Зачаравалі Мір і Нясвіж


Многія імкнуцца пабываць у вандроўках за мяжой. Але колькі прыгожых месцаў ёсць і ў нашай Беларусі! Для прыкладу — Мір і Нясвіж.

Нядаўна па ініцыятыве старшыні раённа        га аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкай была арганізавана экскурсійная паездка ў гэтыя гарады, у якой удзельнічалі члены прафсаюза з АБП “Рассвет Пастаўскі”, цэнтральнай раённай бальніцы, іншых арганізацый і ўстаноў раёна, члены грамадскага аб’­яднання “БРСМ”, ветэраны працы.

Мірскі замак — старажытная крэпасць з масіўнымі сценамі — сапраўды казачнае збудаванне. Экскурсія па ім адкрывае тое, у якіх умовах жылі сярэдневяковыя феадалы і іх нашчадкі. Мы пабывалі не толькі ў залах, але і на вежах-байніцах, якія злучаюцца паміж сабой пераходамі, спускаліся ў турэмную камеру. У вежах размешчаны зброя і даспехі. Лесвіцы вузкія і крутыя, ісці па іх можна толькі па адным. З вежаў адкрываецца цудоўны від на наваколле.

Даўно марыла пабываць у палацава-паркавым комплексе Нясвіжа. Гэты невялікі ўтульны гарадок раней называлі паўночным Парыжам. Тут да 1939 года жылі Радзіві­лы — адзін з буйнейшых арыстакратычных родаў. Сваёй прыгажосцю і аддзелкай замак можа канкурыраваць з каралеўскімі палацамі іншых краін. Захапляе ўсё: незвычайная столь зорнай залы, дэкарыраваныя дрэвам сцены і партрэты нашчадкаў Радзівілаў у каміннай зале, стылізаваная пад антычнасць белая, багатае ўбранства залатой, спальні каралёў, знакамітыя слуцкія паясы з радзівілаўскай мануфактуры, калекцыя зброі, паляўнічыя трафеі, прыгожы раяль. Дух займае ад раскошы бальнай залы.

А як хораша прайсціся па ра­дзівілаўскім парку! Уражваюць не толькі рэдкія дрэвы, але і вадаёмы, сажалкі, рачулкі, на якіх плавае шмат качак. Можна выйсці на спецыяльна абуладкаваныя астраўкі і адпачыць. Для перасячэння рачулак ёсць непаўторныя мосцікі. Камяні з надпісамі на лацініцы, прыгожыя скульптуры і многае іншае выклікаюць сапраўднае захапленне.

У Міры і Нясвіжы шмат турыстаў. Мы сустрэлі некалькі груп з Кітая і Японіі. У маладосці мне давялося пабываць у Венгрыі, Югаславіі, Кіеве, Ленінградзе. Лічу, што ў першую чаргу варта ведаць свой край. Таму такія экскурсіі вельмі карысныя і цікавыя. Не пакідае гонар за нашу краіну, яе кіраўніцтва, якое клапоціцца пра захаванне і адра­джэнне гісторыі. І Мірскі, і Нясвіжскі замкі падчас войнаў былі часткова разбураны, у некаторых будынках размяшчаўся ваенны шпіталь, затым — санаторый. У 2002 го­дзе ў Нясвіжскім замку здарыўся пажар. Зараз памяшканні адрэстаўраваны, ім вернуты першапачатковы выгляд. Цяжка ўявіць, колькі сіл і працы ўклалі ў гэту справу нашы архітэктары, мастакі, будаўнікі, і па крупінках аднаўлялі гістарычныя аб’екты. Да паслуг экскурсантаў добра развітая сэрвісная структура.

Няблізкая дарога, спякотнае ў той дзень надвор’е крыху стамілі. Але нішто не можа прытупіць уражанні. Перабіраю ў памяці ўбачанае і пачутае, у чарговы раз захапляюся ўсім і мару пра новую экскурсію ў якое-небудзь цікавае месца Беларусі.

А. БАРЫСАВА, ветэран працы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.