Загінулі ў агні


Адразу два жыцці абарваліся ў мінулую нядзелю, 14 жніўня, у вёсцы Шурпікі падчас пажару дома, у якім пражывалі бацька з 9-гадовай дачкой — інвалідам 3-яй групы. У той дзень у госці да гаспадара прыехаў знаёмы, які прывёз спіртное. Выпіўшы, мужчыны вырашылі прылегчы адпачыць…

Першымі дым з вокнаў дома ўбачылі будаўнікі, якія працавалі на тэрыторыі суседняга домаўладання. Адзін з іх стаў тэлефанаваць у райаддзел па надзвычайных сітуацыях, а двое іншых, выламаўшы ўваходныя дзверы, выцягнулі на вуліцу гаспадара, які ляжаў на падлозе каля дзвярэй (пазней мужчыну прывялі да прытомнасці медыкі). Яшчэ раз зайсці ў дом з-за моцнага задымлення будаўнікі не змаглі.

Калі на месца выкліку прыбылі падраздзяленні Пастаўскага і Мядзельскага РАНС, будынак быў ахоплены полымем, у ім часткова абваліліся дах і столевае перакрыцце. Шанцаў выжыць у дачкі гаспадара і яго знаёмага не было. Труп дзяўчынкі знайшлі на канапе на кухні, 45-гадовага непрацуючага — на падлозе ў калідоры.

Зараз устанаўліваецца прычына пажару. Разглядаюцца версіі неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні і парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

Алена Шапавалава.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.