярховы будынак перад касцёлам, дзе размясціўся лагер: спартыўная і актавая залы, некалькі спальных памяшканняў, душавыя. З Францыі ён прывёз невялікі басейн, дзе адначасова маглі купацца пяцёра-шасцёра малых. Колькасць дзяцей у змене павялічылася: стала 30, пасля — 35 чалавек. А за лета бывае 4 змены.

Прыходзілі іншыя вопытныя таленавітыя выхавальнікі, якія ўносілі свае ідэі ў работу і дарылі часцінкі сваёй душы дзецям: М. Э. Баразна, Т. Ф. Крук, С. П. Чабатаронак, А. С. Скрыдлеўская, К. С. Дзяляну, Ю. У. Хаткевіч. Ахоў­вае здароўе дзяцей фельчар Ж. А. Дунец. Стала назірацца пераемнасць: некаторыя дзеці, пабыўшы год-тры ў лагеры, пасля працавалі ў якасці важатых: Юлія Лапыр, Вікторыя Бразоўская, Наталля Руткоўская, Вольга Ліпніцкая, Марта Шуцілава, Паліна Яморская, Аляксандр Піліпчук. А некаторыя, папрацаваўшы важатымі,  сталі выхавальнікамі: Алеся Венгура, Вераніка Сіўчак, Ганна Бекіш.

Кожную змену мы абавязкова запрашаем у госці старшыню таварыства выратавання на водах А. Г. Іўко, супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, ходзім на экскурсіі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і ў Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы, на выратавальную станцыю ў гарадскім парку, пабывалі на многіх прадпрыемствах горада.

Але галоўнае, што робіць лагер “Праменьчык”, — гэта духоўнае развіццё асобы. Мы ўсе жывём у духоўным тумане, у свеце, дзе перамяшана дабро са злом, дзе цемра часта здаецца святлом і вабіць да сябе. Хтосьці з самага пачатку рос у нездаровай атмасферы п’янства або сварак, не адчуваў бацькоўскай любові. Іншага, наадварот, празмерна апякалі. Некаторыя пакутуюць ад адзіноты: не знайшоў сяброў або не ўмее іх утрымаць з-за свайго дрэннага характару.  Хтосьці ў храме з бацькамі ад нараджэння, а некаторыя прыходзяць туды ўпершыню толькі ў лагеры. Дзеці рознага ўзросту, з розных школ горада і раёна, каталікі, праваслаўныя, атэісты  — усе вучацца быць цярплівымі ў адносінах да іншых, вучацца размаўляць, спагадаць, дапамагаць адно аднаму, гаварыць толь­кі прыемнае, рабіць іншаму чалавеку дабро, спазнаваць сэнс жыцця, Бога. Зразумела, няшмат можна зрабіць за дзевяць дзён. Але гэтыя дні могуць стаць тым праменьчыкам, які дапаможа рассеяць туман штодзённага жыцця, размежаваць дабро і зло, прывядзе да святла. А далейшае духоўнае ўзбагачэнне залежыць ад бацькоў, бабуль і дзядуляў.

У гэтым годзе змяніўся пробашч пастаўскага касцёла, таму намі апекаваўся ксёндз-пробашч Вадзім. Ён што­дня цікавіўся жыццём лагера і благаславіў на далейшы шчаслівы адпачынак. Кожны дзень тлумачыў урывак з Евангелля ксёндз Вітаслаў.  Ён жа быў нашым правадніком падчас экскурсіі па Блакітных азёрах. Шчырае дзякуй ім за гэта.

“Праменьчыку” — 10 гадоў. Ад імя ўсіх выхавальнікаў і дзяцей дзякую работнікам арганізацый грамадскага харчавання, якія нас смачна кармілі, усім кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў, таленавітым майстрам, цікавым лю­дзям, з якімі мы мелі магчымасць пазнаёміцца, хто рабіў жыццё нашага лагера цікавым і змястоўным.Спадзяюся на тое, што “Праменьчык” заўсёды бу­дзе свяціць на Пастаўшчыне.

Аліна ЛАТЫШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.