Работы прадаўжаюцца

Местная власть

Брыгада муляраў ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі».

60-кватэрны жылы дом па вуліцы Зялёнай, 23, — адна з асноўных будаўнічых пляцовак, на якой у гэтыя дні працуюць работнікі ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі». На ўзвядзенні шматпавярхоўкі занятыя тры брыгады муляраў, дзве брыгады тынкоўшчыкаў і электрыкі — усяго 52 чалавекі. Кіруе будаўніцтвам прараб Віталій Уладзіміравіч Брыштэн, які і правёў мяне па аб’екце.

— Да будаўніцтва прыступілі ў сакавіку, завяршыць плануем у снежні, — расказваў. — Дом узводзіцца з удзелам дольшчыкаў і за выключэннем васьмі кватэр будзе здадзены без аддзелкі: у кватэрах няма міжпакаёвых дзвярэй, сантэхнікі ў ванным пакоі, падлог і шпалер. Робіцца гэта для таго, каб таннейшым было будаўніцтва. Па папярэдніх падліках, кошт аднаго квадратнага метра — 10 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Падымаемся на трэці паверх (пакуль што самую высокую кропку дома), дзе шчыруюць муляры на чале з брыгадзірам Анатоліем Савельевічам Волкавым. Яго брыгада, у якую ўвахо­дзяць Д. М. Гваздоўскі, І. В. Камель, У. М. Дулінец, А. А. Пупкевіч, Д. С. Якубовіч, Г. І. Яфрэмаў, Д. А. Несцяровіч, Я. С. Лягкоў, У. А. Пабяржын, У. А. Сарока і А. В. Лазовік, дзякуючы высокай прадукцыйнасці працы і адсутнасці прастояў лічыцца адной з лепшых. Касцяк брыгады склаўся чатыры гады таму, а некаторыя далучыліся да больш вопытных калег пару месяцаў назад.

У пошуках прыгожага ракурсу для фатаграфіі звяртаю ўвагу на маляўнічы від, які адкрываецца на бераг возера Задзеўскае. Пытаюся ў брыгадзіра, ці любуюцца ў перапынках краявідамі.

— Нам не да прыгажосці, — адказвае А. Волкаў. — Панарама адкрываецца сапраўды казачная, але кожны з нас прыходзіць не проста адбыць дзень, а зарабіць.

У будаўнічай галіне Анатолій Савельевіч чатырнаццаць гадоў. Пачынаў вучнем муляра, пераймаў сакрэты майстэрства ў вопытных калег, да якіх у пару яго ставіў брыгадзір. Цяпер у самога адзінаццаць падначаленых, разам з якімі робіць цагляны мур, укладвае перагародкі, манціруе пліты перакрыцця.

Тынкоўшчыцы А. І. Цітовіч, Т. А. Волк, А. І. Букатая, Т. У Райчонак, А. У. Раманчык.

Двума паверхамі ніжэй настолькі захоплена працуюць тынкоўшчыцы, што не адразу звяртаюць увагу на прысутнасць пабочных асоб. На прапанову папазіраваць згаджаюцца без угавораў, хоць і жартуюць, маўляў, трэба было папярэдзіць загадзя, падрыхтаваліся б. Але што можа ўпрыгожыць жанчыну больш, чым добры настрой, які яны выпраменьвалі?

Будаўніцтва гэтага дома яшчэ ў самым разгары, а па суседстве ўжо кіпіць работа па распрацоўцы новага аб’екта: за некалькі соцень метраў геолагі бяруць пробы грунту на пляцоўцы пад будаўніцтва новага дома, які будзе не толькі радаваць сваіх будучых жыхароў, але і забяспечыць працай будаўнікоў. Гэта асабліва важна, улічваючы тое, што аб’ёмы будаўніцтва зніжаюцца па ўсёй краіне.

12-кватэрны дом у Хацілах.

Яшчэ адзін аб’ект, над якім сёлета шчыравалі будаўнікі, — двухпавярховы 12-кватэрны дом у Хацілах. На гэтым тыдні ўносіліся апошнія штрыхі ў яго будаўніцтва і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Унутры дома фарбавалі падлогу, звонку рабілі пандусы на ганку, адлівы на цокалі, манціравалі пляцоўку пад смеццевыя урны. Дарожнікі займаліся абуладкаваннем пешаходных дарожак і асфальтаваннем праездаў.

Ідуць завяршальныя работы.

— Дом будзе здадзены з поўнай аддзелкай, адзінае, што застанецца будучым жыхарам, — гэта паклеіць шпалеры, — з задавальненнем дэманстраваў вынік працы будаўнікоў галоўны інжынер ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» Славамір Здзіслававіч Кухальскі. — Нам засталося толькі завезці чарназём на клумбы, засеяць газоны, устанавіць малыя ландшафтныя формы — арэлі, лаўкі, альтанкі, пясочніцу.

Акт уводу дома ў эксплуатацыю плануецца падпісаць у пачатку наступнага тыдня.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.