Да сталага ўзросту — з увагай і падтрымкай

Общество

У краіне адзначаецца Дзень пажылых людзей, як знак агульнай павагі да старэйшага пакалення, якое ўнесла вялікі ўклад у аснову сённяшніх поспехаў. У Беларусі, у тым ліку і ў нашым раёне, пажылым людзям удзяляецца вялікая ўвага. Пра тое, што канкрэтна робіцца ў гэтым кірунку, карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч гутарыць з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарскай.

— У раёне пражываюць 11426 чалавек старэйшых за праца­здольны ўзрост, — расказвала Дзіяна Іванаўна. — З іх 4 інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 15 яе ўдзельнікаў, 1072 адзінокія, 5307 адзінока пражываючых, 1854 чалавекам споўнілася больш за 80 гадоў, 245 — старэй за 90 гадоў, двое стогадовых. Не ўсе яны ў стане самастойна або з дапамогай родных вырашаць розныя праблемы. І тады разлік адзін — падтрымка дзяржавы. Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання адводзіцца вядучая роля ў аказанні паслуг гэтай катэгорыі насельніцтва. Штогод праводзім абследаванне жыллёва-бытавых умоў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх інвалідаў і пажылых грамадзян, выслухоўваем прось­бы, пажаданні і прымаем меры па аказанні дапамогі.

— Што сёлета зроблена па паляпшэнні быту пенсіянераў?

— Па выніках абследавання праведзены разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне іх быту. У прыватнасці, 9 чалавекам аказана са­дзейнічанне ў рамонце пячнога ацяплення. Траім з іх на гэта вы­дзелены сродкі з бюджэту. У дамах пяці чалавек заменена электраправодка. Дваім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і аднаму непрацуючаму пенсіянеру адрамантавалі дах. Салон “Міласэрнасць” на пастаяннай аснове праводзіць дабрачынныя акцыі па зборы і перадачы з рук у рукі адзення, абутку, кніг, пасцельнай бялізны. Рэчы атрымалі амаль 400 грамадзян, якія мелі ў гэтым патрэбу.

З Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за 8 месяцаў бягучага года 430 чалавекам аказана матэрыяльная дапамога на суму 15730 рублёў. Працягваецца мэтанакіраваная работа па забеспячэнні даступнасці сацыяльнага абслугоўвання для жыхароў аддаленых населеных пунктаў. Працуе дзевяць ад­дзяленняў ТЦСАН. Іх супрацоўнікі робяць усё для таго, каб пажылыя людзі не адчувалі сябе адзінокімі. Мы падтрымліваем усіх, хто да нас звяртаецца.

— Які від паслуг найбольш запатрабаваны?

— Сацыяльнае абслугоў­ванне на даму. Ім ахоплена больш за 900 чалавек. Для старых людзей гэта вельмі зручна. Яны не пакідаюць свае дамы, жывуць прывычным укладам, а сацыяльныя работнікі забяспечваюць іх усім неабходным, за адно наведванне аказваюць па некалькі паслуг (яны самыя розныя). Сацыяльныя работнікі строга не прытрымліваюцца ўказанага нарматыву, а нярэдка выконваюць і тую работу, якая ў іх абавязкі не ўваходзіць, дапамагаюць ва ўсім, у чым чалавек мае патрэбу. Нягледзячы на сваю занятасць, затрымліваюцца, каб выслухаць старых, пагутарыць, расказаць пра навіны, абмеркаваць падзеі.

— Новыя формы работы ўкараняюцца?

— Абавязкова. Станоўчыя водгукі паступаюць пра работу брыгады сацыяльнага абслугоўвання па аказанні паслуг аднаразовага характару. Пастаянна маюць занятак тры гаспадарчыя брыгады: з райцэнтра, Варапаева і Лынтуп. Яны апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі, абкошваюць дваровыя тэрыторыі, рамантуюць агароджы, нарыхтоўваюць дровы.

Працуюць сацыяльныя пральня і цырульня, два пункты пракату сродкаў рэабілітацыі, дзе прапануюцца мыліцы, камбінаваныя палкі для апоры пры хадзьбе, інвалідныя каляскі, палкі для скандынаўскай хадзьбы, масажоры, дзіцячае бескаркаснае крэсла і іншае. Запатрабаваны паслугі сацыяльнага таксі для пажылых і інвалідаў. Асабліва ў  перыяд правядзення сельскагаспадарчых кірмашоў. Мы аказваем паслугі па дастаўцы сельгаспрадукцыі. Для гэтага выкарыстоўваюцца два грузапасажырскія фургоны і два легкавыя аўтамабілі. Іх паслугамі па сацыяльных расцэнках з пачатку года скарысталіся амаль 120 чалавек.

— А калі стары чалавек не можа жыць самастойна, то тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва таксама дапаможа?

— Безумоўна. У Паставах і Лынтупах дзейнічаюць аддзяленні кругласутачнага знахо­джання. Толькі за гэты год іх паслугамі скарысталіся 60 чалавек. Для пастаяльцаў — утульныя пакоі, паўнацэннае харчаванне, догляд. Пры неабходнасці аказваецца медыцынская дапамога. Створаны належныя ўмовы для падтрымання фізічнай актыўнасці: прымяняюцца арома-, магнітатэрапія, скандынаўская хадзьба, прапануецца шырокі выбар масажораў. Працуюць гурткі па інтарэсах, людзям аказваецца псіхалагічная дапамога, аддзяленні часта наведваюць святары.

Камфортнае пражыванне пажылых людзей у многім залежыць і ад абслуговага персаналу. Да яго падбору падыходзім патрабавальна. Людзі, якія працуюць у сацыяльнай службе, добра разумеюць, што тым, хто трапіў ва ўстановы сацыяльнай сферы, патрэбны як рацыянальнае харчаванне, так і душэўнае цяпло, паўсядзённая ўвага, падтрымка, разуменне.

— Напэўна, немалы спектр паслуг аказваюць грамадзянам пажылога ўзросту і ад­дзяленні дзённага знахо­джання ТЦСАН?

— Так, і іх галоўная задача — дапамагчы пажылым людзям пераадолець адзіноту, напоўніць жыццё новым сэнсам, стварыць умовы для творчага патэнцыялу і пасля выхаду на пенсію весці актыўны лад жыцця. На валанцёрскай аснове цесна супрацоўнічаем з многімі прадпрыемствамі і арганізацыямі. З іх дапамогай ладзім розныя мерапрыемствы: канцэрты, дабрачынныя акцыі, рэлігійныя святы, прэзентацыі кніг, майстар-класы прадстаўнікоў касметалагічных кампаній “Арыфлэйм” і “Фаберлік”, рэалізуюцца сумесныя праекты з салонам “Гармонія”. Прыцягваем валанцёраў для аказання ветэранам і інва­лідам аздараўленчых паслуг “Санаторый на даму”. Пастаянна дзейнічае праект “Ветэран жыве побач”. Карацей кажучы, робім усё для таго, каб восень на жыццёвым календары чалавека была цёплай і спакойнай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.