Расплата за памылкі

Спорт

“Паставы-ПМЦ” — ФК “Глыбокае” — 0:3

Для пастаўчан чарговы сапернік у прынцыповым міжраённым дэрбі быў самы нязручны, бо за ўвесь час барацьбы на абласным узроўні наша каманда толькі аднойчы, летась, з глыбачанамі згуляла дома ўнічыю, а ўсе астатнія матчы ім прайграла. Падтрымаць гасцей з Глыбокага прыехала амаль паўсотні прыхільнікаў. На працягу ўсяго матча яны дружна падтрымлівалі сваіх песнямі, апладысментамі, боем у барабан. Гаспадары зноў недалічыліся траіх вядучых ігракоў і вымушаны былі пачаць гульню з абароны. Стартавы націск глыбачан яны ўпэўнена стрымалі, перавялі сустрэчу ў спакойнае рэчышча, паколькі заключным ударам саперніка не хапала дакладнасці.

Праўда, і абвастрыць ход паядынку да перапынку ў пастаўчан не атрымалася, а іх рэдкія ўдары здалёк не ўяўлялі пагрозы варатару гасцей. А вось яго пастаўскі калега Руслан Казаравец часцей уступаў у гульню, асабліва ў другім тайме. На жаль, на 56-й хвіліне  хуткасны нападаючы глыбачан Віталь Стоцік змог яго перахітрыць і з лініі поля тэхнічна адправіў мяч у непрыкрытыя вароты. Тут жа пастаўчане маглі адыграцца, але вопытны Яўген Грантоўскі, які выйшаў на замену, з трох метраў не скарыстаўся сваім шанцам. У наступнай камбінацыі ён прабіў таксама з убойнай пазіцыі, але мяч трапіў у свайго футбаліста.

Расплата за такое марнатраўства наступіла імгненна, калі на 60-й хвіліне перад сваёй пляцоўкай пастаўчане памыліліся і страцілі мяч. Яго падхапіў адзін з лепшых бамбардзіраў саперніка (8 галоў) В. Стоцік, перайграў чатырох сваіх апекуноў і без перашкод падвоіў перавагу сваёй каманды. Усім стала зразумела, што вынік матча вырашаны, паколькі акрыленыя ўдачай глыбачане пайшлі наперад, а перад самым фінальным свістком Арцём Жыгулёўцаў яшчэ раз скарыстаўся памылкай абаронцаў ПМЦ. Шмат сіл аддалі, але прайгралі больш моцнаму саперніку пастаўчане Казаравец, Танана, Жарскі, Дубін, Амбразевіч, Зелянкевіч, Альсевіч (Пасевіч), І. Павініч (Д. Павініч), Карага (к), Мінгіновіч (Я. Грантоўскі), Ясюкевіч (Бубноўскі).

Гэта перамога на выездзе вывела глыбачан на 1-е месца ў турнірнай табліцы, дзе пяць каманд вядуць адчайную барацьбу, каб трапіць у тройку мацнейшых, якая будзе змагацца далей за медалі першынства. Да групы лідараў наблізіліся лепяльчане, якія з лікам 4:0 разграмілі “Полацкгаз”. Ранейшы прамежкавы лідар — ФК “Міёры” — саступіў на выездзе камандзе Шумілі­на з лікам 2:4. Пастаўчане засталіся на 6-м месцы, і ім патрэбна дагуляць чэмпіянат вобласці, згуляць у сваё задавальненне. У суботу, 27 жніўся, у 12 гадзін на гарадскім стадыёне яны правядуць заключны дамашні матч сезона з футбалістамі суседняй Шаркаўшчыны.

 Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.