Жыві, вёсачка!


Жыхары і госці вёскі.

У кожнага чалавека ёсць свая родная мясціна, дзе ён нарадзіў­ся, зрабіў свой першы крок у жыцці. Маёй маленькай радзімай з’яўляецца вёсачка Свідна. Вельмі шкада, што з кожным годам яна старэе. Зараз засталіся толькі 34 жыхары (раней было больш за 150). Але і цяпер яна жыве сваімі пастаяннымі клопатамі. Вясной п’яняць квеценню сады, улетку заварожваюць прыгажосцю кветкі, восенню даносіцца водар спелых яблыкаў, ігруш. А зімой вёсачка ненадоўга замірае і набіраецца сіл да вясны. Як толькі растае лёд, яе абуджае гул матораў — гэта рыбакі едуць на наш знакаміты вадаём вудзіць карасікаў.

31 ліпеня  наша Свідна ажыло і памаладзела. Сюды з канцэртнай праграмай з нагоды свята вёскі завіталі самадзейныя артысты Дунілавіцкага СДК, а таксама старшыня Дунілавіцкага сельскага Савета Ганна Альбінаўна Мацюшонак. Яна павіншавала ўсіх прысутных са святам і падзякавала за парадак і чысціню каля дамоў, пажадала, каб вёска яшчэ больш прыгажэла.

Выступаюць самадзейныя артысты Дунілавіцкага СДК.

Ужо з першых слоў вядучай Іны Русецкай стала зразумела: сустрэча абудзіць душы і сэрцы. Вельмі хораша і пранікнёна спявалі Наталля Танана, Іна Русецкая, Людміла Здраеўская, Ларыса Рабава, Любоў Касарэўская. Артысты не пакінулі без увагі ніводнага жыхара вёскі. Для кожнага знайшліся словы ўдзячнасці, падтрымкі. Усім былі адрасаваны музычныя падарункі.

На свяце ўшанавалі самую старэйшую жыхарку вёскі Алену Маісееўну Яловік і павіншавалі яе з 90-гадовым юбілеем. Атрымалі віншаванні і падарункі і іншыя юбі­ляры. Душэўныя песні вярнулі ў юнацтва, ускалыхнулі ўспаміны пра першае каханне, якое ніколі не забудзецца, расчулілі да слёз. Са словамі падзякі артыстам ад імя жыхароў вескі звярнулася Юзэфа Іосіфаўна Краско. А колькі цудоўных песень і частушак яна праспявала, павесяліўшы ўсіх нас! На свята завіталі госці з Гліншчыны, і ім  быў адрасаваны музычны падаранунак.

Юзэфа Іосіфаўна Краско дзякуе артыстам.

Ад шчырага сэрца выказваем найвялікшую  падзяку загадчыцы Дунілавіцкага СДК Наталлі Танане і ўсім артыстам, а таксама старшыні Дунілавіцкага сельскага Савета Ганне Альбінаўне Мацюшонак за цудоўнае свята і будзем чакаць яго кожны год.

А. ШАРАБАЙКА, в Свідна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.