Дапамагчы і зарабіць


Для навучэнцаў груп №216 і №217 Пастаўскага дзяржаўнага каледжа працоўны семестр сёлета пачаўся 6 верасня: тады юнакі і дзяўчаты прыступілі да ўборкі бульбы ў ААТ “Хацілы-агра”. Сваіх памочнікаў кіраўніцтва гаспадаркі накіравала на 5-гектарнае поле за вёскай Волахі. Калі ў пачатку гэтага тыдня разам з дырэктарам каледжа М. М. Лысёнкам карэспандэнт “ПК” прыехала на бульбяны палетак, работы на ім падыходзілі да завяршэння.

— Убраць засталося нямнога, заўтра павінны закончыць, — паведаміла галоўны эканаміст адкрытага акцыянернага таварыства Н. А. Пабя­дзінская, якую сустрэлі ў полі. — Затым навучэнцы зоймуцца сарціроўкай караняплодаў. Бульба сёлета вырасла добрая, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, гнілой не так шмат. Ураджайнасць — каля 300 цэнтнераў з гектара. За дзень моладзь падбірае за капалкай каля 30 тон клубняў, але працуе па-рознаму. 216-ай групай, у якой выключна хлопцы, я вельмі задаволена: усе стараюцца, не парушаюць дысцыпліну. Чаго не магу сказаць пра групу №217, дзе пераважна дзяўчаты.

І ў адной, і ў другой групе першакурснікі, якія закончылі 9 класаў школы. Будучымі рыхтоўшчыкамі, аўта­слесарамі і вадзіцелямі-міжнароднікамі, якіх хваліла Наталля Анатольеўна, кіруе вопытны майстар Валянціна Міхайлаўна Клянтак. Менавіта яна змагла арганізаваць амаль тры дзясяткі 15-гадовых падлеткаў і настроіць іх на плённую працу. Да таго ж многія хлопцы нарадзіліся і выраслі ў вёсцы, таму з дзяцінства прывучаныя да работы. За пяць з паловай гадзін, з 8.30 да 14.00 (столькі доўжыцца рабочы дзень навучэнцаў) паспяваюць нагрузіць бульбай не адзін прычэп.

— Штодзень адпраўляем у сховішча 15-17 тон, — расказвала Валянціна Міхайлаўна. — Працуюць хлопцы з поўнай аддачай, бо ёсць матэрыяльная зацікаўленасць. Я вяду індывідуальны ўлік набраных кожным з іх вё­дзер. Ад гэтага потым будзе залежаць зарплата. Таму ніхто не філоніць. Пры норме 480 кілаграмаў караняплодаў на чалавека ўсе набіраюць не менш за 600, а некаторыя — і пад тысячу кілаграмаў. Калі перавесці гэтыя лічбы ў грошы, атрымліваецца каля 260 тысяч недэнамінаваных рублёў у дзень.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.