Дапамаглі па гаспадарцы


У Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі клапоцяцца пра тое, каб сувязь паміж цяперашнімі і былымі супрацоўнікамі не перарывалася: заўсёды віншуюць ветэранаў установы са святамі, запрашаюць на ўрачыстасці, дапамагаюць тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

У ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і працы Віктара Іванавіча Ашчэпкава маладыя вартаўнікі ўвогуле частыя госці, ахвотна адгукаюцца на любую просьбу. Падахвоціўся калектыў памагчы былому начальніку аховы і напярэдадні Дня пажылых людзей. Узброіўшыся неабходнымі інструментамі, Анатолій Белкін, Аляксандр Буяльскі, Андрэй Краско і Юрый Смірноў накіраваліся па знаёмым адрасе. Аднак дома гаспадара працоўны дэсант не застаў — Віктара Іванавіча нечакана шпіталізавалі ў бальніцу. Замест яго гасцей сустрэла жонка ветэрана, якая і акрэсліла фронт работ: ускапаць агарод, пашчапаць і знесці ў хлеў дровы, зрабіць драўляную рашотку на ганак, адрамантаваць дзверы ў гаражы. Усе пажаданні былі выкананы.

Не забываюць В. І. Ашчэпкава і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, дзе ён таксама працаваў. Міліцыянеры па меры неабходнасці дапамагаюць ветэрану вайны, а нядаўна прывезлі яму дзве машыны шчапаных сухіх дроў і акуратна склалі іх у хляве.

Дарэчы, сям’я Ашчэпкавых удзячна і райвыканкаму, які саўсёды клапоціцца пра ветэрана, віншуе з дзяржаўнымі святамі, а таксама дапамог падвесці да дома ваду і каналізацыю.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.