Чую голас Маі Сцяпанаўны…


Напэўна, не трэба тлумачыць, што значыць для настаўніка-ветэрана пачатак восені. Першавераснёўскія клопаты не даюць спакою, хоць ёсць права на адпачынак. Але з вышыні пражытага звычайна вяртаюся не ў працоўныя будні, а ў той час, калі сама сядзела за партай, а вучылася я ў СШ №1. Пра адзін з эпізодаў школьнага дзяцінства і хачу расказаць.

У старэйшых класах мы ездзілі на ўборку бульбы ў гаспадаркі раёна. Памятаю, восень выдалася халодная. Нават снег ішоў. Ратаваць калгасную бульбу адправілі адразу некалькі класаў. К абеду падалі транспарт адвезці нас назад, і мы ўсе дружна сыпанулі з поля, нягледзячы на тое, што засталіся непадабранымі “хвосцікі” барознаў. І тут чуем голас нашага класнага кіраўніка Маі Сцяпанаўны Рагальскай: “Дзеці, вярніцеся! Трэба падабраць бульбу — яна змерзне. Калі не мы, то хто ж гэта зробіць?”

Я і цяпер чую голас Маі Сцяпанаўны. Фраза “Хто, калі не мы?” запала ў сэрца на ўсё жыццё, стала маім крэда. У словах — уменне браць на сябе адказнасць, прыстойнасць, сур’ёзнасць. Цяпер гэтыя паняцці, напэўна, не ў такой пашане, як было ў гады маёй вучобы. У гаспадарках раёна вырошчвалася шмат сельскагаспадарчых культур, і без дапамогі шэфаў не абыходзілася. Мы ездзілі, працавалі, стараліся і даведак аб вызваленні ад работы ў полі не прыносілі.

Наша класная любіла ўсіх аднолькава, была для нас мамай. Апраналася проста, але строга і з густам. Выкладала матэматыку. На ўроках не перачытвала нам падручнік, а імкнулася данесці свой прадмет так, каб яго ведаў кожны. І мы паспяхова здавалі экзамены, паступалі ў тэхнікумы,  інстытуты і ўніверсітэты.

Паступіла і я, атрымала адукацыю, стала настаўніцай. Нярэдка на ўроках прыгадвала, якой была наша класная, як яна тлумачыла матэрыял, як размаўляла з намі, і хацела пераймаць ад яе і рухі, і жэсты, і інтанацыю. Здавалася, што я ўжо і гаварыла голасам Маі Сцяпанаўны. Цудоўных настаўнікаў было шмат, і пра кожнага помніцца толькі добрае. А яна — найлепшая і прыклад дабрыні, тактоўнасці, справядлівасці. Гаварыла ціха, і яе спакой, упэўненасць перадаваліся класу і абяззбройвалі нас — такіх розных, шумных, гарэзлівых.

Шаноўная Мая Сцяпанаўна! Ад імя выпускнікоў 1967 года выпуску віншую вас са святам! Дзякуем за мудрую навуку, талент. Вы — Настаўнік з вялікай літары. Моцнага вам здароўя, душэўнага спакою, цёплай і ўтульнай восені жыцця!

Л. БАЛОТНІКАВА

(Красоўская), г. Паставы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.