Хроніка здарэнняў


За захоўванне і перамяшчэнне

У папярэдняй “Хроніцы здарэнняў” (“ПК” №56 за 20 ліпеня) мы расказвалі, што ў адносінах да адной з жыхарак вуліцы Касманаўтаў у Паставах была ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркатычных сродкаў. 41-гадовая жанчына захоўвала ў сябе дома таблеткі, якія ўтрымліваюць у сваім саставе небяспечнае псіхатропнае рэчыва — феназепам. У ходзе расследавання справы высветліліся новыя абставіны: грамадзянка незаконна перавезла таблеткі праз Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Цяпер ёй давядзецца адказаць у судзе і за перамяшчэнне наркотыкаў.

Распаўсюджваў у сетках парнаграфію

Да 4 гадоў пазбаўлення волі «свеціць» 28-гадоваму жыхару вуліцы Гайдара ў райцэнтры. Супрацоўнікамі РАУС устаноўлена, што ў перыяд з 2009 па 2016 год малады чалавек стварыў групу ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” і апублікаваў там відэазапісы і фатаграфіі парнаграфічнага характару, а таксама размясціў спасылкі на іх на адной з інтэрнэт-старонак. У адносінах да пастаўчаніна ўзбуджана крымінальная справа за распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў.

Да 2 гадоў турмы

У ліпені на аўтадарозе Паставы—Полава супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі РАУС затрымалі 33-гадовага жыхара вуліцы Зялёнай у Паставах, які кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. Нецвярозым мужчыну злавілі за рулём не ўпершыню. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і быў пазбаўлены права кіравання аўтатранспартам. Але, маючы нязнятую і непагашаную судзімасць, зноў сеў за руль. На гэты раз у адносінах да аматара паездак “пад мухай” узбудзілі адразу дзве крымінальныя справы — па ч. 2 арт. 317-1 (кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення) і арт. 417 (невыкананне прыгавору суда аб пазбаўленні права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.