Вада прыйшла!


Наш дом у Старым Двары пабудаваны ў пачатку 80-ых гадоў. У ім шэсць кватэр. Выгоды ў іх не былі прадугле­джаны. З часам гаспадары самі падвялі ваду. У апошнія гады з-за зношанасці камунікацый пачаліся перабоі, то ў адным, то ў іншым месцы здараліся прарывы. Самі шукалі тэхніку, трубы для замены. Урэшце выкапалі калодзеж, але вада ў яго паступае марудна, на ўсе сем’і яе не хапала. Даводзілася вазіць з іншых месцаў. А нашы суседзі — мнагадзетныя сем’і, старыя людзі. Якія гэта  цяжкасці для іх!

Звярталіся ў многія інстанцыі, але безвынікова. Нам рэкамендавалі мяняць водаправодныя трубы за свае сродкі. А зарплаты нізкія. З якіх даходаў выдаткаваць немалую суму? Вырашылі звярнуцца  да старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктара Сяргеевіча Гутарава. Напісалі калектыўнае пісьмо і камандзіравалі мяне з ім у райвыканкам. Вельмі хвалявалася: як прыме? што скажа?

Віктар Сяргеевіч прыняў ветліва, выслухаў уважліва, унік у нашу праблему і паабяцаў дапамагчы. Праз некаторы час нашы дамы былі перададзены ўнітарнаму прадпрыемству “Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна”. Яго работнікам давялося нямала папрацаваць. Работы па замене труб вяліся каля двух месяцаў. І вось радасць — у нашы дамы прыйшла вада! Вя­лікае дзякуй Віктару Сяргеевічу за клопат, УП ЖКГ — за аператыўную работу.

А. ЦЯРЛЮК, ад імя жыхароў вуліцы Азёрнай.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.