І яснай восені жыцця

Личности

Ларысу Іосіфаўну Навуменка віншуе дырэктар філіяла “Каапгандаль №2” Маргарыта Дзмітрыеўна Скраблевіч.

Той дзень, здавалася, выдаўся цяплейшым з усіх, што былі ў верасні. Сама прырода радавалася, пасылаючы на зямлю пяшчотныя сонечныя промні. Як шчодры падарунак прынялі гэта і пастаўчане Ларыса Іосіфаўна Навуменка і Барыс Дзмітрыевіч Сямашка, якія адзначалі юбілеі. Акрамя таго, што яны ў адзін дзень (15 верасня) нарадзіліся, дык цяпер яшчэ і суседзі — жывуць у адным пад’ездзе дома №10 па вуліцы Станкевіча ў пятым гарадку.

Госці да імяніннікаў завіталі ў вызначаны час. Першай іх прымала Ларыса Іосіфаўна. Старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч павіншавала яе, удзельніцу Вялікай Айчыннай вайны, і пажадала заставацца заўсёды прывабнай і бадзёрай. Ад імя раённага выканаўчага камітэта яна зачытала Па­дзячнае пісьмо. У ім, у прыватнасці, сказана: “Паважаная Ларыса Іосіфаўна! Віншуем вас з 90-годдзем і жадаем моцнага здароўя, міру, дабра, увагі і клопату ад родных і блізкіх, шчасця і дабрабыту. Удзячны за стойкасць, адвагу і гераізм у гады вайны, за самаадданую працу ў мірны час…”

Дарэчы, сапраўдным байцом Ларыса Іосіфаўна заставалася і на мірным фронце: працавала ў сістэме спажывецкай кааперацыі (у магазінах “Універсам”, №8). Сваю прафесію любіла. Для калег была шчырай, адкрытай, для маладых — настаўнікам.

“Аптымістка, не ведала і не ведае, што такое хандра. Глянеш у яе сямейны альбом — на ўсіх фотаздымках суцэльны пазітыў”, — гаварыла дырэктар філіяла “Каапгандаль №2” Маргарыта Дзмітрыеўна Скраблевіч, якая ад імя калектыву павіншавала імянінніцу, уручыла торт  і канверт з сертыфікатам.

Ларысу Іосіфаўну павіншавала таксама дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская, пажадала ёй моцнага зда­роўя. “А калі што, то мы заўсёды побач і  гатовыя дапамагчы”,— сказала. Амаль цэлую віншавальную праграму падрыхтавалі вучні СШ №4, якія прыйшлі з педагогам-арганізатарам Юлі­яй Юр’еўнай Новікавай. Кранутая такой увагай, Л. І. Навуменка шчыра дзякавала ўсім.

Віншаванні прымае Барыс Дзмітрыевіч Сямашка.

Па-святочнаму ўрачыста і цёпла павіншавалі і Барыса Дзмітрыевіча Сямашку. Ён таксама ветэран Вялікай Айчыннай вайны, і ў Падзячным пісьме райвыканкама імянінніку адрасаваліся найлепшыя пажаданні з 85-годдзем, выказвалася падзяка за стойкасць, адвагу і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, старанную працу і служэнне Айчыне ў мірны час. “Ганарымся вашым пакаленнем — пакаленнем герояў і пераможцаў. Ваш подзвіг застанецца ў вяках і будзе служыць прыкладам патрыятызму, вернасці”, — гаворыцца ў пісьме.

Шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў выказалі старшыня раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва Д. І. Пякарская. З прывітаннем да юбіляра звярнуліся школьнікі. Дзеці чыталі вершы, жадалі Барысу Дзмітрыевічу даўгалецця, бадзёрасці. Адчувалася, што ў шэфаў — піянераў і вучняў патрыятычнага класа СШ №4  — сувязі з падапечным самыя трывалыя. Зроблена і фота на памяць.

Ветэраны-юбіляры ў той дзень атрымалі падарункі, кветкі, пачулі шмат шчырых слоў. Да сказанага далучаемся і мы і зычым ім спакойнай і яснай восені жыцця.

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.