“Тэхніка — маё захапленне”


З выпускнога балю ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы брат і сястра Маісеевы вярталі­ся дадому, у свае Юнькі, не толькі з дыпломамі, але і з па­дзячнымі пісьмамі бацькам ад адміністрацыі каледжа. Для Ірыны Міхайлаўны і Івана Леанідавіча гэта стала прыемным сюрпрызам. Арцём атрымаў спецыяльнасці механізатара, слесара па рамонце сельгастэхнікі і вадзіцеля, Паліна — слесара па рамонце аўтамабіляў і вадзіцеля катэгорыі “С”.

— Паліна, што паўплывала на выбар такой рэдкай для дзяўчат прафесіі?

— Любоў да тэхнікі. Яна ў мяне з дзяцінства. Механізатарам усё сваё жыццё працуе тата. Каля яго і круціліся з малодшым за мяне на паўтара года Арцёмам. Прычым мне не столькі цікава было пасядзець за рулём, колькі ведаць, з чаго складаецца матор, як працуе той ці іншы механізм. Закончыла дзевяць класаў Юнькаўскай БШ, у дзясяты пайшла ў Навасёлкаўскую сярэднюю. Мне не хацелася ў гарадскую, бо люблю вёску: тут людзі больш адкрытыя і шчырыя.

— Затым паступіла ў каледж на прадаўца?

— Так. Адвучылася, год адпрацавала ў ваенгандлі, які размешчаны на плошчы ў райцэнтры, і канчаткова зразумела, што гэта не маё. Калі сказала бацькам, што буду паступаць на слесара-рамонтніка, мама выбар не адобрыла, а тата заўсміхаўся — адчуваў, што ў мяне ўсё атрымаецца.

— Ты была адзінай дзяўчынай у групе і з’яўлялася старастай. Як удавалася кіраваць хлопцамі?

— Рознае здаралася, асабліва ў пачатку вучобы. І ўсё ж узаемаразуменне прыйшло. Удзячна куратару Надзеі Тадэвушаўне Вярбіцкай, майстрам Аляксандру Генадзьевічу Турлу і Дзянісу Аляксандравічу Авізічу за падтрымку, усім выкладчыкам, якія ўкладвалі ў нас душу. Любіла заняткі Сяргея Веніямінавіча Шылёнка па правілах дарожнага руху. Разбірацца ва ўстройстве машын вучыў Васілій Іванавіч Лоўкіс, майстэрству ваджэння — Юрый Вені­ямінавіч Шылёнак. З некаторымі аднакурснікамі спадзяюся прадоўжыць вучобу з 1 верасня, бо падала дакументы на атрыманне спецыяльнасці “Тэхнік-механік”.

— Як адпачываецца?

— Часу на адпачынак няма. Атрымаўшы дыплом, я ўладкавалася на работу ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра”. Цяпер загадваю зерняскладам. Ідзе жніво, таму клопатаў хоць адбаўляй. Люблю музыку. У свой час закончыла музычную школу, умею граць на акардэоне, гітары, цымбалах, піяніна. Люблю адпачываць у кампаніі з сябрамі.

— Чым займаецца Арцём?

— Пакуль перабірае трактар. Вясной падчас практыкі працаваў у полі, рыхтаваў глебу да сяўбы, а цяпер на рамонце. Наш галоўны настаўнік, канешне ж, тата — вопытны механізатар і патомны хлебароб. Нам ёсць на каго раўняцца.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.