Жыццё і лёсы людзей і ёсць гісторыя гарадка

Местная власть

Былыя авіятары з флагам ваенна-паветраных сіл.

Гэта свята стала традыцыйным. Яно прыходзіць да жыхароў мікрараёна вуліцы Зялёнай у жніўні і, звычайна, прымяркоўваецца да Дня ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь. Не стаў выключэннем і бягучы год.

Менавіта дзякуючы ваеннай авіяцыі, больш за шэсць дзесяцігоддзяў назад у Паставах з’явіліся гэты гарадок і аэрадром, дзе дыслацыраваліся два авіяцыйныя палкі. Са службай і працай у іх звязаны жыцці і лёсы тысяч афіцэраў, прапаршчыкаў і салдат, цывільнага насельніцтва. Па сённяшні дзень у мікрараёне пражываюць дзясяткі  ветэранаў-авіятараў, іх сем’і. Пра сябе яны нагадалі, прыйшоўшы на свята з флагам ваенна-паветраных сіл. Лунаў ён і над палаткай, якую разбілі ў сасонніку ваеннаслужачыя першага радыётэхнічнага цэнтра 49-й радыётэхнічнай брыгады, для якіх Дзень ваенна-паветраных сіл сучаснай беларускай арміі таксама з’яўляецца прафесійным святам. Сёлета яно асаб­лівае, бо 1 лістапада спаўняецца 20 гадоў, як асабовы склад  гэтай  часці ўпершыню заступіў на баявое дзяжурства, якое пільна нясе па сённяшні дзень, забяспечваючы ахову Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы. Успамінамі пра службу ў важнейшым падраздзяленні Узброеных Сіл краіны падзяліўся на свяце яго былы камандзір падпалкоўнік запасу Сяргей Барысавіч Вшыўкаў. Прысутныя з цікавасцю праслухалі аповед вядучай Таццяны Кухальскай пра сённяшнія справы ваеннаслужачых цэнтра, з задавальненнем пачаставаліся салдацкай кашай і чаем.

Са святам гарадка, Днём ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь яго жыхароў, былых і цяперашніх ваеннаслужачых па­віншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў. Ён гаварыў пра тое,  што ў шостага гарадка вялікая будучыня. Гэты мікрараён сёння з’яўляецца галоўнай будаўнічай пляцоўкай райцэнтра. Тут здадзены ў эксплуатацыю першы 60-кватэрны жылы дом, вядзецца будаўніцтва яшчэ аднаго такога ж. У перспектыве — узвядзенне дамоў на 40, 60 і 80 кватэр. На сродкі абласнога бюджэту плануецца пабудаваць дзіцячы сад. Генеральным планам прадугледжана многае іншае, што з цягам часу зробіць гэты куток райцэнтра сучасным і добраўпарадкаваным, дзе будзе жыць шмат маладых сем’яў з дзецьмі.

Прыбавіцца клопатаў і ў работнікаў жыллёва-камунальнай службы, якія ў асноўным забяспечваюць бытавыя патрэбы жыхароў мікрараёна ў падачы цяпла, вады, падтрымліваюць чысціню і парадак. Вялікая заслуга ў гэтым брыгады па комплекснай уборцы і санітарыі, участкаў сантэхнікаў і каналізацыйна-водаправоднай службы, якія ўзначальваюць адпаведна Тамара Аляксандраўна Вяль, Аляксандр Аркадзьевіч Шырокі, Аляксандр Іванавіч Пупкевіч. Ім, а таксама слесару кацельні Сяргею Віктаравічу Лібікаву намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП ЖКГ Міхаіл Ананьевіч Кабайла ўручыў на свяце салодкія падарункі — тарты.

Салодкія падарункі — работнікам УП ЖКГ.

У мікрараёне шостага гарадка развітая гандлёвая сетка мага­зінаў розных форм уласнасці. З асаблівым задавальненнем жыхары наведваюць “Раніцу” малочнага завода, “Азёрны” райспажыўтаварыства, ваенгандаль “Маладзечнаваенсэрвісу”, гандлёвыя кропкі прадпрымальнікаў. У іх адрас, а таксама работнікаў паштовага аддзялення, паслугі якога таксама запатрабаваныя,  на свяце прагучала нямала ўдзячных слоў.

Цёплым атрымаўся расказ пра сярэднюю школу №3. У мінулым годзе яна адзначыла свой 60-гадовы юбілей. На свяце былі прыгаданы асноўныя вехі слаўнай гісторыі навучальнай установы. Сваімі ўспамінамі іх дапоўніла адна з першых вучаніц На­дзея Канстанцінаўна Кір’якова, якая разам з сям’ёй (бацька быў ­удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, ваенны лётчык) пераехала ў Паставы ў 1955 годзе і засталася тут назаўжды. Па сённяшні дзень Надзея Канстанцінаўна падтрымлівае сувязі з былымі аднакласнікамі, якіх асабліва шмат у Расіі,  па магчымасці сустракаецца з імі, ганарыцца тым, што ва ўсіх іх захаваліся яркія ўспаміны пра наш горад і школу. А яе педагагічны калектыў, які  з 2010 года ўзначальвае Уладзімір Часлававіч Койра, па праву ганарыцца сваімі цяперашнімі выхаванцамі. Іх на свяце прадстаўлялі выпускнікі сёлетняга года — залатая медалістка, студэнтка медыцынскага ўніверсітэта Крысціна Барынава і навучэнец аднаго са сталічных фінансавых каледжаў Уладзіслаў Касцень, а таксама адзінацца­цікласніцы — сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ школы, старшыня Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў  Кацярына Мацюшонак і актыўная ўдзельніца грамадскага жыцця, салістка і спартсменка Луіза Дунец. Яны з’яўляюцца годнымі прадстаўнікамі цяперашняга маладога пакалення, за якім будучыня Беларусі.

Мнагадзетная сям’я Падгайскіх.

Свята гарадка адметнае тым, што многія яго жыхары па-новаму адкрываюць для сябе знаёмых і суседзяў. Некалькі цікавых, запамінальных сустрэч адбылося і на гэты раз. Дынастыю ўрачоў Васюковіч (Таццяну Генадзьеўну і  Мікалая Іванавіча) прадстаўлялі іх сын урач-рэаніматолаг цэнтральнай райбальніцы Генадзій і нявестка Валерыя, якая працуе фармацэўтам. Маладзейшыя Васюковічы прафесійна і цікава адказвалі на пытанні вядучай, паказалі сябе добрымі спецыялістамі, якія абралі прафесію медыка свядома, як і бацькі, любяць і цэняць яе.

46 гадоў разам Анатолій Іосіфавіч і Раіса Уладзіміраўна Собаль, якія маюць вялікі працоўны стаж, выхавалі траіх дзяцей. Шмат новага і добрага прысутныя даведаліся пра гэту вялікую і дружную сям’ю, якой па-добраму можна пазайздросціць і парадавацца адносінам паміж бацькамі, дзецьмі і ўнукамі. 1 верасня яны абавязкова збяруцца разам, каб павіншаваць бацьку і дзядулю  Анатолія Іосіфавіча з 70-годдзем з дня нара­джэння.

Не без хвалявання падымаліся на сцэну Віктар Віктаравіч і Марыя Аляксандраўна Грусліс, якія разам крочаць па жыцці 55 гадоў. Рознае  здаралася, але яны змаглі захаваць цёпло, трапяткія адносіны паміж сабой, ласку і дабрыню, лічаць, што маладыя, перш чым стаць самастойнымі, абавязкова павінны прайсці школу сумеснага жыцця з бацькамі, пераняць ад іх усё лепшае.

Вядучая Таццяна Кухальская прадстаўляе Віктара Віктаравіча і Марыю Аляксандраўну Грусліс.

Адной з добрых традыцый свят вуліц і мікрараёнаў  з’яўляецца ўшаноўванне самага маленькага па ўзросце жыхара. Сёлета ім стала дзяўчынка Мілена, якая, на вялікую радасць бацькам Дзмітрыю і Наталлі Межан, нарадзілася 11 жніўня. Ёй пажадалі светлых сонечных дзён, моцнага здароўя, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця.

Апладысментамі і найлепшымі пажаданнямі прысутныя віталі Дзмітрыя  і Святлану Падгайскіх і іх чацвярых дзяцей Да­нілу, Андрэя, Лізу і Кацюшу, маладую пару Паўла і Вікторыю Юхно, якія згулялі вяселле ўсяго два тыдні назад.

Дзмітрый і Наталля Межан з дачушкай Міленай.

На памяць аб сустрэчы ўсім яе героям былі ўручаны падарункі, прадастаўленыя  спонсарамі. Прысутных на свяце віталі народная эстрадная група “25 плюс-мінус” і іншыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Расказы і знаёмствы, якія падрыхтавала і правяла вядучая, супрацоўніца раённага Дома культуры Таццяна Кухальская, дапоўнілі выступленні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Працавалі гандаль, гульнёвыя пляцоўкі для дзяцей.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.