“Галоўнае — падабраць каманду аднадумцаў”

Общество

Дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны-2015” Рыгор Рыгоравіч Шэцка пра сябе і час, свае адносіны да жыцця і захапленні расказвае ў інтэрв’ю карэспандэнту “Пастаўскага краю”.

— Рыгор Рыгоравіч, размову хацелася б пачаць з візіткі…

— Нарадзіўся ў 1964 го­дзе ў вёсцы Рамязы Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Закончыў сярэднюю школу. Вясковыя падлеткі ў той час трызнілі морам. Найперш таму, што прафесія марака лічылася прэстыжнай, высокааплатнай. Прыклад было з каго браць, бо многія хлопцы і маладыя мужчыны хадзілі ў мора. Вось таму разам з трыма аднакласнікамі паехаў у Керчанскае прафе­сіянальна-тэхнічнае вучылішча, каб атрымаць спецыяльнасць “Матрос 1-га класа”. Вучыўся год, затым працаваў.

А потым была армія. Служыў у Мурманскай вобласці, полк стаяў за 38 кіламетраў ад фінскай граніцы. Клімат суровы, зімой тэмпература паветра апускалася да 51 градуса марозу. Лета кароткае, але гарачае. У чэрвені на сопках ляжаў снег, у ліпені ў кало­дзежах быў лёд. А прырода дзівосная! Адно паўночнае ззянне чаго вартае!

Той адрэзак жыцця ўспамінаецца часта. Напэўна, таму, што чалавек з гадамі становіцца сентыментальным. А можа, таму, што час тады быў цікавы. Мне ён даў магчымасць пабачыць тое ж Запаляр’е, пажыць у Керчы — горадзе, які цяпер на слыху, бо там узво­дзіцца мост праз Керчанскі праліў, які яшчэ называюць Крымскім транспартным пераходам. І літаральна па ўсёй Волзе прайшоў на судне падчас практыкі…

— Аднак вернемся да выбару асноўнай прафесіі: што на гэта паўплывала?

— Пасля звальнення з радоў Савецкай Арміі задумваўся, куды паступаць. Дакументы спачатку падаў у тагачасны Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, бо так рабілі многія выпускнікі сельскіх школ, выбіраючы прафесію інжынера, а яшчэ заатэхніка, ветэрынара. Некаторыя ехалі ў Львоў вучыцца на спецыяліста лясной гаспадаркі. Але праз які час дакументы з названай вышэй ВНУ забраў і занёс у Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Чаму так зрабіў? Напэўна, паўплываў той факт, што вясковая суседка чатыры разы спрабавала туды паступіць. Магчыма, мне здалося, што гэта будзе надта прэстыжна. Паступіў, атрымаў прафесію эканаміста, пра што ні разу не пашкадаваў. Пасля заканчэння інстытута ў Паставы прыехалі ўжо ­сям’ёй: са сваёй будучай жонкай Людмілай вучыўся на адным факультэце, пажаліся на апошнім курсе.

— І як складвалася ­кар’ера?

— Восем гадоў адпрацаваў у падатковай інспекцыі інспектарам і начальнікам аддзела. У 1998-ым узначаліў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне.

Сабе сказаў: галоўнае — падабраць каманду аднадумцаў, паставіць перад сабой мэту і ўпэўнена крочыць да яе. У аснове нашай дзейнасці — фінансавыя паказчыкі, лічбы. Але ж за лічбамі трэба бачыць чалавека.

Наша асноўная мэта — дапамагаць людзям, арганізацыям, прадпрыемствам. Дапамогу аказаць мы можам толькі тады, калі ў нас з імі будуць заключаны дагаворы, што і з’яўляецца для нас першачарговай задачай. А яна нават больш складаная, чым само аказанне дапамогі, таму што гэта ўжо чыста тэхнічная работа: скласці акты агляду, вызначыць урон, сабраць дакументы.

— Ці лёгкая гэта ноша — “Чалавек года Віцебшчыны”?

— Нялёгкая: штодзень трэба пацвярджаць званне канкрэтнымі поспехамі, добрымі паказчыкамі, выкананнем пастаўленых задач. Асабліва гэта адказна  яшчэ і таму, што ў снежні Белдзяржстрах адзначае сваё 95-годдзе. Важна, каб і ўвесь калектыў адпавядаў  высокаму ўзроўню, бо тое, што я ўдастоены такога звання, у першую чаргу заслуга калектыву.

— Да вас, як і да любога кіраўніка, людзі звяртаюцца з пытаннямі. Што іх хвалюе?

— Каб не думалі, што на такіх прыёмах у начальніка можна выпрасіць дапамогу, адразу скажу: калі не заключаны дагавор на страхаванне, прасіць — дарэмна. А тлумачыць даводзіцца ў асноўным палажэнні страхавога заканадаўства, таму што грама­дзяне не заўсёды іх ведаюць. Скажам, тое ж абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Шмат гадоў мы заключаем такія дагаворы, але некаторыя аўтаўладальнікі думаюць, што страхаванне датычыць машыны. На самай жа справе — адказнасці ўладальніка: ён як уласнік аб’екта павышанай небяспекі — транспартнага сродку — можа нанесці сваімі дзеяннямі ўрон іншым асобам, іншаму аўтамабілю, маёмасці, жывёліне і г. д.

— Якім, на вашу думку, павінен быць кіраўнік прадстаўніцтва Бел­дзярж­страху?

— Паколькі мы працуем з людзьмі, юрыдычнымі асобамі па заключэнні дагавораў, то ў першую чаргу — камунікабельным, гатовым першым ісці на дыялог. Бо такіх, хто звяртаецца па ўласнай ініцыятыве, каб заключыць дагавор страхавання, як правіла, вельмі мала. Гэта значыць, што нам самім трэба ісці да страхавальнікаў і прапаноўваць свой прадукт. Кіраўніку неабходна быць мэтанакіраваным, настойлівым і абавязкова ўмець пераконваць. Не трэба забываць і пра тое, што ў нашай справе вельмі шмат значыць менавіта асабісты кантакт.

— А якую ролю адво­дзіце кадрам?

— Вялікую. Сярэдні ўзрост нашых работнікаў — 41 год. Гэта такі перыяд, калі чалавек поўны сіл і энергіі. Магчыма, ужо дзесьці папрацаваў і прыйшоў да нас, у яго ёсць пэўны вопыт зносін з людзьмі і ён зможа пераканаць у неабходнасці страхавання. А так атрымліваецца не ў кожнага. Бывае, што страхавы агент звернецца да грамадзяніна і раз, і два, і тры, а выніку ніякага. І вінаваціць яго ў адсутнасці прафесіяналізму нельга. Проста трэба быць яшчэ і псіхолагам. Гэта ж не вытворчасць, дзе навічка азнаёмілі з працэсам, і ён стаіць і робіць. У нас усё завязана на індывідуальным кантакце. Да таго ж наш прадукт у некаторай ступені віртуальны, ён не магазінны тавар, які купіш — і набытак тут жа твой: страхавая паслуга — доўгатэрміновая. І каб пераканаць кліента ў яе неабходнасці, трэба добра ведаць правілы страхавання. Белдзяржстрах у гэтай сувязі надае вялікую ўвагу перападрыхтоўцы кадраў. Навучанне праводзім на месцы, а таксама накіроўваем на курсы ў Віцебск і Мінск.

— Ці зайздросціце маладым у тым плане, што яны лёгка асвойваюць камп’ютарныя тэхналогіі і ў іх цяпер шмат магчымасцей?

— Наконт камп’ютарных тэхналогій згодны, тут яны — сапраўдныя асы, за што і хвалю. У астатнім не зайздрошчу, бо, напрыклад, у мой час маладыя людзі мелі больш магчымасцей, а сам час, паўтаруся, быў  цікавейшым. Усе шляхі-дарогі для нас былі адкрытыя. Хто хацеў вучыцца — вучыўся, прытым бясплатна, і вясковыя выпускнікі без ніякіх рэпетытараў нароўні з гарадскімі паступалі ў самыя прэстыжныя інстытуты і ўніверсітэты. Каго клікала рамантыка —  ехалі на грандыёзныя будоўлі (БАМ, асваенне Поў­начы і г. д.). Праблем з працаўладкаваннем не існавала.

— Што цэніце ў людзях?

— Сумленнасць, прыстойнасць, справядлівасць. Нізка схіляю галаву перад подзвігам герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія адстаялі мір і свабоду. Паважаю людзей, якія валодаюць замежнымі мовамі, а таксама тых, хто грае на музычных інструментах.

— Як самі ставіцеся да музыкі?

— Бацька граў на баяне, быў загадчыкам клуба. Хацеў, каб і я пайшоў па яго слядах, але не атрымалася. Талент праявіўся праз пакаленне: дачка скончыла музычную школу, грае на фартэпіяна і гітары, і ёй гэта падабаецца, а па прафесіі яна эканаміст.

— Чым любіце займацца ў вольны час?

— У мяне некалькі хобі, напрыклад пчалярства. Дзядуля па бацькавай лініі займаўся бортніцтвам — здабычай мёду лясных пчол. Цяпер я па-сапраўднаму разумею, якая гэта тытанічная праца — вы­дзеўбці калоду, усцягнуць яе на дрэва і ўсталяваць. Затое якая радасць убачыць вынік старанняў! Хоць  няпроста забраць з калоды смакоцце. Мёд мы, дзеці, намазвалі на пшанічны хлеб, спечаны бабуляй на кляновым лісці, і елі з малаком.

Ужо гадоў пятнаццаць  сам займаюся пчоламі, на дачы ёсць некалькі вулляў. Але ж я самавучка, бо дзядуля не паспеў перадаць усе сакрэты гэтага занятку. Штосьці ў кнігах чытаю, некаторыя пытанні абмяркоўваю з такімі ж, як сам, аматарамі.

Яшчэ адзін любімы занятак — садаводства, і таксама ад дзядулі. Франтавік, ён дайшоў да Берліна, дамоў вярнуўся з саджанцам яблыні. Хіба мог я не бачыць, як ён завіхаўся ля дрэўцаў?! Вялікі сад быў і ў дзядулі па мамінай лініі. Жыў дзед на беразе вялікай сажалкі, меў лодку, у якую садзіў і мяне, і мы адпраўляліся вудзіць рыбу.

Не магу не сказаць і пра цягу да будаўніцтва — а гэта прыйшло да мяне падчас працы ў студэнцкіх будаўнічых атрадах, дзе пабываў тройчы.

— Калі ласка, пра гэта крыху падрабязней.

— Летам 1986 года, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, студэнцкі будаў­нічы атрад, у якім я з’яўляўся камісарам, займаўся ўзвядзеннем жылля для перасяленцаў пад Гомелем. Яшчэ два разы ў складзе студатрадаў быў у Карэліі, дзе вяліся першапачатковыя работы па будаўніцтве Крывапарожскай ГЭС (мне расказвалі, што яна працуе), будавалі там і ваенныя склады. Так што, можна сказаць, будаўнік са стажам. Навыкі спатрэбіліся пасля таго, як займеў дачны домік недалёка ад горада.

— Рыгор Рыгоравіч, якую з падзей у жыцці можаце назваць самай памятнай?

— Нараджэнне дачкі. Яна ўжо дарослая, і ў яе ёсць свая сям’я.

— А што вас натхняе?

— Многае. Напрыклад, паездкі на малую радзіму. Вось і нядаўна наведаў Ельшчыну. Змянілася ўсё. Але гэты куточак грэе, надае сіл, упэўненасці. Мама жыве ў вёсцы, а брат, сястра і пляменнікі — у гора­дзе. Атрымаў асалоду ад сустрэчы з суседзямі, якія ведалі маіх дзядуляў і бабуль, з бацькамі аднакласнікаў. Удзячны землякам, што беражліва захоўваюць памяць пра тых, хто не вярнуўся з вайны — а гэта 125 мужчын, — і ў іх гонар у вёсцы ўстаноўлены абеліск. Люблю і памятаю тых, хто пасля вайны шчыраваў на калгасных палетках і фермах, на іншых участках. Сціплыя, адказныя, на­дзейныя — такімі ведалі іх мы, юныя і маладыя, і не здагадваліся, што многія  — інваліды вайны. Падчас самага галоўнага для іх свята — Дня Перамогі — бачылі, як ззялі баявыя ўзнагароды на пінжаках. Дык вось тое, што я ведаў гэтых лю­дзей, што мы жылі ў адной вёсцы і хадзілі па адных сцежках, мяне натхняе асабліва.

І вядома, кожны раз, калі прыязджаю дамоў, абавязкова адпраўляюся ў лес паглядзець на дзядулевы калоды. Некаторыя з іх разбурыліся, бо ім ужо больш за сто гадоў. Углядаюся ў іх, запамінаю, фатаграфую.

— А ці хочаце, каб праз гады і дзесяцігоддзі нешта ваша адгукнулася ў дзецях і ўнуках? На памяць даволі часта прыходзяць такія словы Пімена Панчанкі: “…Той дзень, лічы, завянуў пустацветам, калі ты пяць хвілін пашкадаваў, каб дзецям паказаць кусочак свету і хараство людзей, і дрэў, і траў…” Праўду сказаў паэт?

— Сябе ацэньваць цяжка. Але такое жаданне ў мяне ёсць, і з паэтам я згодны. З’яўленне ўнука — радасць неверагодная. Зноў жа вяртаюся ў сваё дзяцінства. Дзядулі і пчол для мяне адкрылі, і вуду ў рукі далі, і паказалі, як з малатком упраўляцца, каб з дошак зрабіць шпакоўню. Цудоўна, што тады былі такія трывалыя сувязі паміж пакаленнямі. Наш унучак  яшчэ малы, але ж ён расце — і я буду яму паказваць гэты свет і перадам тое, што сам умею і ведаю.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.