Брыльянты іх пачуццяў


Прызнаюся ў няправільнасці сваіх эмоцый, што прыйшло з гадамі. Дык вось, калі бачу раскошны вясельны картэж, які “наразае” кругі па горадзе, мяне не ахоплівае ўсеабдымная радасць, а прыходзіць задуменне: ці назаўсёды ствараецца сям’я? Можа, праз год-другі толькі ўспаміны застануцца ад эйфарычнага вясельнага тлуму, а маладажоны разбягуцца ў розныя бакі (колькі такіх прыкладаў!). А вось калі сустракаю пары залатога ўзросту, многія з якіх ведаю асабіста, вельмі цешуся імі і па-добраму зайздрошчу — яны пранеслі свае пачуцці праз дзесяцігоддзі.

Менавіта такая пара — Уладзімір Іванавіч і Зінаіда Іванаўна Капішнікавы з аграгарадка “Навасёлкі”, якія сёння адзначаюць брыльянтавае вяселле. 60 гадоў таму ў іх не было ні асляпляльных убораў, ні святочнага картэжа машын, ні сотні гасцей, а ЗАГС сустрэў… замком на дзвярах. Але не з таго дзясятка быў мала­дзенькі курсант ваеннага вучылішча, каб адступіць перад нечаканай перашкодай і вярнуцца на вучобу пасля кароткай пабыўкі дома, не зарэгістраваўшы шлюб з любай дзяўчынай. Тым больш нібы нара­дзіўшыся на свет у другі раз.

Да 1956 года Валодзя вучыўся ў Энгельскім лётным вучылішчы, шмат лятаў. Але перад самым выпускам адбылася трагедыя. У небе над Варонежам на кантрольным вылеце знаходзіліся тры экіпажы. У кожным самалёце па 250 кілаграмаў бомбаў. З-за моцнага туману ўзніклі праблемы з пасадкай. Два самалёты разбіліся, загінула шэсць членаў экіпажаў. Трэці, дзякуючы  прадпрымальнасці пілота Капішнікава, прызямліўся паспяхова. Але ён сам атрымаў цяжкую траўму. Два тыдні знаходзіўся ў шпіталі беспрытомны, потым пайшоў на папраўку. Праз тры месяцы яго выпісалі і не камісавалі. Але лятаць больш не мог — трагедыя, што адбылася з яго нябеснымі сабратамі, назаўсёды пасяліла ў душы страх. З дазволу міністра абароны перавёўся ў Маскоўскае авіяцыйнае вучылішча сувязі. І яго далейшае жыццё было звязана з арміяй і авіяцыяй, але ўжо не ў небе, а на зямлі.

Прыехаўшы да Капішнікавых напярэдадні іх брыльянтавага вяселля, мне, безумоўна, хацелася больш пачуць пра іх сямейныя стасункі, але Уладзімір Іванавіч скіроўваў размову ў асноўным на службу, а Зінаіда Іванаўна замілавана глядзела на мужа, падтаквала яму і, напэўна, успамінала ўвесь шлях, што прайшлі поруч.

Пасля заканчэння вучылішча Уладзіміру прапанавалі працаваць з курсантамі, стаць камандзі­рам узвода. Але яго больш вабіла тэхніка. Служыць накіравалі ў Беларусь. У 1958 годзе прыехалі ў Паставы. Тут, у авіяцыйным палку, праслужыў да 1969-га, завочна закончыў Харкаўскую ваенную акадэмію. А калі полк расфарміравалі, давялося перавесціся ў Відзы.

Вось што ўспамінае пра той час старэйшая дачка Капішнікавых Людміла: “Ніхто вялікай радасці ад жыцця ў глухім лясным кутку не адчуваў, але пакрысе прывыклі. Цеплілі печкі, вазілі дзяцей у школу за 10 кіламетраў, жонкі ваеннаслужачых часта не мелі работы. Маме пашанцавала — уладкавалася прадаўцом у салдацкай лаўцы. Кожны чацвер у любое надвор’е за 50 кіламетраў ездзіла па тавар у Пастаўскі ваенгандаль, прычым у кузаве грузавой машыны, бо ў адпаведнасці з інструкцыяй у кабіне павінен быў знаходзіцца афіцэр. Тата за кожную такую паездку мамы вельмі хваляваўся”.

У Відзах Уладзімір Іванавіч захапіўся паляваннем і рыбалкай і без прыроды ўжо не ўяўляў свайго жыцця. Пазней, пры чарговых пераездах, заўсёды разглядаліся тры неабходныя ўмовы: кватэра, гараж і лес паблізу (муж і жонка і зараз, у паважаным узросце, выязджаюць на сваёй машыне ў лес у грыбы, любяць прагулкі на свежым паветры).  У 1977 го­дзе расфарміравалі часць і ў Відзах. Капішнікаў выйшаў у адстаўку. Сябры “перацягнулі” сям’ю у Даўгаўпілс. Нарэшце збылася мара Зінаіды Іванаўны пра санвузел і кухню з гарачай вадой.

Даўгаўпілскі перыяд стаў самым росквітным у гісторыі сям’і. Уладзімір Іванавіч захоплена працаваў у навукова-даследчай лабараторыі вышэйшага авіяцыйнага вучылішча, на яго рахунку больш за сотню вынаходніцтваў. Знайшла сабе прымяненне і Зінаіда Іванаўна — уладкавалася машыністкай на заводзе. Выйшлі замуж абедзве дачкі: Людміла — у Мінску (неўзабаве ў яе нарадзілася дзяўчынка), а Ірына — у Латвіі. Здавалася, лепшага і жадаць не варта. Але чакала горшае. Пасля распаду СССР і парада суверэнітэтаў нядаўніх брацкіх рэспублік у Латвіі пайшла прапаганда супраць былых ваенных і ўвогуле рускіх. Такая абстаноўка напружвала, і Капішнікавы прынялі рашэнне вярнуцца ў Беларусь.

З дапамогай сяброў абуладкаваліся ў знакамітым калгасе імя Суворава, атрымалі ў Навасёлках-1 кватэру. Уладзімір Іванавіч стаў калгасным сувязістам. Акрамя абслугоўвання тэлефоннага вузла, адказваў за сувязь па калгасе: старшыня, 120 машын, 58 радыёстанцый павінны былі быць даступнымі ў любую хвіліну. Устанаўлівалі і сувязь праз спадарожнік.

Жыццё наладзілася яшчэ на адным новым месцы. Але зноў — выпрабаванне. Падкасіў інсульт, праз год — другі. У 1997 годзе па стане здароўя работу мусіў пакінуць.

— Такое шчасце, што ў нас ёсць цудоўны доктар, — гаварыў Уладзімір Іванавіч. — Васілій Раманавіч Сівіцкі мяне і лечыць, і абнадзейвае, і аптымізм усяляе. Вельмі ўваж­лівая і клапатлівая медсястра Ала Мар’янаўна Сукманава. Яна ўжо неаднойчы па тэлефонным званку прыбягала нават ноччу і ратавала ад гіпертанічнага крызу. Вельмі ўдзячны нашым медыкам.

Гады не дадалі здароўя і Зінаідзе Іванаўне. Але як важна, што яны разам. Зноў паслухаем дачку Людмілу: “Мама, якая прывыкла, што ў сям’і тата — галоўны, заўсёды прыстасоўвалася да ўмоў, у якія трапляла, і вельмі рэдка на што-небудзь наракала. Заўсёды крыху раўнавала тату, але вельмі мякка. Здаралася, агледзіць яго з любоўю і ўздыхне: “Знойдзеш сабе маладзенькую”. На што у чарговы раз пачуе: “Ніхто, мамулечка, акрамя цябе, мне не патрэбны”. Ім па 80 з хвосцікам, а яны па-ранейшаму жартуюць, цалуюць адно аднаго, клапоцяцца. У мамы страчваецца памяць, але яна дакладна ведае, хто павінен знаходзіцца з ёй побач, з кім засынаць і прачынацца, каго карміць і для каго жыць. А тата па гадзінах дае ёй і прымае сам таблеткі, чытае медыцынскую літаратуру, “лезе” ў камп’ютар, разбіраецца ў інструкцыях, дапамагае сабе і маме трымацца ў форме”.

Малодшая дачка Капішнікавых Ірына жыве з мужам у Германіі і не можа наведвацца да бацькоў часта. А вось Людміла прыязджае з Мінска кожны тыдзень і дапамагае ўсім, чым можа. Колькі ў яе расказе пра бацькоў цеплыні, любові, заклапочанасці і ўдзячнасці! Дачка справядліва лічыць, што адносіны яе таты і мамы адно да аднаго асаблівыя. “Мы амаль ніколі не чулі ад бацькоў слова “каханне”, — прызнаецца. — Затое заўсёды бачылі яго ў іх вачах і ўчынках”.

Хіба гэта не галоўнае?

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Капішнікавых.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.