Фотапаляванне на парушальнікаў

Общество

З наступнага тыдня ў райцэнтры запрацуе фотапастка, якая будзе «сачыць» за парадкам на вуліцах горада і тым самым аблегчыць пошук парушальнікаў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі.

У жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна прызнаюцца, што мера гэта вымушаная:

— На тэрыторыі горада ўстаноўлена 668 кантэйнераў, 320 з іх прызначаны для цвёрдых камунальных адходаў, астатнія — для другаснай сыравіны. На вуліцах М. Горкага, В. Харужай і Кааператыўнай дзейнічаюць тры пляцоўкі для буйнагабарытных адходаў. Акрамя гэтага, распрацавана дзесяць маршрутаў па прыватным сектары, па якіх два разы на месяц, у адпаведнасці з графікам, курсіруе спецыяльная тэхніка для збору смецця. Але некаторыя гараджане выкідваюць бытавыя адходы каля незапоўненых кантэйнераў ці, таго горш, пакідаюць пакеты са смеццем на аўтобусных прыпынках, — канстатуе намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Часлававіч Пляшкун.

На пах харчовых адходаў збягаюцца сабакі і каты. У выніку — пакеты парваныя, смецце раскідана ў радыусе некалькіх метраў. Такая карціна асабліва часта назіраецца на вуліцах Гагарына, Чырвонаармейскай, Кляра і Ленінскай.

Дарэчы, стыхійныя звалкі — не адзіная праблема, з якой даводзіцца сутыкацца камунальнікам. Да прыкладу, перыядычнай «атацы» падвяргаецца ваенная тэхніка, устаноўленая на Алеі воінаў-інтэрнацыяналістаў у скверы па вуліцы Гагарына. Самае распаўсюджанае правапарушэнне — выбітыя шыбы ў кабіне верталёта. Ёсць і іншыя праблемныя адрасы. Менавіта там і з’явіцца фотапастка (пра яе наяўнасць будзе папярэджваць надпіс на спецыяльнай таблічцы). Перыядычна ўстройства будзе мяняць «прапіску».

Прынцып дзеяння фотапасткі наступны: устройства спрацоўвае на рух, а атрыманыя здымкі ў рэжыме анлайн адпраўляе на электронную пошту УП ЖКГ. Тых, чые парушэнні зафіксуе аб’­ектыў, у адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, чакае папярэджанне або штраф. Для фізічных асоб за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі ён складзе ад 5 да 50 базавых велічынь (105—1050 беларускіх рублёў), для індывідуальных прадпрымальнікаў — да 200, а для юрыдычных асоб — да 1000 базавых велічынь.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.