Спрацаваў тактычны план

Спорт

“Полацкгаз” (Полацк) — “Паставы-ПМЦ” — 1:1

На гэту няпростую выязную гульню з адным з лідараў першынства галоўны трэнер пастаўчан В. М. Грантоўскі зрабіў шэраг перастановак і пастараўся ўмацаваць цэнтральную зону. Госці згулялі па новай тактычнай схеме, свядома аддалі саперніку тэрыторыю, але на сваёй палове поля арганізавалі шчыльны прэсінг і адказвалі вострымі контратакамі. Як аказалася, палачане былі непадрыхтаванымі да такога развіцця падзей, нерваваліся, бо ў пастаўчан, да таго ж, і мяч трымаўся, атрымлівалася гульня ў пас. У адным з эпізодаў мяч пасля ўдару галавой нападаючага ПМЦ Яўгена Ясюкевіча дакрануўся да перакладзіны варот саперніка.

Да перапынку завяршылі камбінацыі нядрэннымі ўдарамі вопытны Руслан Зелянкевіч і малады паўабаронца Дзяніс Бубноўскі, на што гаспадары адказалі таксама стрэлам у перакладзіну. Пасля га­дзіны барацьбы госці выйшлі наперад, калі пасля розыгрышу шматхадовай камбінацыі першым ля мяча на дабіванні апынуўся Сяргей Мінгіновіч. Яшчэ некалькі разоў пастаўчане былі блізкія да таго, каб павялічыць сваю перавагу, і за 10 хвілін да канца матча дамагліся свайго, але суддзя ўзяцце варот адмяніў.

Палачане правялі серыю замен і толькі ў дадатковы час, на 93-й хвіліне, выратаваліся ад паражэння. Пасля навясной перадачы паміж варатаром і цэнтральнымі абаронцамі ўзнікла няпэўнасць, каму з іх выходзіць на мяч, што і прывяло да крыўднага гола. Аднак нават нічыя на чужым полі з моцным сапернікам павінна надаць камандзе пастаўчан упэўненасці. На добрым узроўні згулялі ў Полацку Лубко, Танана, Жарскі (к), Дубін, Амбразевіч, Мінгіновіч (Д. Павініч), Альсевіч, Пучынскі, Зелянкевіч, Бубноўскі, Ясюковіч.

З кожным турам барацьба ў чэмпіянаце вобласці абвастраецца. У лідары вырвалася каманда Міёр пасля гасцявой перамогі з лікам 3:2 у Глыбокім. Футбалісты Лепеля не без праблем дома з такім жа лікам разабраліся з ФК “Шаркаўшчына”. Заўтра, 21 жніўня, у 14 гадзін пастаўчане на гарадскім стадыёне памераюцца сіламі з глыбачанамі (яны на другім месцы).

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.