Хроніка здарэнняў


“Баявік” у Паставах

24 ліпеня 32-гадовы непрацуючы жыхар вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах пад уздзеяннем выпітага спіртнога ўявіў сябе героем баевіка. Знаходзячыся на парозе дома №16 па вуліцы Кастрычніцкай, ён сярод белага дня пачаў страляць з пнеўматычнага пісталета па вокнах аднаго з суседніх дамоў. На шчасце, ніхто не пацярпеў, разбіты толькі вокны кватэры. У адваротным выпадку хулігана, які ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, судзілі б па зусім іншым артыкуле.

Трапіў пад трактар

31 ліпеня ў цэнтральную райбальніцу з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам асновы чэрапа быў дастаўлены 30-гадовы пастаўчанін. Устаноўлена, што цялесныя пашкоджанні ён атрымаў у выніку дарожна-транспартнага здарэння. Каля гадзіны ночы на мужчыну, які знаходзіўся на праезнай частцы дарогі ў вёсцы Шыркі, наехаў на трактары “МТЗ” механізатар ААТ “Сцяг Перамогі-агра”. У адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа за парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў. Пацярпелы памёр.

Пацярпелі прадпрыемствы

У ліпені адразу некалькі прадпрыемстваў Пастаўшчыны матэрыяльна пацярпелі з-за зладзеяў. Так, двое новапалачан і жыхар аграгарадка Копці Віцебскага раёна ўкралі з будынка былога спіртзавода “Норыца” філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” медную секцыю брагаперагоннага апарата коштам каля 800 дэнамінаваных рублёў. 70-гадовы жыхар Віцебска разам з 19-гадовым пастаўчанінам знялі 84 лісты шыферу з ангара ПВУП “Аналітык-цэнтр” па вуліцы Вакзальнай у райцэнтры. 17-гадовы жыхар Хаціл вынес з арматурнага цэха ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі” 23 фрагменты металічнай арматуры масай 214 кілаграмаў і коштам больш за 260 рублёў. А 43-гадовы жыхар Пастаў украў з газона на набярэжнай вуліцы Гагарына трымер “STIHL”, які належыць УП ЖКГ. Па ўсіх фактах узбуджаны кры­мінальныя справы, вінаватыя панясуць пакаранне.

“Пагарэлі” на тэхніцы

3 жніўня ў РАУС звярнуўся жыхар Васілін, які паведаміў, што на працягу апошняга тыдня нехта наведаўся ў яго нежылы дом, размешчаны ў гэтай жа вёсцы, і ўкраў карбюратар і завадны сектар са скутара. 11 жніўня з заявай аб прапажы з гаража трымера “HITACHI” ў міліцыю прыйшоў жыхар Муляраў. Хутка праваахоўнікі змаглі ўстанавіць асобы зладзеяў. У першым выпадку ім аказаўся 18-гадовы жыхар аграгарадка Кураполле, у другім — трое жыхароў Мягун, адзін з якіх раней быў асуджаны.

Абрабаваў суседку

4 жніўня 19-гадовы раней судзімы жыхар вёскі Вярэнькі ў стане алкагольнага ап’янення забраўся ў дом суседкі-пенсіянеркі. Мэтай было раздабыць грошай на працяг “банкету”. Але гэтым планам перашкодзіла гаспадыня, якая не захацела аддаць неспадзяванаму “госцю” 50 дэнамінаваных рублёў. Каб завалодаць імі, малады чалавек прымяніў фізічную сілу — схапіў бабулю за шыю. Пасля напа­дзення тая звярнулася ў міліцыю, дзе ў адносінах да грабежніка ўзбудзілі крымінальную справу.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.