Ванечка чакае дапамогі


У студзені гэтага года мы расказвалі гісторыю 4-гадовай пастаўчанкі Сафіі Шылей, якая хварэе на дзіцячы цэрэбральны параліч. Каб сабраць грошы на лячэнне дзяўчынкі, яе бацькі арганізавалі ў райцэнтры дабрачынны канцэрт спевака, ураджэнца Пастаў Івана Нігруцы і доктара Сайкова.

І вось 8 верасня ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбудзецца чарговы дабрачынны канцэрт. На гэты раз — нашага земляка Аляксандра Апанасевіча з удзелам дзіцячых калектываў. Яго пачатак у 18.00, кошт білетаў — 7 (70000) рублёў. Усе сабраныя ад правядзення канцэрта грошы пойдуць на лячэнне 2-гадовага Вані Зубко.

Свайго першынца пастаўчане Тамара і Кірыл Зубко чакалі з нецярпеннем. Цяжарнасць працякала без ускладненняў, мама і дзіця­тка адчувалі сябе добра. Роды павінны былі адбыцца 8-9 сакавіка 2014 года. Але Ванечка не спяшаўся з’яўляцца на свет, і 10 сакавіка Тамара сама адправілася ў бальніцу. У радзільным аддзяленні яна праляжала паўтара тыдня, пасля чаго ўрачы пачалі стымуляваць роды. У працэсе гэтага высветлілася, што дзіця вельмі вялікае (Ванін рост пры нараджэнні склаў 58 сантыметраў, вага — 4750 грамаў). Было прынята рашэнне аб экстранным кесаравым сячэнні…

Калі хлопчык нарэшце з’явіўся на свет, ён не закрычаў, як іншыя нованароджаныя. Маладой маме толькі на імгненне паказалі сына, сказаўшы, што ён у цяжкім стане, ёсць праблемы з дыханнем. Праз некалькі гадзін прыехалі ўрачы абласной бальніцы, каб на рэанімабілі забраць Ваню ў Віцебск. Яны папярэдзілі бацькоў, што могуць не давезці малога. Але падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх Ванечка адчайна змагаўся за жыццё. На гэтым апараце ён знаходзіўся 8 сутак. На працягу іх бацькі, якія маліліся за сыночка, нязменна чулі ад медыкаў: “Стан стабільна цяжкі, ёсць сутаргі, невядома, што будзе далей”. Пазней урачы сказалі ім, што з-за гіпаксіі падчас родаў у хлопчыка сур’ёзнае паражэнне галаўнога мозгу, і ён назаўсёды застанецца “раслінай”.

У Віцебску Ваня правёў амаль месяц. Затым каля трох тыдняў — у рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Маці і дзіця” ў Мінску, дзе пацвердзілі вынесены “прыгавор”. Потым зноў лячыўся ў Віцебску і Мінску. І з кожным разам прагнозы ўрачоў былі ўсё больш несуцяшальнымі: дапамагчы дзіцяці немагчыма. Але Тамара з Кірылам упарта не жадалі верыць у гэта.

— Яшчэ пасля першага знаходжання ў абласной бальніцы мы паспрабавалі карміць Ваню з бутэлечкі (да гэтага ён атрымліваў ежу праз зонд), потым — з лыжачкі, — расказвала Тамара. — Калі гэта атрымалася, зразумелі, што, напэўна, не ўсё так дрэнна, як нам сказалі.

У 5 месяцаў Зубко павезлі сына да спецыялістаў у Санкт-Пецярбург. З таго часу праз кожныя 2-3 тыдні ез­дзяць да іх на лячэнне, якое дае вынікі: у Вані паступова стала змяншацца спастыка ў мышцах, зніклі сутаргі (у хлопчыка дзіцячы цэрэбральны параліч, спастычны тэтрапарэз ІІІ ступені цяжкасці з затрымкай псіхамоўнага развіцця і мікрацэфаліяй). Даведаўшыся пра тое, што Рыта Шылей возіць дачку на рэабілітацыю ў Польшчу, выйшлі з ёй на сувязь і ў лістападзе 2015 года першы раз адправіліся ў клініку “Olinek” у Варшаве.

— Ужо праз тры дні лячэння ў гэтай клініцы мы ўбачылі станоўчыя змены, — працягвала маладая жанчына. — Лежачы на жываце, Ванечка падняў галаву, у яго з’явілася цікавасць да навакольнага свету. А праз тры тыдні здавалася, што забіралі дамоў зусім іншае дзіця. Потым яшчэ раз ездзілі ў Польшчу на рэабілітацыю, лячыліся ў Чэхіі і таксама атрымалі каласальны вынік. Хоць і марудна, але праблемы адступаюць.

Па словах Тамары, за апошні год у Вані намнога зменшыўся тонус у канечнасцях, мышцы сталі больш расслабленымі. З’явіўся прагрэс у развіцці. Калі раней хлопчык ні на што не рэагаваў, то цяпер з цікавасцю глядзіць любімыя мульцікі. Ведае сваіх і чужых. З першымі вельмі любіць кантактаваць, а вось другіх часта ігнаруе. Стаў упэўнена ляжаць на жываце, абапіраючыся на локці і падняўшы галаву, нейкі час можа самастойна сядзець.

Ваніны бацькі вераць у лепшае. Кожны дзень дома праводзяць з сынам па 3-4 заняткі, якім навучылі спецыялісты ў клініках. Уся іх аднапакаёвая кватэра застаўлена разнастайнымі сродкамі рэабілітацыі. Спецыяльныя кубікі, валікі, артапедычныя дыванкі, мяч для фітнеса, басейн з шарыкамі, вертыкалізатар, артэзы для ног, касцюм для падтрымання мышцаў і паставы ў час заняткаў і многае іншае набывалася як у Беларусі, так і за мяжой. Лячэнне там вельмі дарагое. Першы год бацькі аплачвалі яго самі грашыма, якія былі адкладзены на будаўніцтва дома. Калі яны закончыліся, звярнуліся па дапамогу да людзей. Сяброўка Тамары дапамагла стварыць у сацыяльных сетках дабрачынную групу па зборы сродкаў для Вані. Таксама значную суму грошай сабралі парафіяне, прыхаджане і святары пастаўскіх касцёла і царквы, за што Зубко ім вельмі ўдзячны. Разам з Рытай Шылей Тамара ладзіла розныя дабрачынныя кірмашы падчас фестывалю ў Паставах, фэстаў у Мосары, Будславе, Лучаі. На іх прадавалі рэчы, перададзеныя знаёмымі і незнаёмымі рукадзельніцамі, і расказвалі пра сваіх дзяцей.

— Наша мэта — не толькі сабраць грошы на лячэнне, але і прыцягнуць увагу людзей да таго, што такія дзеці існуюць і іх трэба прымаць у грамадстве як роўных сабе, — гаварыла Тамара. — Яны нічым не горшыя за астатніх, проста крыху іншыя. Уласным прыкладам мы хочам паказаць мамам, што не варта замыкацца ў сваёй праблеме. З такой, як яе называем, часовай непрыемнасцю можна жыць: хадзіць з асаблівым дзіцем у госці, гуляць на вуліцы і абавязкова змагацца за яго. А яшчэ мамам неабходна аб’ядноўвацца, бо разам прасцей штосьці рабіць.

У кастрычніку і снежні Зубко з сынам зноў збіраюцца ў варшаўскі цэнтр “Olinek”, дзе, акрамя асноўных заняткаў, будуць спрабаваць курс слыхавой тэрапіі для стымуляцыі развіцця мозгу. Пяць тыдняў рэабілітацыі разам з пражываннем каштуюць 5300 еўра. Сабраць за кароткі тэрмін такую суму вельмі цяжка. Таму бацькі спадзяюцца, што, прачытаўшы гэты артыкул, пастаўчане прыйдуць на дабрачынны канцэрт. Дапамагчы Ванечку можна і пералічыўшы грошы на спецыяльную карту Беларусбанка, паклаўшы іх на дабрачынны рахунак, электронны кашалёк або проста на тэлефон.

Рэквізіты для дапамогі:

Карта Беларусбанка №9112000014932962 да 02/2020.

Тэлефон +375 33 6315350 (МТС).

Электронны кашалёк EasyPay 34340564.

Беларускія рублі — транзітны рахунак №3819382309284 на дабрачынны рахунак №000005 у цэнтры банкаўскіх паслуг №230, уладальнік рахунка Зубко Кірыл Ігаравіч. УНП 300230580; МФО 150801648.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.