Галоўнае — адкрыць вобраз Божы


Для выхаванцаў нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца летнія канікулы былі напоўнены яркімі падзеямі і ўражаннямі: праваслаўны лагер, паломніцкія паездкі, экскурсіі, актыўны адпачынак.  Здавалася, што восень так далёка, але яна, як заўсёды, змяняючы лета, сустракае нас новым ураджаем, маляўнічымі ўборамі дрэў з залацістым лісцем. І з новымі сіламі хлопчыкі і дзяўчынкі распачынаюць вучобу.

31 жніўня многія дзеці і настаўнікі прынялі ўдзел у набажэнстве на пачатак навучальнага года. Усе рады былі сустрэцца пасля канікул. Перад малебнам падзяліліся ўражаннямі пра летні адпачынак, расказалі адно аднаму пра тое, дзе былі, што даведаліся, чаму навучыліся.

14 верасня — пачатак новага царкоўнага года, і зноў расчыніла свае дзверы  нядзельная школа. Таму напярэдадні, 11 верасня, многія выхаванцы прыйшлі на Літургію і прычасціліся. Пасля адбыўся малебен. Як заўсёды, настаяцель храма протаіерэй Валерый Пашкевіч падабраў такія словы, што і навічкі, і тыя, хто наведваў школу раней, адчулі цёплы прыём. Бацюшка адзначыў, што галоўнае ў вучобе — гэта не аб’ём ведаў, якія набудуць дзеці  ў  школе пры храме, а адкрыццё вобраза Божага ў ім, уменне любіць. Асаблівую радасць і задавальненне адчулі прысутныя, калі іх акрапілі святой вадой. Са словамі бацюшкі пераклікаюцца і радкі з верша паэта і педагога Ігара Пракаповіча: “Нам сэрца Богам дадзена, жыццё нам Богам дадзена, каб мы лю­боўю мералі штодзённа прыгажосць. Бо тое ўсё не вечнае, што схоплена ці скрадзена, і дзе замала шчырасці — заўжды пануе злосць”.

Затым выкладчыца ня­дзельнай школы Ірына Уладзіміраўна Колесень азнаёміла прысутных з асноўнымі мэтамі і задачамі  школы. “Калі мы не настроены на патрэбную хвалю, словы Бога проста прахо­дзяць міма нас, як радыё­хвалі, — гаварыла яна. — Каб пачуць Бога, трэба навучыцца любіць, трэба ведаць і выконваць Божыя запаведзі”.

І сапраўды, няма сэнсу спасцігаць Закон Божы і пры гэтым заставацца са сваімі думкамі і планамі. Па сутнасці, Бог заклікае нас да жыцця на карысць іншых, а наш эгаізм часам пярэчыць гэтаму. Будзем жа разам на занятках у нядзельнай школе вучыцца пераадольваць сваю ганарыстасць, страхі, крыўду і ўвасабляць Божыя запаведзі ў жыццё!

Н. ПРАКАПОВІЧ,  выкладчыца нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.