Галоўная задача — павышэнне якасці і аператыўнасці


Начальнік аддзела Уладзімір Фамін (сядзіць у цэнтры), інспектар Вольга Галяк, намеснік начальніка Яўгеній Сініла, старшыя следчыя Святлана Паўловіч, Наталія Астаніна (ніжні рад), следчыя Яўгеній Адамовіч, Валерый Крук, Таццяна Чаркасава, Максім Сідэрка і старшы следчы Аляксандр Чатовіч.

21 чэрвеня 2016 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі было ўстаноўлена  прафесійнае свята — Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства, які прыпадае на 12 верасня. Гэта дата выбрана невыпадкова, бо менавіта 12 верасня 2011 года кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ “Аб утварэнні Следчага камі­тэта Рэспублікі Беларусь”. Аб дзейнасці гэтай структуры карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыць з начальнікам раённага аддзела Следчага камітэта краіны Уладзімірам Вячаслававічам ФАМІНЫМ.

— Уладзімір Вячаслававіч, з якой мэтай быў створаны Следчы камітэт і каму ён падпарадкоўваецца?

— Новая структура праваахоўнай сістэмы краіны створана з мэтай удасканалення дзейнасці органаў папярэдняга следства, а таксама ўзмацнення абароны і законных інтарэсаў грамадзян у дасудовай крымінальнай вытворчасці. Гэтаму папярэднічала маштабная навуковая і аналітычная работа, вывучаўся замежны вопыт, ацэньвалася  сучасная сітуацыя ў прававой і грамадска-палітычнай сферах. Падпарадкоўваецца Следчы камітэт непасрэдна Прэзідэнту краіны.

—  Якія яго, а значыць і вашага аддзела, асноўныя функцыі і задачы?

—  Следчы камітэт займаецца ў асноўным расследаваннем крымінальных спраў і выконвае функцыі, якімі раней займаліся следчыя органаў унутраных спраў, пракуратуры, фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Галоўная наша задача — паляпшэнне якасці, аператыўнасці і эфектыўнасці папярэдняга следства.

— А гэта, безумоўна, залежыць ад прафесіяналізму і вопыту следчых. Як вы ацэньваеце работу сваіх падначаленых?

— Не сакрэт, што поспех любой справы залежыць ад кадраў. На самым пачатку станаўлення нашага аддзела ў яго прыйшлі супрацоўнікі аддзелаў папярэдняга расследавання і дазнання РАУС, пракуратуры раёна. Самыя вопытныя з іх — Андрэй Юльянавіч Машніч і Аляксандр Уладзіміравіч Падаксёнаў — ужо на заслужаным адпачынку. Цяпер у штаце 12 чалавек, 10 з іх — следчыя. Усе маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю. Разам з вопытнымі работнікамі,  якія аддалі следчай справе па 15 і больш гадоў, працуюць маладыя. Стаж чатырох з іх — ад 2 да 5 гадоў. Нягледзячы на гэта, патрабаванні да кожнага прад’яўляюцца сур’ёзныя, усе спраўляюцца са службовымі абавязкамі.

За няпоўныя пяць гадоў за дасягненне высокіх вынікаў у раскрыцці злачынстваў палова супрацоўнікаў нашага райаддзела ўзнагароджаны граматамі і падзякамі вышэйстаячых структур. Вось і на гэтым тыдні на ўрачыстым сходзе, які адбыўся ў Віцебску, старшаму следчаму  райаддзела Святлане Мечыславаўне Паўловіч была ўручана Падзяка начальніка Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.

Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы па­дзякаваць за падтрымку і разуменне, цеснае ўзаемадзеянне ў рабоце кіраўніцтву райвыканкама, пракуратуры, раённага аддзела ўнутраных спраў, суда, аддзела прымусовага выканання.

—  Ці шмат работы ў пастаўскіх следчых?

—  На тэрыторыі раёна рэгіструецца значная колькасць злачынстваў, у тым ліку  крымінальных. За ўвесь час існавання Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь — а гэта амаль пяць гадоў —  на разглядзе ў нашым раённым аддзеле знаходзілася 2127 заяў і паведамленняў, у вытворчасці следчых — 1698 крымінальных спраў. Пра высокі ўзровень законнасці іх разгляду сведчыць той факт, што за ўвесь час не было ніводнага апраўдальнага прыгавору суда, вынесенага па нашых справах.

У вольны ад работы час супрацоўнікі займаюцца спортам, іграюць на розных музычных інструментах, ствараюць мастацкія вырабы і нават пішуць вершы. Аднак і  адпачываючы, знаходзячыся разам з сям’ёй, следчыя заўсёды гатовы да таго, каб па першым выкліку, у любы час сутак выканаць свой службовы абавязак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.