Соніны вяргіні


Адрас: г. Паставы, 1-ы Заводскі завулак, 5, узяла на заметку яшчэ з вясны. Тады я рыхтавала для газеты матэрыял пра руплівых гаспадароў Алега і Тамару Шырокіх з гэтага завулка. “Прыязджайце летам да нашай суседкі, — падказалі яны. — У яе столькі вяргінь!”

Да Соф’і Уладзіміраўны Міхасёнак трапіла якраз напярэдадні яе дня нараджэння — 87-га! І не магла не стрымацца ад камплімента: на свае гады жанчына зусім не выглядае.

— Гэта толькі знешне, — каменціруе Уладзіміраўна. — А арганізм знасіўся. Вельмі баляць рукі, па начах не сплю, але ад кветак не магу адмовіцца, нашуся з імі як дурань з дзверцамі (пачуцця гумару жанчыне не пазычаць — яна так і перасыпае гаворку трапнымі слоўцамі і прымаўкамі — аўт.).

У Соф’і Уладзіміраўны ўласны дом, вялікі агарод і прасторны кветнік. На нечыю дапамогу ў рабоце на зямлі разлічваць не прыходзіцца: муж памёр шэсць гадоў таму, адзіная дачка жыве асобнай сям’ёй і не мае зда­роўя на фізічную працу. А спраў і ў агародзе, і ў кветніку хапае: пасадзіць, узрыхліць, прапалоць, падкарміць.

— Чаму вы не прыехалі раней, — шкадуе гаспадыня. — У мяне тут быў цэлы дыван белых поўных рамонкаў. Праўда, не адцвілі сваё: збілі іх ліўні, скруцілі вятры. Такое дажджлівае лета! Паглядзіце, як набрыняла вадой зямля. Хіба гэта падабаецца раслінкам?

Але Уладзіміраўна нядоўга бедавала над капрызамі над­вор’я, а перавяла размову ў іншае рэчышча — натхнёна расказвала, як разводзіла кветкі, дзе і якія купляла, хто з ёй дзя­ліўся і каму яна раздавала свае, прапаноўвала мне нарваць самых прыгожых у букет (падзякаваўшы, я адмовілася — няхай жывуць!).

5 жніўня па тэлефоне павіншавала імянінніцу з днём нара­джэння і спытала, ці прывіталі яе любімыя вяргіні і іншыя гадаванцы.

— А як жа! — весела адказала Соф’я Уладзіміраўна. — Яны мяне не толькі сёння, а кожную раніцу вітаюць. Нездарма ж з ранняй вясны да позняй восені “пястую”. Затое выйдзеш у агародчык — столькі радасці ад усяго гэтага хараства!

А мне застаецца толькі пашкадаваць, што нават з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў не данесці на газетных старонках да вас, паважаныя чытачы, гэта хараство, і я ў каторы ўжо раз сцвярджаю: пяшчотную прыгажосць трэба бачыць у натуры і наталяцца ёй.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.