У фінале — тры пастаўскія каманды

Спорт

20 гадоў назад у нашай краіне было адроджана свята дзіцячага футбола “Скураны мяч”. За гэты час турнір набыў яшчэ большую папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў, стаў сапраўднай школай выхавання маладых ігракоў. Паўдзельнічаць у спаборніцтвах і стаць уладальнікамі прызоў Прэзідэнцкага спартыўнага клуба лічаць за гонар усе юныя футбалісты.

Сёлетні рэспубліканскі турнір пачаўся з занальных спаборніцтваў, якія праходзілі ў тым ліку і ў Паставах і завяршыліся ўпэўненай перамогай гаспадароў. Усе тры каманды заваявалі пуцёўкі на абласныя спаборніцтвы, якія  праходзілі 26—27 ліпеня ў Оршы і сабралі каля 200 удзельнікаў ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў.

Пераможны зачын зрабіла каманда старэйшай узроставай групы (2002-2003 гадоў нараджэння). Выхаванцы трэнера Васілія Мікітавіча Грантоўскага з аднолькавым лікам 5:0 перамаглі гаспадароў і каманду Полацка і не пакінулі ніякіх  шансаў аднагодкам з Лепеля, забіўшы ў іх вароты 8 мячоў і прапусціўшы ў свае толькі адзін.

Пераможную эстафету падхапілі хлопчыкі 2004-2005 гадоў нараджэння, якіх трэніруе Аляксандр Аляксандравіч Тарасевіч. У першай гульні пастаўчане з лікам 8:1 упэўнена абыгралі каманду з Лёзна і выйгралі дзве наступныя сустрэчы з футбалістамі з Гарадка (3:1) і Полацка (5:0).

Упершыню ў спаборніцтвах “Скураны мяч” удзельнічалі тры каманды хлопчыкаў малодшай узроставай групы (2006-2007 гадоў нараджэння). Яны атрымалі па адной перамозе і пацярпелі па адным паражэнні. Усё вырашыла розніца забітых і прапушчаных мячоў. Лепшай яна аказалася ў юных пастаўчан (трэнер — Руслан Зелянкевіч). Другое месца заняла каманда з Дуброўна, трэцяе — з аграгарадка Ноўка Віцебскага раёна.

Такім чынам, у фінал рэспубліканскага турніру, які пройдзе ў верасні ў Пружанах, Слоніме і Горках, трапілі адразу тры нашы каманды. Такога ў гісторыі фінальных спаборніцтваў “Скураны мяч” на Віцебшчыне яшчэ не было.

Хочацца спадзявацца, што да Кубкаў і дыпломаў упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама, якімі ўзнагароджаны каманды з Пастаў, дабавяцца і новыя — рэспубліканскага ўзроўню. Пажадаем юным футбалістам і іх настаўнікам удачы і пераможных гульняў.

На здымку: футбалісты малодшай, сярэдняй і старэйшай узроставых груп і іх трэнеры.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.