Храм маёй душы


Урачыстая прыгажосць сасновага бору напамінала аб хутка­плыннасці часу, аб непаўторнасці кожнага імгнення нашага жыцця. І з кожным годам маёй сталасці я ўсё больш пільна ўглядаюся ў навакольны свет.

Высока ў выцвілым жні­вень­скім небе плывуць аблокі, падобныя на вялікі статак авечак. Яны плаўна гойдаюцца ў нябеснай плыні, паступова размываючыся ў лёгкія пасмы, знікаючы за вершалінамі дрэў. Я ляжу на шэра-зялёным покрыве ісландскага моху, прысыпанага сасновай ігліцай. Месца сухое, дзьме лёгкі ветрык, ззянне сонечных промняў, прасейваючыся праз галіны дрэў, слепіць вочы чаргаваннем святла і ценю.

Думаю, што і жыццё чалавечае таксама напоўнена святлом і ценямі. Святло — гэта дабрыня нашай душы, і яна, упрыгожаная і ачышчаная добрымі ўчынкамі, вернецца да Стварыцеля. А цені — гэта тое, аб чым іншы раз не хочацца ўспамінаць. Пераменлі­вы лёс пасылае вельмі цяжкія выпрабаванні, калі апускаюцца рукі, калі боль, помста і злосць спусташаюць душу, і ты, слабая і змучаная, шукаеш дарогу да Бога, пакуль адпушчаны табе на гэта час.

І нарэшце прыходзіць асэнсаванне свайго жыцця, калі разумееш, што жыць — гэта значыць любіць, дараваць, прымірацца. Цярпліва ўмацоўваючы малітвай зломлены дух, зазіраеш у сваё сэрца, робячы выснову — мяняць неабходна сябе, а не ўвесь свет. Не трэба шукаць на зямлі ні дасканалай мудрасці, ні вечнага шчасця, таму што іх тут няма.

У зялёным лясным храме на зыходзе лета так добра думаецца. Ціха гойдаюцца высокія сосны, плаўна падае з бяроз жоўтае лісце. У творчай майстэрні прыроды ідзе няспынная праца над восеньскім палатном. А я, асільваючы дарогу жыцця, цераз цемру і разгубленасць, з радасцю і смуткам, чэрпаючы спакой і развагу ў харастве адвечнай плыні пораў года, нясу да Бога працу душы маёй — малітву.

Нэлла ЛОСЬ, няштатны карэспандэнт. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.