Сустрэліся са Святым Айцом

Духовность

З 27 па 31 ліпеня доўжыўся візіт у Польшчу Святога Айца Францыска, у рамках якога праходзілі і Сусветныя дні моладзі. Група моладзі з пастаўскага касцёла таксама пабывала там.

Усяго паехалі 9 дзяўчат і 5 хлопцаў. З імі была сястра ордэна Маці Божай Міласэрнасці Канстанцыя. Арганізаваў пілігрымку і кіраваў ёй ксёндз-пробашч парафіі Езуса Міласэрнага Анджэй Бульчак.

Расказвае сястра Канстанцыя: “Мы прыехалі ў Польшчу 17 ліпеня, вечарам, а раніцай 18-га далучыліся да кашубскай пілігрымкі, якая ішла да Кракава — на спатканне са Святым Айцом. Гэта пілігрымка адрозніваецца тым, што яе ўдзельнікі ідуць вельмі хутка (каля 6 км за гадзіну), прычым не толькі моладзь, але і людзі пажылыя. У Чанстахова (да цудадзейнага абраза Маці Божай Чанстахоўскай) мы дайшлі за чатыры дні.  Раніцай наступнага адбылася святая Імша, і група рушыла далей. Але пастаўчане засталіся, бо большасць іх былі ў Чанстахове ўпершыню. Потым мы зноў дагналі пешую пілігрымку і ўжо разам ішлі да Кракава. 25 ліпеня ў Кракаве пілігрымка завяршылася. Да прыезду Папы заставалася некалькі дзён, і наша група паехала ў Закапанэ, каб моладзь убачыла горы, пападарожнічала.

На сустрэчы са Святым Айцом у Кракаве, што адбылася 30 ліпеня, у нас быў сектар С (перад намі былі толькі vір-сектары). Усе хацелі ўбачыць Папу як мага бліжэй і чуць яго словы. Адначасова бачылі яго на вялікім экране, на розных мовах песнямі праслаўлялі Бога. Сустрэча з Айцом доўжылася з 18.30 да 21.30. Праблем з разуменнем мовы не было (Папа прамаўляў па-італьянску), бо мабільнікі кожнага былі настроены на пераклад, і мы слухалі ўсё на рускай мове. У час чування Святы Айцец прамаўляў казанне  каля 40 хвілін. Узрушылі яго словы-заклік, каб людзі не бавілі час на канапах, з якіх зручна пазіраць, на якіх добра сядзець і ляжаць, глядзець збоку на тое, што адбываецца. Можна праседзець усё жыццё і не крануцца з месца. Па яго словах, чалавек у сваім жыцці не павінен быць адзінокім. Ніякія праблемы  адзін ён не вырашыць і не рэалізуецца сам па сабе. Каб рэалізаваць сябе, ён павінен выйсці на іншага чалавека, быць з ім, і толькі тады рэалізуе сваё пакліканне быць чалавекам. Пасля спаткання з Папам адбылася забаўляльная праграма пад назвай “Крэда” (“Верую”).

На наступны дзень у 9.30 распачалася святая Імша, якую можна назваць пасланнем.  Папа зноў звярнуўся да моладзі — да тых, хто “павінен несці свету Хрыста, быць місіянерамі”.

Ксёндз Анджэй Бульчак: “Візіт Папы Францыска прысвячаўся міласэрнасці. У час спаткання з моладдзю  было сказана шмат глыбокіх і прыгожых слоў. Вельмі ўразіла мяне і наведванне Папам былога нацысцкага лагера “Аўшвіц-Біркенау”. Там не было казання, не было слоў — былі цішыня і “нямы крык” пра міласэрнасць для тых, хто раней праследаваў чалавека і робіць гэта цяпер. Візіт святар завяршыў вечарам, гаворачы з моладдзю праз акно, дзе пражываў: “Таксама і сёння мае месца вялікая лютасць. Кажам: “Так, бачылі лютасць 70 гадоў таму, як расстрэльвалі вязняў, вешалі, як яны гінулі ў газавых камерах. Але і сёння шмат дзе  ідзе вайна, адбываецца тое ж самае. У гэту рэчаіснасць уваходзіць Езус, каб узяць яе на свае плечы. І просіць нас аб малітве. Такім чынам, молімся за тых Езусаў, якія сёння жывуць у свеце, галодных, прагнучых, хворых, адзінокіх, якія адчуваюць цяжар сумлення, віну і шмат пакутуюць”.

Валерый Пупкевіч, клерык: “Мяне ўра­зіла вялікая колькасць маладых людзей, якія прыехалі з розных краін свету ў імя Хрыста, таму што Ён нас яднае.  Мы адчувалі сябе раднёй, сям’ёй, ніхто не быў пакінуты.  Кожны радаваўся, што мог праслаўляць Хрыста. Кожны дзяліўся тым духоўным багаццем, якое ад яго зыходзіла.

На галоўнай Імшы было каля двух з паловай мільёнаў чалавек. А колькі яшчэ далучылася праз інтэрнэт, тэлебачанне! Асабліва мяне кранулі словы Папы да кансэкраваных (прысвечаных Богу) асоб у час спецыяльнай святой Імшы для іх. Францыск сказаў нам, што мы павінны цешыцца сваім пакліканнем і несці гэтую радасць іншым. Важна, каб мы былі сапраўднымі сведкамі сапраўднага Хрыста, які памёр і ўваскрос, даў нам заданне, каб мы ахвярна служылі Богу і людзям”.

Марта Шуцілава: “Шэсць дзён мы ішлі да Кракава. Уражанняў шмат і ад пілігрымкі, і ад чування, і ад Імшы, якую вёў Папа Францыск! Вакол нас — безліч людзей з розных кантынентаў, усе размаўляюць на розных мовах, але нас аб’ядноўвае адно: мы разам молімся аднаму Богу”.

Ганна і Марыя Зібаравы: “Мы бачылі Папу ў час Імшы і на чуванні толькі з экрана. Але калі ішлі  на вакзал, ён праязджаў побач у аўтамабілі і махаў нам рукою — гэта не забудзецца ніколі!”

Аліна ЛАТЫШ, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.