“Чакаем усіх і ў любы час”


Разам са школамі і дзіцячымі садамі 1 верасня расчыніў дзверы для юных пастаўчан і раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Як адзначылі тут пачатак новага навучальнага года? Што зменіцца сёлета ў рабоце цэнтра? Наколькі педагогам удаецца задаволіць адукацыйныя запыты навучэнцаў? Пра гэта і іншае  — у інтэрв’ю  з дырэктарам РЦДМ Л. М. ПУШКАР.

— Леакадзія Міхайлаўна, стала ўжо традыцыяй, што ў першыя дні восені вы праводзіце для дзяцей і іх бацькоў дзень адчыненых дзвярэй. Як ён прайшоў сёлета?

— Як заўсёды, з вялікай колькасцю наведвальнікаў. Увогуле, свят было два. Адно — 1 верасня ў цэнтры, дзе мы арганізавалі для гасцей майстар-класы па розных напрамках дзейнасці, гульнёвыя праграмы, дэманстравалі слайд-фільмы пра работу ўстановы. А 4 верасня дзень адчыненых дзвярэй правялі ў горадзе. У скверы на плошчы Леніна ўсе жадаючыя таксама маглі прыняць удзел у майстар-класах, працавалі кансультацыйныя пункты, інфармацыйныя, канцэртныя і гульнёвыя пляцоўкі. Акрамя таго, у гэтыя дні педагогі сустракаліся з дзецьмі ў школах, расказвалі, чым займаюцца гурткоўцы, паказвалі іх работы, дэманстравалі дасягненні.

— А калі пачаліся заняткі па праграмах?

— Групы другога, трэцяга і чацвёртага гадоў навучання прыступілі да іх 1 верасня. Тыя ж, якія набралі сёлета, — 10-га. На працягу многіх гадоў, перш чым адкрыць тую ці іншую групу, мы вывучаем запыты дзяцей — высвятляем, што ім цікава. З гэтай мэтай у канцы кожнага навучальнага года праводзім анкетаванне. Размаўляем і з бацькамі навучэнцаў. Яшчэ адным важным крытэрыем пры фарміраванні груп з’яўляецца наяўнасць прафесійна падрыхтаванага педагога па дадзеным профілі і неабходнай матэрыяльнай базы.

— Колькі ўсяго груп сфарміравана на сённяшні дзень?

— 74, у іх згодна з пададзенымі заявамі прынята 1135 чалавек. 6 груп будуць працаваць на платнай аснове і 2 — на даму, па месцы жыхарства дзяцей з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі. Профілі самыя розныя: мастацкі (сюды ўваходзяць харэаграфія, эстрадны вакал, ігра на гітары і духавых інструментах, розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва), экалагічны (дэкаратыўны, ландшафтны і інтэр’ерны дызайн, работа з саломай і прыродным матэрыялам, лесаводства і даследаванне навакольнага свету), спартыўны (шашкі, шахматы), спартыўна-тэхнічны (картынг, аўтамотаспорт, канструяванне), грамадска-гуманітарны (вывучэнне польскай мовы) і турысцка-краязнаўчы.

Асноўная маса дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах адкрыта на базе РЦДМ. На жаль, з-за таго, што будынак маладзёжнага цэнтра “Юнацтва” ў мікрараёне 6 гарадка патрабуе рамонту, заняткі там сёлета праводзіцца не будуць. Усе гурткі “перасяліліся” ў СШ №3 (у “Юнацтве” застаўся толькі педагог-арганізатар па арганізацыі культурна-масавай работы ў мікрараёне). Дзякуй адміністрацыі школы за тое, што прадаставіла памяшканні. Аб’яднанні па інтарэсах працуюць таксама на базе іншых гарадскіх школ і ў буйных сельскіх. Дарэчы, сёлета па жаданні навучэнцаў Лынтупскай СШ мы адкрылі новы гурток “Юны пагранічнік”.

— Якія аб’яднанні па інтарэсах асаб­ліва папулярныя ў дзяцей?

 

— Тыя, дзе можна нейкім чынам праявіць, паказаць сябе. Больш за ўсё жадаючых займацца харэаграфіяй. У гэтым навучальным годзе прыйшлі абсалютна ўсе дзеці, якія наведвалі заняткі па танцах на працягу апошніх гадоў. Давялося нават адкрываць платныя падрыхтоўчыя групы для навічкоў. Вялікі наплыў дзяцей і на эстрадны вакал. Радуе, што ў апошні час інтарэс да спеваў актыўна праяўляюць хлопчыкі. Папулярныя таксама шахматы, картынг, ігра на гітары, мастацкі роспіс, работа з прыроднымі матэрыяламі.

Напрамкі дзейнасці традыцыйныя, але мы пастаянна ўдасканальваем адукацыйныя праграмы аб’яднанняў, уводзім новыя тэхнікі, напрамкі, сучасныя элементы. З наступнага года плануем арганізаваць навучанне на павышаным узроўні для тых дзяцей, якія атрымалі базавую падрыхтоўку — наведвалі аб’яднанне па інтарэсах на працягу трох гадоў, — з выдачай ім сертыфікатаў дзяржаўнага ўзору аб заканчэнні нашай навучальнай установы. Думаю, на павышаны ўзровень вый­дзем па харэаграфіі, шахматах, рабоце з саломай, авангарднай модзе і выяўленчым мастацтве.

— Зараз ва ўсёй краіне вялікім попытам у бацькоў карыстаюцца так званыя школы ранняга развіцця.

— І пастаўчане не выключэнне. У нашым цэнтры гэта школа паспяхова працуе ўжо дзявяты год. Сёлета прынялі ў яе 27 дзетак ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў. І ёсць яшчэ жадаючыя паступіць, нягледзячы на тое, што заняткі платныя — каштуюць 10,8 рубля ў месяц. Спадзяюся, у бліжэйшы час зможам прыняць і астатніх. Такая папулярнасць школы тлумачыцца тым, што яна садзейнічае ўсебаковаму развіццю дзяцей, выяўленню ў раннім узросце здольнасцей і талентаў. Малышы вывучаюць азы: асновы харэаграфіі, дэкаратыўна-прыкладной, выяўленчай і мастацкай творчасці. Да сваіх заняткаў яны адносяцца вельмі сур’ёзна, а закончыўшы школу, становяцца самымі актыўнымі гурткоўцамі цэнтра. Напрыклад, летась абсалютна ўсе выпускнікі прыйшлі ў нашы аб’яднанні па інтарэсах розных профіляў.

Хачу сказаць, што запісацца ў іх можна не толькі ў пачатку навучальнага года, але і на працягу яго. Гэта дае дзецям пэўную свабоду. Яны могуць паспрабаваць сябе ў розных сферах і выбраць тое, што найбольш падабаецца. Мы чакаем усіх. Прыходзьце ў любы час і самі вырашайце, чым заняцца!

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.