Першае ўпамінанне пра вёску Дашкі Юнькаўскага сельсавета датуецца 1873 годам. Амаль за паўтара стагоддзя яе жыхары зведалі ўсё, што было ў гісторыі Пастаўшчыны, нашай Беларусі.
Сучасны этап населенага пункта звязаны з пасляваенным перыядам. У 1950-ым у Дашках быў арганізаваны калгас імя Матросава, а яго старшынёй выбраны Анатолій Сяргеевіч Соўка. 50 гадоў назад у вёсцы налічваліся 41 двор і 124 жыхары, цяпер — усяго 12 двароў і 19 жыхароў, якія пастаянна жывуць там. Але на свята, што ладзілася ў сярэдзіне ліпеня, сабралася намнога больш людзей. Прыехалі родныя і блізкія старажылаў, дачнікі з сем’ямі. На вуліцы, як раней, гучаў дзіцячы смех, радаснымі і ўзбуджанымі выглядалі дарослыя.
Да дашкаўцаў завіталі старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Валянціна Міхайлаўна Філімонава, удзельнікі мастацкай самадзейнасці мясцовага Дома культуры і народнага клуба “Юнчанка”. Расказаць пра мінулае і дзень сённяшні арганізатарам мерапрыемства дапамаглі самая старэйшая жыхарка, 87-гадовая Еўдакія Міхайлаўна Соўка, і старэйшына вёскі Соф’я Станіславаўна Будзько, на сядзібе якой і праходзіла сустрэча.
Прыгожай, засланай саматканымі посцілкамі выглядала лаўка гонару, на якую запрашалі гаспадароў і гасцей. Падчас агледзін гучалі расказы пра сем’і, жыццёвы вопыт і захапленні жыхароў, разам з сувенірамі і найлепшымі пажаданнямі запрошаныя на пачэснае месца атрымлівалі музычныя падарункі.
Першай у цэнтр увагі трапіла маладая сям’я Балошка. Дзмітрый і Таццяна, а таксама іх дачушкі Паліна і Арына трывала прыжыліся ў сельскай мясцовасці. Унук непазнавальна абуладкаваў дзядулеву хату. Калі б той змог пабачыць, то застаўся б задаволены гаспадарлівасцю маладой сям’і, якая стварыла ўнутры і вакол дома ўтульнасць і прыгажосць.
Пяцьдзясят гадоў назад выйшла замуж у Дашкі Соф’я Станіславаўна Будзько. З таго часу і жыве тут. Працавала ў калгасе, выгадавала двух сыноў, мае нявестак, унукаў. Трэба было бачыць, з якой цеплынёй яны адносяцца адно да аднаго, як радуюцца поспехам. Маці і бабуля, а для вяскоўцаў яшчэ і старэйшына — вельмі адказная і паважаная жанчына, да яе прыслухоўваюцца як карэнныя, так і прыезджыя жыхары. Падчас свята яны выглядалі вялікай дружнай сям’ёй. І з радасцю прынялі яшчэ адных насельнікаў — гараджан Сяргея і Віку Дзіковіч, якія купілі тут дом і зараз абуладкоўваюць сядзібу.
З 1987 года прапісаны ў Дашках Аляксандр Аляксандравіч і Ірына Іванаўна Авізіч. У іх трое дзяцей (і ўсе знайшлі сваё прызванне ў жыцці), шасцёра ўнукаў. Усё, што маюць Авізічы — а гэта вялікая сучасная сядзіба і створаная на ёй прыгажосць, — вынік сумеснай працы, асабістага майстэрства і ініцыятывы гаспадароў.
На свяце з цеплынёй і павагай называліся прозвішчы загадчыцы фермы “Бакавічы” Алены Сцяпанаўны Шудра, Аліны Іванаўны і Яўстафія Васільевіча Будзько, Уладзіміра Іванавіча і Ганны Іванаўны Падгайскіх, Лідзіі Іванаўны Вострыкавай, Святланы Васільеўны Кундра, Рамана Іванавіча і Рамуальды Станіславаўны Штура, іншых жыхароў.
У Дашках няма цагляных гмахаў, прасторных катэджаў — пераважаюць звычайныя хаты, пабудаваныя дзясяткі гадоў назад. У сваёй большасці яны добра захаваліся, дагледжаныя, акуратныя. Некалькі дамоў аздоблены сучаснымі матэрыяламі, прывабліваюць малымі архітэктурнымі формамі. У вёсачцы заасфальтаваная вуліца, шмат кветак, ёсць ажно пяць дамоў узорнага парадку. Сёлета стала на адзін больш. Старшыня Юнькаўскага сельскага Савета В. М. Філімонава ўручыла шыльду з такім надпісам Алене Антонаўне Маісеевай. А колькі незвычайных рэчаў, што захаваліся ад дзядоў і прадзедаў, маецца ў доме і на сядзібе Рамана Іванавіча Штуры!
Пасля ўрачыстай часткі свята ўсе яго ўдзельнікі дружна селі за святочныя сталы, якія ледзьве ўмясціліся ў дварышчы старэйшыны. Менавіта так у 60—70-ыя гады мінулага стагоддзя жыхары многіх вёсак Пастаўшчыны разам адзначалі важныя падзеі. Дашкаўцы захавалі традыцыю, уразілі сваёй гасціннасцю, сардэчнасцю і шчодрасцю, а таксама песнямі, танцамі і весялосцю.
Пётр КУРЫЛОВІЧ.