У краіне адзначаецца Дзень пажылых людзей, як знак агульнай павагі да старэйшага пакалення, якое ўнесла вялікі ўклад у аснову сённяшніх поспехаў. У Беларусі, у тым ліку і ў нашым раёне, пажылым людзям удзяляецца вялікая ўвага. Пра тое, што канкрэтна робіцца ў гэтым кірунку, карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч гутарыць з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарскай.
— У раёне пражываюць 11426 чалавек старэйшых за працаздольны ўзрост, — расказвала Дзіяна Іванаўна. — З іх 4 інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 15 яе ўдзельнікаў, 1072 адзінокія, 5307 адзінока пражываючых, 1854 чалавекам споўнілася больш за 80 гадоў, 245 — старэй за 90 гадоў, двое стогадовых. Не ўсе яны ў стане самастойна або з дапамогай родных вырашаць розныя праблемы. І тады разлік адзін — падтрымка дзяржавы. Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання адводзіцца вядучая роля ў аказанні паслуг гэтай катэгорыі насельніцтва. Штогод праводзім абследаванне жыллёва-бытавых умоў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх інвалідаў і пажылых грамадзян, выслухоўваем просьбы, пажаданні і прымаем меры па аказанні дапамогі.
— Што сёлета зроблена па паляпшэнні быту пенсіянераў?
— Па выніках абследавання праведзены разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне іх быту. У прыватнасці, 9 чалавекам аказана садзейнічанне ў рамонце пячнога ацяплення. Траім з іх на гэта выдзелены сродкі з бюджэту. У дамах пяці чалавек заменена электраправодка. Дваім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і аднаму непрацуючаму пенсіянеру адрамантавалі дах. Салон “Міласэрнасць” на пастаяннай аснове праводзіць дабрачынныя акцыі па зборы і перадачы з рук у рукі адзення, абутку, кніг, пасцельнай бялізны. Рэчы атрымалі амаль 400 грамадзян, якія мелі ў гэтым патрэбу.
З Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за 8 месяцаў бягучага года 430 чалавекам аказана матэрыяльная дапамога на суму 15730 рублёў. Працягваецца мэтанакіраваная работа па забеспячэнні даступнасці сацыяльнага абслугоўвання для жыхароў аддаленых населеных пунктаў. Працуе дзевяць аддзяленняў ТЦСАН. Іх супрацоўнікі робяць усё для таго, каб пажылыя людзі не адчувалі сябе адзінокімі. Мы падтрымліваем усіх, хто да нас звяртаецца.
— Які від паслуг найбольш запатрабаваны?
— Сацыяльнае абслугоўванне на даму. Ім ахоплена больш за 900 чалавек. Для старых людзей гэта вельмі зручна. Яны не пакідаюць свае дамы, жывуць прывычным укладам, а сацыяльныя работнікі забяспечваюць іх усім неабходным, за адно наведванне аказваюць па некалькі паслуг (яны самыя розныя). Сацыяльныя работнікі строга не прытрымліваюцца ўказанага нарматыву, а нярэдка выконваюць і тую работу, якая ў іх абавязкі не ўваходзіць, дапамагаюць ва ўсім, у чым чалавек мае патрэбу. Нягледзячы на сваю занятасць, затрымліваюцца, каб выслухаць старых, пагутарыць, расказаць пра навіны, абмеркаваць падзеі.
— Новыя формы работы ўкараняюцца?
— Абавязкова. Станоўчыя водгукі паступаюць пра работу брыгады сацыяльнага абслугоўвання па аказанні паслуг аднаразовага характару. Пастаянна маюць занятак тры гаспадарчыя брыгады: з райцэнтра, Варапаева і Лынтуп. Яны апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі, абкошваюць дваровыя тэрыторыі, рамантуюць агароджы, нарыхтоўваюць дровы.
Працуюць сацыяльныя пральня і цырульня, два пункты пракату сродкаў рэабілітацыі, дзе прапануюцца мыліцы, камбінаваныя палкі для апоры пры хадзьбе, інвалідныя каляскі, палкі для скандынаўскай хадзьбы, масажоры, дзіцячае бескаркаснае крэсла і іншае. Запатрабаваны паслугі сацыяльнага таксі для пажылых і інвалідаў. Асабліва ў перыяд правядзення сельскагаспадарчых кірмашоў. Мы аказваем паслугі па дастаўцы сельгаспрадукцыі. Для гэтага выкарыстоўваюцца два грузапасажырскія фургоны і два легкавыя аўтамабілі. Іх паслугамі па сацыяльных расцэнках з пачатку года скарысталіся амаль 120 чалавек.
— А калі стары чалавек не можа жыць самастойна, то тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва таксама дапаможа?
— Безумоўна. У Паставах і Лынтупах дзейнічаюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання. Толькі за гэты год іх паслугамі скарысталіся 60 чалавек. Для пастаяльцаў — утульныя пакоі, паўнацэннае харчаванне, догляд. Пры неабходнасці аказваецца медыцынская дапамога. Створаны належныя ўмовы для падтрымання фізічнай актыўнасці: прымяняюцца арома-, магнітатэрапія, скандынаўская хадзьба, прапануецца шырокі выбар масажораў. Працуюць гурткі па інтарэсах, людзям аказваецца псіхалагічная дапамога, аддзяленні часта наведваюць святары.
Камфортнае пражыванне пажылых людзей у многім залежыць і ад абслуговага персаналу. Да яго падбору падыходзім патрабавальна. Людзі, якія працуюць у сацыяльнай службе, добра разумеюць, што тым, хто трапіў ва ўстановы сацыяльнай сферы, патрэбны як рацыянальнае харчаванне, так і душэўнае цяпло, паўсядзённая ўвага, падтрымка, разуменне.
— Напэўна, немалы спектр паслуг аказваюць грамадзянам пажылога ўзросту і аддзяленні дзённага знаходжання ТЦСАН?
— Так, і іх галоўная задача — дапамагчы пажылым людзям пераадолець адзіноту, напоўніць жыццё новым сэнсам, стварыць умовы для творчага патэнцыялу і пасля выхаду на пенсію весці актыўны лад жыцця. На валанцёрскай аснове цесна супрацоўнічаем з многімі прадпрыемствамі і арганізацыямі. З іх дапамогай ладзім розныя мерапрыемствы: канцэрты, дабрачынныя акцыі, рэлігійныя святы, прэзентацыі кніг, майстар-класы прадстаўнікоў касметалагічных кампаній “Арыфлэйм” і “Фаберлік”, рэалізуюцца сумесныя праекты з салонам “Гармонія”. Прыцягваем валанцёраў для аказання ветэранам і інвалідам аздараўленчых паслуг “Санаторый на даму”. Пастаянна дзейнічае праект “Ветэран жыве побач”. Карацей кажучы, робім усё для таго, каб восень на жыццёвым календары чалавека была цёплай і спакойнай.