Ёсць умовы для кар’ернага росту

Общество

У Пастаўскую цэнтральную раённую бальніцу прыехалі маладыя спецыялісты. Да работы прыступілі 12 выпускнікоў Віцебскага, Гродзенскага і Беларускага дзяржаўных медыцынскіх універсітэтаў. Адзін з іх (правізар) у бальнічнай аптэцы працуе ўжо з лютага, астатнія занялі розныя пасады з 1 жніўня.

Першыя рабочыя месцы атрымалі тры педыятры (2 — у офісе ўрачоў агульнай практыкі ў 5 гарадку, 1 — у дзіцячай кансультацыі паліклінікі ЦРБ), тры тэрапеўты (1 — у офісе ўрачоў агульнай практыкі ў мікрараёне будаўнікоў, 2 — у паліклініцы ЦРБ), гінеколаг (у жаночай кансультацыі), рэнтгенолаг і псіхіятр-нарколаг (ЦРБ). Урачом агульнай практыкі папоў­ніўся штат Лынтупскай участковай бальніцы, хірургам — хірургічнае аддзяленне ЦРБ, а яшчэ адзін урач-хірург у хірургічнае аддзяленне ЦРБ прыедзе 1 кастрычніка, пасля завяршэння інтэрнатуры. Дарэчы, на базе ЦРБ на працягу года яе будуць праходзіць два будучыя тэрапеўты, пасля чаго тут прыступяць да самастойнай працы.

— Маладых медыкаў прадставілі на ўрачэбнай планёрцы, а традыцыйнае ўшаноўванне запланавана на пачатак верасня, і яно пройдзе на агульным сходзе працоўнага калектыву, — адзначыў галоўны ўрач УАЗ “Пастаўская ЦРБ” Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. — Прыемна, што амаль усе — пастаўчане. У ВНУ працягваюць вучобу яшчэ 54 чалавекі, таксама ўра­джэнцы нашага раёна. Спадзяюся, пасля вучобы яны да нас вернуцца, бо многія з іх паступалі па мэтавым накіраванні. А ўрэшце гэта пасадзейнічае абнаўленню кадраў. Адміністрацыя ўстановы максімальна ўлічыла пажаданні выпускнікоў. За імі замацаваны вопытныя медыкі. Шмат увагі надаём другаснай спецыялізацыі, і з самага пачатку працоўнай дзейнасці будзем пасылаць маладых медыкаў на вучобу. Адным словам, створаны ўсе ўмовы для іх кар’ернага росту.

Акрамя таго, у медустановы Пастаўшчыны накіраваны 12 выпускнікоў Аршанскага, Віцебскага і Полацкага медыцынскіх каледжаў. З іх два — загадчыкамі Старадворскага і Вярэнькаўскага ФАПаў, па адным — памочнікамі ўрача ў Парыжскую бальніцу сястрынскага догляду і ў офіс урачоў агульнай практыкі ў 5 гарадку, а таксама медсёстрамі ў Камайскую ўчастковую бальніцу, у аддзяленне ўрачоў агульнай практыкі і педыятрычнае аддзяленне паліклінікі ЦРБ, тэрапеўтычнае, неўралагічнае, хірургічнае і наркалагічнае аддзяленні ЦРБ.

Галіна ПІШЧ.  

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.