Cітуацыя неадназначная

Местная власть

Якасць вылежкі трасты вызначаюць галоўны аграном ААТ “Камайскі-агра” Аляксандр Станіслававіч Шымковіч, старшы кантрольны майстар ільнозавода Ірына Вільгельмаўна Дз’яканава і намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па раслінаводстве Марыя Юзэфаўна Клімёнак.

На 21 верасня механізаваны атрад ільнозавода ўзняў  трасту на  960 гектарах з планавых 1850 і нарыхтаваў 2229 тон сыравіны сярэднім нумарам 0,96. Вядуцца работы на льняных палетках і ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра”. У той жа час да ўздыму трасты не прыступалі ў ААТ “Камайскі-агра” і “Ярэва-агра”. Што стрымлівае тэмпы нарыхтовак?  Асноўная прычына ў тым, што з-за дажджлівага надвор’я і пераўвільготненасці глебы ўборка даўгунцу ў раёне зацягнулася, саломка на значнай плошчы яшчэ не вылежалася.

Гэта, вядома, непакоіць кіраўніцтва і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. У аўторак, напрыклад, для вызначэння якасці трасты ў ААТ “Камайскі-агра” выязджалі намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Марыя Юзэфаўна Клімёнак, дырэктар ільнозавода Пётр Іванавіч Скурко і старшы кантрольны майстар Ірына Віль­гельмаўна Дзьяканава. У прысутнасці галоўнага агранома Аляксандра Стані­слававіча Шымковіча было ўзята некалькі проб трасты. Але нават без дасканалага даследавання было бачна, што яна зеленаватая, з рыжым адценнем і не адпавядае патрэбным параметрам. Яшчэ не падышоў да кандыцыі новы ўраджай даўгунцу і ў ААТ “Ярэва-агра”.  Работы на льняных палетках механізатары гэтых гаспадарак змогуць пачаць толькі праз некалькі дзён. А вось з ААТ “Сцяг Перамогі-агра” ўжо дастаўлены на завод першыя дзясяткі тон сыравіны. Частка яе прынята нумарамі 1 і 1,25.

Для вызначэння гатоўнасці трасты спецыялісты завода рэгулярна выяз­джаюць і на ўласныя пасевы льну. Сёлета яго  вырошчвалі на арандаваных землях пераважнай большасці гаспадарак. Калі ўлічыць, што па агратэхніцы гэта культура на ранейшае месца можа “вяртацца” не раней чым праз  чатыры гады, то размяшчаць яе кампактна  больш чым на 2000 гектараў становіцца ўсё складаней. Месцамі лён даводзіцца сеяць на землях з рознай кіслотнасцю і контурнасцю палёў, што таксама ўплывае на ўраджай. Сёлета ў цэлым ён нядрэнны, асабліва парадаваў даўгунец ва ўрочышчах Юнькі, Цівунцы, Муляры, Оцкавічы і шэрагу іншых месцаў.

Успушванне і прасаванне трасты вядуцца па меры яе гатоўнасці. З такім разлікам арганізуецца і работа тэхнікі. Цяпер, напрыклад, усе звенні працуюць разам. Кожны дзень на льняны палетак выходзіць каля 30 трактароў і аўтамашын. Першымі ў работу ўключаюцца ўспушвальнікі. Разам з завадчанінам Ігарам Бужэрам стараюцца Леанід Мацук з УП ЖКГ, Дзмітрый Казлоўскі з раёна электрычных сетак і Віталій Лысёнак з лясгаса. Ад іх залежыць зладжаная работа амаль двух дзясяткаў механізатараў, якія вядуць прасаванне трасты. У полі яшчэ ішло церабленне льну, а механізатары Сяргей Ворсін, Алег Філістовіч, Анатолій Жук, Пётр Ларшын, Дзмітрый Высоцкас, Станіслаў Гапон, Андрэй Скрыдлеўскі і іншыя вывелі самаходныя і прычапныя прэс-падборшчыкі і ўжо запрасавалі ад 650 да 1360 рулонаў трасты. З цягам часу атрад папоўнілі Віктар Пузан, Валерый Пупкевіч, Юрый Са­лаўёў, Грыгорый Труш­кін, Руслан Жылевіч, Сяргей Студзянкоў і іншыя механізатары, якім выпала завяршаць уборку даўгунцу.

Механізатары Андрэй Скрыдлеўскі, Валерый Пупкевіч і Руслан Жылевіч.

—  У залежнасці ад ура­джайнасці механізатар за дзень падбірае трасту ў сярэднім на 3 і больш гектарах, выдае 40-50 рулонаў, — расказваў намеснік дырэктара Валерый Андрэевіч Марозаў. — Але гэта не мяжа. Амаль удвая большай выпрацоўкі дабіваецца механізатар Віктар Пузан, які быў у лідарах і на церабленні льну. Стараюцца і іншыя члены мехатрада. Але асабліва хацеў бы адзначыць Аляксандра Шамовіча з ДЭУ-33 і Валерыя Мацешу з УП ЖКГ, якія ўжо запрасавалі адпаведна 1253 і 849 рулонаў трасты.

Найвышэйшай выпрацоўкі на прасаванні трасты дабіваецца Віктар Пузан.

На заводзе стараюцца не дапускаць вялікага перапынку паміж прасаваннем і вывазам з поля рулонаў. На іх пагрузцы пастаянна задзейнічаны Дзмітрый Кузняцоў і Аляксандр Аліноўскі. Яны не проста акуратна, а ювелірна ўкладваюць рулоны з трастой, якія дастаўляюць да месца захоўвання ва­дзіцелі Раман Кузьміч, Анатолій Кліпа, Антон Спрагоўскі і Віктар Паўлаў. На гэтай рабоце задзейнічаны таксама аўтатранспарт філіяла “АТП №17”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, АБП “Рассвет Пастаўскі”. Транспартныя сродкі не затрымліваюцца падоўгу пад шахой. Па-майстэрску  выгружае трасту  “Амкадорам” Аляксандр Шыкуць.

Аўтамашыну з трастой, якую даставіў на завод вадзіцель Віктар Паўлаў, узважвае Яўгенія Чарняўская. Усяго праз вагі ў жніўні-верасні прайшло каля 2500 тон сыравіны.

Аднак у цэлым сітуацыя з дапрацоўкай ільну  сёлета склалася неадназначная. З аднаго боку, адкладваць уздым трасты  няма як, бо завяршаецца верасень. А з іншага,  як лічыць дырэктар завода Пётр Іванавіч Скурко, вельмі патрэбны даж­джы, якія б паскорылі вылежку саломкі на ўсёй плошчы, што ў сваю чаргу дазволіла  б атрымаць валакно лепшай  якасці. Хаця і рызыкоўна, але менавіта на гэта разлічваюць на прадпрыемстве.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.