“Іду на працу — як на свята”

Местная власть

Чвэрць стагоддзя педагагічнага стажу, сотні вучняў, для якіх давялося быць “сейбітам разумнага, добрага, вечнага” і многія з якіх, закончыўшы школу, з цеплынёй успамінаюць свайго настаўніка, удзячны яму за атрыманыя веды і навуку; сапраўдная любоў да абранай прафесіі, што стала справай усяго жыцця, — такія штрыхі да партрэта выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Варапаеўскай СШ Мікалая Алегавіча Атрахімовіча.

А між тым, па словах Мікалая Алегавіча, настаўнікам ён стаў выпадкова. Закончыўшы 10 класаў пастаўскай СШ №2, сабраў дакументы для паступлення ў ПТВ у Гомелі, на дастаткова рэдкую спецыяльнасць апрацоўшчыка каштоўных металаў. Але намечаныя планы зблытаў сябар-аднакласнік, які прапанаваў паступаць разам з ім на філфак БДУ. У выніку абодва сталі студэнтамі аддзялення беларускай філалогіі. Уступныя экзамены М. А. Атрахімовіч здаў лёгка, паколькі ў школе меў пяцёркі па роднай мове і літаратуры. Такой жа лёгкай і цікавай была вучоба ва ўніверсітэце, на пятым курсе якога пачалася працоўная дзейнасць. Спачатку — у СШ №191 г. Мінска, потым, калі атрымаў дыплом, — у Мяжанскай СШ Браслаўскага раёна, куды трапіў па размеркаванні. У 1999 годзе малады педагог вярнуўся на Пастаўшчыну. Год адпрацаваў у Курапольскай школе, а затым уладкаваўся ў Варапаеўскую СШ.

— Нягледзячы на тое, што не прыйшлося вывучыцца на апрацоўшчыка каштоўных металаў, у жыцці атрымалася паралель з першапачатковым выбарам прафесіі, — прызнаўся мой суразмоўца. — На працягу 25 гадоў я працую з “глінай”, з якой можна штосьці ляпіць. І часам удаецца стварыць цудоўныя “вырабы”, нават у сучасным складаным свеце. Ёсць дзеці, якія па сённяшні дзень прыходзяць і кажуць “дзякуй”.

Адзін з выдатных “вырабаў” Майстра — яго цяпер ужо былая вучаніца Каця Ясінская. У мінулым навучальным годзе дзяўчынка, якая вызначаецца вялікай працавітасцю і настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты, стала пераможцай абласнога і ўладальніцай дыплома другой ступені заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, а сёлета паступіла ў Ліцэй БДУ. Такая ж здольная вучаніца была ў Мікалая Алегавіча, калі ён працаваў у Мяжанскай СШ. Каця цалкам паўтарыла яе шлях.

І гэты вынік заканамерны, бо ўвесь свой час — рабочы і вольны — М. А. Атрахімовіч аддае прафесіі і дзецям, гатовы займацца з імі з раніцы да позняга вечара, было б толькі жаданне ў вучняў. А яго ў большасці школьнікаў з кожным годам становіцца ўсё менш, асабліва ў дачыненні да беларускай мовы і літаратуры. Аддаленне вучняў ад роднай мовы і нежаданне чытаць вельмі непакояць педагога. Ён з настальгіяй успамінае 90-ыя гады мінулага стагоддзя, калі на хвалі адраджэння і ўздыму беларускасці выкладаць літаратуру было сапраўдным задавальненнем. Тады дзеці заставаліся пасля ўрокаў і да вечара маглі разбіраць з настаўнікам творы, якіх нават не было ў школьнай праграме. Цяпер жа, каб абудзіць у іх цікавасць да чытання, даводзіцца прыбягаць да розных хітрасцей: выкарыстоўваць прыёмы актыўнай ацэнкі, магчымасці інтэрнэту, рабіць “перавернутыя” ўрокі і г.д.

На думку Мікалая Алегавіча, сучасны настаўнік павінен не стаяць на месцы, а імкнуцца паспяваць за дасягненнямі, якія ёсць у метадычных распрацоўках, і тым новым, што адбываецца ў свеце. “Таму што, спыніўшыся, адгоніць плынню, і, аднойчы прыйшоўшы на ўрок, убачыш, што дзіця ведае больш, чым ты”, — упэўнены ён. Каб такога не здарылася, перыядычна займаецца на розных вочных і дыстанцыйных курсах, з задавальненнем ездзіць на семінары ў мінскі і віцебскі інстытуты развіцця  адукацыі.

— Гэта дае не толькі новыя веды, але і знаёмствы з людзьмі, якія могуць нешта параіць, дапамагчы, — кажа педагог. — Самае галоўнае — у мяне ёсць падтрымка калег у школе, якія апантаныя новым і да якіх таксама магу звярнуцца па дапамогу.

— А ці ўзнікала калі-небудзь жаданне пакінуць школу? — задаю свайму суразмоўцу правакацыйнае пытанне, ведаючы, што настаўніцкі хлеб нялёгкі.

— Такога ніколі не было, — адказвае ён не раздумваючы. — Нават сёння адчуваю, што іду на працу — як на свята. Я па-ранейшаму не страціў цікавасці да вучняў. Яны не даюць закасцянець, застыць на месцы, бо заўсёды знойдзецца той, каму будзе цікавы мой прадмет.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.