Вывучаем родны край


Калектыў Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі арганізаваў экалагічны паход па знакамітых  мясцінах роднага краю. У плане вандроўкі былі наведванне касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах і праходжанне па экалагічнай сцежцы прыроднага комплексу “Блакітныя азёры” Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.

Гэты велічны рымска-каталіцкі храм належыць да астравецкага       дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Помнік архітэктуры ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Вядома, што мясцовая парафія створана ў 1526 годзе, тады ж быў пабудаваны невялікі драўляны храм. У 1899—1903 гг. на яго месцы пад кіраўніцтвам архі­тэктара Вацлава Міхневіча ўзве­дзены велічны каменны храм. Вышыня званіцы — 61 метр. Касцёл уваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі і з’яўляецца адным з найлепшых узораў неагатычнага стылю ў краіне.

Вакол святыні мноства кветак, экзатычных раслін, з любоўю прыбраная і дагледжаная тэрыторыя. У храме ішла Імша, гучала арганная музыка. Можна было зайсці і памаліцца. На памяць аб храме ў нас засталіся здымкі і яркія ўражанні.

Экалагічная сцежка Нацыянальнага парку “Нарачанскі” пачынаецца літаральна ад асфальтаванага шасэ. Удзельнікі паходу з радасцю і вялікім задавальненнем ступілі ў чароўную прахалоду ляснога царства: птушкі заліваюцца спевамі, пагойдваюцца вершаліны дрэў, ствараючы ўверсе чароўныя карункі, праз густую зеляніну прабі­ваюцца промні чэрвеньскага сонца. Уздоўж сцежкі стаяць шматлікія шчыты з цікавай інфармацыяй для арыентавання  ў прасторы і часе. Паказальнік вядзе нас па сцежцы, якая пятляе паміж дрэў, збягае ў нізіну і падымаецца на озавую граду, вядзе да малых архітэктурных форм і альтанкі. Назіральная пляцоўка дазволіла ўбачыць некранутую прыгажосць з вышыні вершалін  дрэў. Па драўляных прыступках імкліва спускаемся ўніз і вызначаемся з месцам адпачынку.

Дарэчы, менавіта тут сцежка разыходзіцца ў два бакі: 7-кіламетровая ўздоўж возера Глубля і 4-кіламетровая да месца прыпынку “Альшэўскі пляж” і далей да возера Мёртвае. Нашы меркаванні, як і сцежка, разышліся, але ўрэшце прынялі рашэнне атрымаць асалоду ад купання. Вада ў возеры Глубля была халаднаватая, ды гэта не стала перашкодай. Адпачынак на прыродзе, чыстае лясное паветра ў спалучэнні з фізкультурна-спартыўнымі гульнямі — гэта вялікі зарад бадзёрасці, адчуванне поў­най гармоніі душы і цела.

Застаецца дадаць, што нашы супрацоўнікі стараюцца штогод ладзіць цікавыя экскурсіі па родных мясцінах, і не толькі. А гэта спрыяе ўмацаванню фізічнага і маральнага здароўя калектыву.

В. ГІРВЕЛЬ,  бібліятэкар

аддзела бібліятэчнага маркетынгу

цэнтральнай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.