І сімвалічны ключ ад школы

Образование

Першы званок даюць Аляксандра Анісімава і Іван Шыман.

Першавераснёўскае свята — асаблівае. І хоць мы ўсе па-рознаму ставімся да традыцыйных рытуалаў з кветкамі, урачыстымі лінейкамі і першымі званкамі, яно кранае душу і надоўга застаецца ў памяці.

У мінулы чацвер к 10 гадзінам раніцы галоўная пляцоўка каля СШ №1 шумела, звінела. Сабраліся дзеці, у асноўным з мамамі і татамі, бабулямі і дзядулямі, педагогі, госці — ад раённага выканаўчага камітэта прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Іванаўна Несцяронак. Дзятва шчыра дзялілася ўспамінамі пра мінулыя канікулы і адпачынак. Самыя старэйшыя — больш стрыманыя. Яно і зразумела: для іх сёлетні навучальны год апошні ў сценах школы.

А вось першакласнікі хвалююцца — сёння для іх усё ўпершыню. І пад дружныя апладысменты прысутных вядучыя запрашаюць іх на першую школьную лінейку. Прыгожыя дзяўчынкі і хлопчыкі крочаць разам з класнымі кіраўнікамі Ірынай Аляксандраўнай Каранеўскай (1 “А”), Ліліяй Міхайлаўнай Цішаловіч (1 “Б”), Аленай Валяр’янаўнай Плясавай (1 “В”), Аленай Пятроўнай Казаковай (1 “Г”).

Да ўсіх звярнуўся дырэктар СШ №1 Павел Юр’евіч Трава: “Тры месяцы адпачынку праляцелі хутка, але не бясследна. Яны падарылі вам шмат уражанняў, прыбавілі сіл, што дапаможа ісці наперад, спасцігаць новае. Рады вітаць вучняў, асабліва наша юнае папаўненне, а гэта 97 першакласнікаў, якіх у краіну ведаў павядуць вопытныя, таленавітыя педагогі. Дапамагаць будуць і бацькі. Шчыра віншую ўсіх і жадаю моцнага здароўя, выдатных поспехаў”.

А першачкі не разгубіліся: у адказ яны бойка, гучна заявілі, што будуць стараннымі і адказнымі. Гэтага ім жадалі і адзінаццаці­класнікі. Кожнаму першакласніку яны ўручылі падарунак ад Прэзідэнта краіны — вучэбны дапаможнік “Беларусь — наша Ра­дзіма”, а ўсім — сімвалічны ключ ад школьных дзвярэй.

Незвычайным быў гэты дзень і для пяцікласнікаў: яны развітваліся са сваімі першымі настаўнікамі, пачатковай школай і, вобразна кажучы, перайшлі ў “вялікую”. Уся школьная сям’я іх таксама прывітала. А яшчэ — педагога Ніну Вацлаваўну Васовіч, якая пачынае свой працоўны шлях у СШ №1.

Нарэшце настае самы ўрачысты момант. Ганаровае права даць першы званок прадастаўляецца першакласніцы Аляксандры Анісімавай і адзінаццаці­класніку Івану Шыману. Званок звініць, звініць і кліча дзяцей у класы. Першымі ў суправаджэнні адзінаццікласнікаў ідуць новенькія. Затым — усе астатнія. Чарговы навучальны год пачаў адлік.

Галіна ПІШЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.