Ёсць першы тысячнік!

Местная власть

У мінулую нядзелю ім стаў маладзёжны экіпаж у складзе камбайнера  Валерыя Ярашэвіча і яго памочніка Антона Міхалевіча з адкрытага акцыянернага таварыства “Хацілы-агра”.

У складаных умовах праходзіць сёлета жніво. Менш ураджайная і хлебная ніва. Калі летась у раёне з улікам насення рапсу і шматгадовых траў ад 1000 да 2000 тон зерня  за ўборачны сезон  намалацілі 46 камбайнераў, то ў гэтым годзе доўгачаканы рубеж пераадолеў пакуль толькі адзін экіпаж. Гэта мінулагоднія пераможцы раённага спаборніцтва Валерый Ярашэвіч і Антон Міхалевіч.

Павіншаваўшы іх  з чарговым працоўным дасягненнем, старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў падкрэсліў, што гэтага дня на Пастаўшчыне чакалі, уважліва сачылі за тым, як,  захапіўшы лідарства з пачатку жніва, маладзёжны экіпаж з аграгарадка Хацілы ўпэўнена ішоў да тысячнага намалоту і тым самым даказаў, што яго папярэднія перамогі не былі выпадковымі. У свае 30 гадоў Валерый (а на камбайне ён шосты сезон) стаў сапраўдным майстрам уборкі, апярэдзіўшы многіх прызнаных камбайнераў Пастаўшчыны.

Пра яго мэтанакіраванасць, працавітасць, уменне дасягаць пастаўленай мэты падчас віншаванняў у полі гаварылі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Васільевіч Чэпік, галоўны спецыяліст аддзела ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Падгайская, першы сакратар райкама БРСМ Іна Каралёва. Перадавому экіпажу былі ўручаны грашовыя ўзнагароджанні раённага выканаўчага камітэта, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Падзячнае пісьмо райсельгасхарчу і райкама прафсаюза работнікаў АПК,  Ганаровая грамата райкама БРСМ і букет кветак.

Раніцай у панядзелак, перад выездам у поле, з намалотам першай тысячы тон Валерыя Ярашэвіча па­віншаваў і ўручыў яму прафсаюзную прэмію дырэктар сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Іосіфавіч Крыштафовіч. Кіраўнік гаспадаркі  не шкадаваў добрых слоў у адрас камбайнераў і вадзіцеляў. Бо толькі дзякуючы майстэрству, настойлівасці, жаданню зрабіць больш і лепш, хацілаўцы і ў сёлетніх складаных умовах лідзіруюць па ўраджайнасці (55 ц/га) і тэмпах уборкі зерневых і зернебабовых (88,7%). Акрамя Валерыя Ярашэвіча, у лідарах ідуць камбайнеры Мікалай Чашун, Мікалай Пабядзінскі, Андрэй Калінскі.  Больш за іншых перавезлі зерня Міхаіл Ярашэвіч, Віктар Дзясятнік, Іван Чашун.

— Летась жніво правялі на адным дыханні — за тры тыдні, — расказваў Валерый Ярашэвіч. — Сёлета хутка будзе месяц, як выехалі на збожжавы палетак. А вось папрацаваць з поўнай аддачай увесь светлавы дзень удавалася не так часта. Нават цяпер, у сонечнае над­вор’е, ёсць участкі, па якіх камбайны па-ранейшаму не праходзяць.

Вырашчаны добры ўраджай даводзіцца ратаваць. Так было пры ўборцы збожжавых у васілінскай і андронаўскай зонах. З поля зерне ад камбайнаў адвозілі толькі на трактарах на адкрытыя пляцоўкі. Адтуль грузілі на аўтамашыны і ў залежнасці ад яго якасці дастаўлялі на сушыльныя комплексы ў Хацілы або Целякі. Дзякуючы такому канвееру, да мінімуму былі зведзены прастоі ўборачных машын. Увогуле, прастоі здараюцца толькі вымушаныя — з-за непагадзі або моцна пераўвільготненай глебы, бо машынна-трактарны парк гаспадаркі забяспечаны ўсім неабходным. У Хацілах не ведаюць, што такое дэфіцыт паліва, змазачных матэрыялаў або запасных частак.

Каменціруючы ход уборачных работ, старшыня райвыканкама В. С. Гутараў падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, выкліканыя дажджлівым надвор’ем, наш раён па тэмпах і ўраджайнасці ўваходзіць у першую пяцёрку раёнаў вобласці. Хаця паказчыкі і ніжэйшыя за мінулагоднія, на ўчарашні дзень зерневыя і зернебабовыя ўжо ўбраны на 74,5% планавай плошчы, валавы намалот перавысіў 42 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 31,5 цэнтнера з гектара. Але сёння пра канчатковыя вынікі гаварыць яшчэ рана. Няўбранай застаецца пятая частка планавай плошчы зерневых. Таму трэба прыкласці ўсе намаганні, каб без страт убраць вырашчанае, мець насенне, фураж, зерне для абменных аперацый. Нашы кадры — кіраўнікі, спецыялісты, радавыя працаўнікі — неаднаразова даказвалі, што яны ўмеюць працаваць у самых складаных умовах. Верыцца, што годна будзе вытрыманы экзамен і на хлебнай ніве.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.