Ёсць чым ганарыцца і над чым працаваць

Образование

В. С. Гутараў уручае Падзяку старшыні райвыканкама дырэктару раённага цэнтра дзяцей і моладзі Л. М. Пушкар.

У мінулую пятніцу, 26 жніўня, у раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча прайшла традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя. Як заўсёды, на яе сабраліся кіраўнікі ўсіх устаноў адукацыі раёна, іх намеснікі, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, члены працоўных калектываў. У якасці гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў, яго намеснік Ю. М. Кісялёў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінская, дырэктар ААТ “Паставымэбля”, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Зямчонак і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” І. А. Каралёва.

Канферэнцыя пачалася з прадстаўлення прысутным маладых педагогаў, якія сёлета прыбылі на работу ў наш раён. Іх чацвёра. Гэта дзве выпуск­ніцы Полацкага педагагічнага каледжа Юлія Будзько і Вераніка Лешчык, якія будуць працаваць адпаведна кіраўніком фізвыхавання і выхавальнікам у яслях-садзе №1 г. Паставы, учарашняя студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія Савіч — яна прыступае да работы настаўнікам англійскай мовы ў другой гарадской школе — і выпускніца Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава Анастасія Аляксеева — будучы педагог-арганізатар СШ №5.

Па традыцыі дзяўчатам уручылі кветкі і невялікія падарункі, а намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пастаўскай гімназіі І. В. Гутар выступіла перад імі з прывітальным словам. Яшчэ тры гады назад Ірына Валянцінаўна сама сядзела ў гэтай зале сярод маладых спецыя­лістаў, а сёння яна ўжо пераможца раённага конкурсу “Вопытныя педагогі вырастаюць з маладых”. Настаўніца расказала пра свой шлях у прафесію і станаўленне як педагога, пажадала маладым калегам моцнага здароўя, аптымізму, ажыццяўлення ўсіх планаў і пачынанняў, каб работа прыносіла радасць і натхненне, а яшчэ — працягваць слаўныя традыцыі вопытных педагогаў і горда несці званне настаўніка.

Маладыя спецыялісты Юлія Будзько, Вераніка Лешчык, Юлія Савіч і Анастасія Аляксеева.

Затым пра вынікі і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна прысутным далажыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын. У сваім выступленні Аляксандр Яўгеньевіч спыніўся на асноўных напрамках работы за мінулы навучальны год і задачах на новы.

У адрозненне ад папярэдніх гадоў сёлета ў раёне ўдалося захаваць ранейшую колькасць устаноў адукацыі, якіх, як і летась, 42. Гэта гімназія, 9 сярэдніх, 6 базавых і 1 пачатковая школы, 2 комплексы “яслі-сад—сярэдняя школа”, 4 — “яслі-сад—базавая школа”, 15 дзіцячых садоў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Аптымізацыя закранула толькі Ляхаўшчынскую яслі-сад—базавую школу, якая рэарганізавана ў яслі-сад—пачатковую школу. Частка педагогаў, якія працавалі там, пераведзены на новыя месцы работы.

Радуе, што ўпершыню за апошнія гады ў раёне назіраецца рост колькасці школьнікаў. Калі летась іх было 3526, то ў гэтым навучальным годзе за парты сядуць 3547 хлопчыкаў і дзяўчынак, сярод якіх 373 першакласнікі. На працягу апошніх пяці гадоў павялічваецца і колькасць выхаванцаў дзіцячых садоў. За гэты перыяд іх стала больш на 52. А заўтра сады раёна прымуць яшчэ на 39 дзяцей больш, чым летась, — усяго 1247.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын.

Як заўсёды, у жніўні спецыяльная камісія правярала гатоўнасць устаноў адукацыі Пастаўшчыны да пачатку новага навучальнага года, і ўсе яны атрымалі адпаведныя пашпарты. Дзякуючы кіраўнікам і членам педагагічных калектываў, бацькам і школьнікам, адрамантаваны вучэбныя кабінеты і групы, прыведзены ў парадак прылеглыя тэрыторыі. За бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі ў пастаўскай СШ №1 праведзена замена аконных блокаў і ўстаноўлены кабінет фізікі, у Лынтупскай яслі-сад—сярэдняй школе адрамантаваны дах, а ў гарадскіх яслях-садзе №5 праведзены бягучы рамонт сістэмы водазабеспячэння.

Усе ўстановы адукацыі нашага раёна ўкамплектаваны кадрамі для арганізацыі і якаснага ажыццяўлення адукацыйнага працэсу. У 2015/2016 навучальным годзе ў школах і гімназіі яго ажыццяўлялі 543 педагогі, 486 з якіх маюць вышэйшую адукацыю, 419 — вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі былі заняты 172 педагогі. Сярод іх 71 з вышэйшай адукацыяй, 66 — з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Праблема ў запатрабаваных для раёна спецыялістах паспяхова вырашаецца праз мэтавае навучанне і перападрыхтоўку.  На сённяшні дзень 7 педагагічных работнікаў працягваюць вучыцца па мэтавых накіраваннях, а трое педагогаў летась закончылі навучанне на факультэтах перападрыхтоўкі.

Безумоўна, якасць адукацыі напрамую залежыць ад прафесійнага майстэрства педагагічных і кіруючых кадраў, чаму ў раёне надаецца вялікая ўвага. Так, у 2015 годзе павышэнне кваліфікацыі прайшлі 218 педагогаў, за 6 месяцаў 2016-га — 95. У апошнія гады ўкараняюцца новыя яе формы: дыстанцыйнае навучанне, стажыроўкі, абмен вопытам. Трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту адбываецца таксама на семінарах, праз апублікаванне матэрыялаў у сродках друку.

Асаблівасцю арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў мінулым навучальным годзе стала ўвядзенне профільнага навучання ў старэйшых класах. Ім былі ахоплены 157 дзесяцікласнікаў з 10 школ раёна, або 67% ад іх агульнай колькасці. У прыватнасці, на базе Пастаўскай гімназіі быў арганізаваны профільны педагагічны клас, што садзейнічае фарміраванню прэстыжу прафесіі педагога. Па-ранейшаму дзейнічала сетка факультатыўных заняткаў, у тым ліку міжшкольных. Яны праводзіліся ва ўсіх установах адукацыі на ўсіх ступенях навучання, факультатывы наведвалі 98% школь­нікаў.

Створаная ў школах і пазашкольных установах сістэма творчага развіцця асобы забяспечыла выніковасць ­удзелу навучэнцаў у прадметных алімпіядах, конкурсах, фестывалях, выставах. На трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пастаўскія школьнікі заваявалі сёлета 9 дыпломаў па 4 прадметах, што з’яўляецца адным з лепшых вынікаў сярод сельскіх раёнаў вобласці, 3 дыпломы (2 па беларускай мове і літаратуры і 1 па біялогіі) — на заключным этапе алімпіяды. Гэта адзін з лепшых вынікаў раёна за апошнія 5 гадоў. Атрымалі дыпломы нашы школьнікі і ў абласных інтэрнэт-турнірах, бліц-турнірах па хіміі і біялогіі, абласным этапе фестывалю міжкультурных камунікацый па замежных мовах.

З мэтай фарміравання і развіцця даследчыцкай кампетэнцыі навучэнцаў ва ўстановах адукацыі на ўсіх ступенях навучання арганізавана работа па вучэбна-даследчай дзейнасці. І тут таксама ёсць станоўчыя вынікі і ўзнагароды абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Адным з галоўных паказчыкаў якасці адукацыі з’яўляецца выніковая атэстацыя. Большасць навучэнцаў, якія закончылі 9, 11 класы, паказалі высокі і дастаткова высокі ўзровень ведаў. 19 выпускнікоў школ разам з атэстатамі аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі (у 2014/2015 навучальным годзе іх было 10), 56 (летась — 45) удастоены Пахвальных лістоў за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў, пасведчанні з адзнакай за курс базавай школы выда­дзены 24 дзевяцікласнікам (летась — 15-ці).

Таксама большасць навучэнцаў паспяхова справіліся з іспытамі ў форме цэнтралізаванага тэсціравання і сталі студэнтамі вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў — працэнт паступлення па раёне склаў 55. Прычым больш за палову медалістаў паступілі ў ВНУ на бюджэтную форму навучання. Асаблівы гонар выклікае тое, што выпускніцы Дунілавіцкай яслі-сад—сярэдняй школы Вікторыя Далжонак і Пастаўскай гімназіі Маргарыта Протас набралі максімальныя 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні адпаведна па беларускай мове і гісторыі Беларусі.

Перад сучаснай школай стаіць задача не толькі даць дзецям веды, але і выхаваць іх гарманічна развітымі асобамі, сапраўднымі патрыётамі Радзімы, з якой у раёне паспяхова спраўляюцца. Для навучэнцаў праводзіцца шэраг разнастайных мерапрыемстваў, яны ўцягваюцца ў розныя віды дзейнасці. Прыярытэтнай з’яўляецца работа па фарміраванні прававой культуры, прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх, іх асацыяльных паводзін. І тут вялікую ролю адыгрывае занятасць школьнікаў у вольны ад вучобы час.

Шматграннаму і рознабаковаму развіццю дзяцей і падлеткаў садзейнічае Пастаўскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, у якім з года ў год займаецца ўсё больш хлопчыкаў і дзяўчынак. Так, у мінулым навучальным годзе заняткамі ў 79 аб’яднаннях па інтарэсах цэнтра быў ахоплены 1251 навучэнец, што складае 35,5% ад іх агульнай колькасці. Непасрэдна ў школах арганізаваны 144 аб’яднанні па інтарэсах, якія наведвалі 2046 дзяцей, або 58%. Установамі адукацыі праведзена вялікая работа па развіцці вучнёўскага самакіравання, дзіцячых і маладзёжных сацыяльна значных ініцыятыў, валанцёрскага руху. Пры гэтым выкарыстоўваецца патэнцыял грамадскіх арганізацый БРСМ і БРПА.

Удзельнікі канферэнцыі — педагогі Пастаўшчыны.

Па-ранейшаму актуальным напрамкам застаецца фарміраванне здаровага ладу жыцця. У раёне створана і функцыянуе сістэма фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з навучэнцамі, працуюць 59 спартыўных секцый, якія наведваюць 1312 дзяцей. Пастаўскія школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, займаючы прызавыя месцы. Усяго за перыяд з 2014-га па 2016 год імі заваявана 7 дыпломаў на спаборніцтвах абласнога ўзроўню і 4 — рэспубліканскага. Для захавання і ўмацавання здароўя дзяцей і падлеткаў вялікае значэнне мае работа па арганізацыі летняга адпачынку і занятасці. Як заўсёды, у гэты летні перыяд на Пастаўшчыне дзейнічалі розныя аздараўленчыя і працоўныя лагеры, у якіх набіраліся сіл перад новым навучальным годам 1125 школьнікаў, былі створаны рознаўзроставыя атрады па месцы жыхарства, рамонтныя брыгады, вызначаны месцы індывідуальнага працаўладкавання падлеткаў.

Ёсць поспехі і ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з нядобранадзейнымі сем’ямі, па ўмацаванні матэрыльна-тэхнічнай базы сістэмы адукацыі. У сваім дакладзе А. Я. Кашырын адзначыў многія ўстановы, назваў дзясяткі прозвішчаў іх кіраўнікоў і педагогаў, якія дабіліся выдатных вынікаў у справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення, акрэсліў задачы на новы навучальны год. Галоўнымі з іх з’яўляюцца далейшае павышэнне якасці адукацыі, арганізацыя эфектыўнай дапро­фільнай і дапрафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, захаванне і ўмацаванне здароўя школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў, развіццё інфармацыйнага электроннага асяроддзя ўстаноў адукацыі і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Перад прысутнымі выступілі таксама намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3, дэлегат V Усебеларускага народнага сходу Т. Ф. Крук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Варапаеўскай СШ Т. І. Віршута, дырэктары  гімназіі С. Ч. Каранеўскі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра Н. В. Селіванава. Было дадзена слова і гасцям — старшыні раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараву і дырэктару ААТ “Паставымэбля”, кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаў­нікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Зямчонку. Яны падзякавалі педагогам за самаадданую працу на ніве адукацыі і пажадалі далейшых поспехаў у рабоце. У канцы канферэнцыі кіраўнік раёна і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын уручылі лепшым работнікам сістэмы адукацыі Пастаўшчыны Падзякі старшыні райвыканкама, Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў і аддзела адукацыі, спорту і турызму. А завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам з удзелам навучэнцаў гарадскіх школ.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.