Прыклад ветэранаў


Уладзімір Іванавіч Будзько і Васілій Аляксандравіч Будзько.

У панядзелак раніцай на машынным двары сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-агра” віншавалі старэйшага механізатара Васілія Аляксандравіча Будзько. Напярэдадні ён першым на сёлетнім жніве на камбайне “КЗС-1218” намалаціў за дзень 65 тон зерня і першым з пачатку ўборкі перакрыў 500-тонны рубеж па намалотах. Найлепшаму ў спаборніцтве былі ўручаны заахвочвальныя чэкі, ля дыспетчарскай у яго гонар узнялі флаг працоўнай славы.

—  А ў нядзелю флаг услаўляў яшчэ аднаго ветэрана — вопытнага камбайнера Уладзіміра Іванавіча Будзько, — адзначыла галоўны эканаміст гаспадаркі Тэрэса Уладзіміраўна Пайлак. —  Ён намалаціў за дзень амаль 40 тон збажыны, а ўсяго —  больш за 420 тон. Карыстаючыся выпадкам, хацела б таксама адзначыць  камбайнераў Андрэя Уладзіслававіча Галінскага, Аляксандра Іосіфавіча Парневіча, вадзіцеляў Уладзіміра Іванавіча Курцэвіча, Генадзія Станіслава­віча Рыхліцкага. Стараюцца ў полі і іншыя хлебаробы.

Найвышэйшых у гаспадарцы дзённых намалотаў цёзкі па прозвішчы  Будзько дасягнулі ў старадворскім сельгасаддзяленні. Абодва механізатары пайшлі на пенсію ў 55 гадоў, але прадаўжаюць працаваць. Васілій Аляксандравіч пастаянна на пагрузчыку, Уладзімір Іванавіч выходзіць на работу ў  напружаныя сельскагаспадарчыя кампаніі. Адносіны да яе ў мужчын, як і раней, самыя адказныя, бо не прывыклі рабіць справу абы-як.

Намалоты найперш залежаць ад ураджаю. Сёлета збажына не надта ўра­дзіла. Сярэдняя ўраджайнасць складае каля 24 цэнтнераў з гектара. З усталяваннем надвор’я тэмпы жніва значна ўзраслі. Зерневыя і зернебабовыя абмалочаны на 1215 гектарах. Па плошчы ўбранай збажыны гаспадарка выйшла на трэцяе месца ў раёне. Механізатары-ветэраны лічаць, што маглі б убраць значна больш. Вінавата не толькі надвор’е. Камбайны нярэдка прастойваюць з-за таго, што не хапае тэхнікі для адвозкі зерня, бываюць перабоі з палівам. Усё гэта не лепшым чынам уплывае на настрой работнікаў, але і не расхалоджвае. Камбайнеры, наперадзе якіх ідуць ветэраны, стараюцца хутчэй наблізіць фініш жніва.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.