Імпульс для далейшага развіцця прадпрымальніцтва


16 верасня на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгле­джана пытанне “Аб развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў раёне, прыцягненні прамых замежных інвестыцый і развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 года №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.

Пра тое, наколькі гэта пытанне актуальнае, сведчыць ужо той факт, што ў яго абмеркаванні прыняў ­удзел першы намеснік Прэм’­ер-міністра Рэспуб­лікі Беларусь В. С. Мацюшэўскі. Акрамя яго, у пася­джэнні райвыканкама ўдзель­нічалі першы намеснік мі­ністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь І. М. Клепча, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта А. С. Мацкевіч, начальнік інс­пекцыі Міні­стэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці В. М. Лабацэвіч.

Небывала высокае прад­­стаўніцтва абавязвала да вельмі сур’ёзнай размовы. Ды і само па сабе пытанне мае вялікую важнасць. Прадпрымальніцтва ў сучасных умовах з’яўляецца найважнейшым элементам рыначнай эканомікі, яно напрамую ўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё як асобных рэгіёнаў, так і краіны ў цэлым. А на Пастаўшчыне, як падкрэсліў, адкрываючы пася­джэнне райвыканкама яго старшыня В. С. Гутараў, чацвёртая частка занятых у эканоміцы працуе ў малым бізнесе, і ў раёне ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для яго далейшага развіцця. Больш падрабязна пра дзейнасць суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва далажыла прысутным намеснік старшыні райвыканкама І. І. Несцяронак, якая курыруе гэту сферу.

Па стане на 1 ліпеня 2016 года на тэрыторыі раёна налічвалася 886 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП), у тым ліку 214 юрыдычных асоб і 672 індывідуальныя прадпрымаль­нікі. Сёлета зарэгістравана 5 новых камерцыйных арганізацый і 70 індывідуальных прадпрымальнікаў. Сярэдняя колькасць работнікаў на прадпрыемствах МСП (без уліку прадпрымальнікаў і іх наёмных асоб) — 3604 чалавекі. Аб стратэгічнай важнасці развіцця прадпрымальніцтва найбольш яскрава сведчыць такі факт, як яго ўклад у даходы бюджэту. За першае паўгоддзе доля паступленняў ад суб’ектаў МСП у кансалідаваны бюджэт раёна склала 35,2% (20,3 мільярда рублёў).

З кожным годам павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці прадукцыі (работ, паслуг). Арганізацыямі МСП летась выраблена прадукцыі (выканана работ, аказана паслуг) на 582,5 мільярда рублёў, што склала 38% ад агульнага аб’ёму вытворчасці ў раёне. Аб’ём вытворчасці павялічыўся на 19% у параўнанні з 2014 годам, а да ўзроўню 2011-га — у 1,8 раза. Узрасла і доля экспарту малых  і сярэдніх арганізацый і склала 1,9 мільёна долараў ЗША (10,6% ад агульнага аб’ёму па раёне).

За першае паўгоддзе бягучага года ў раён паступіла 207,6 тысячы долараў ЗША прамых інвестыцый (за аналагічны перыяд 2015-га — 103,4 тысячы долараў ЗША), якія накіраваны на рэалізацыю сумесным ТАА “Глорыя” інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ХІХ стагоддзя — палаца Бішэўскага ў г. п. Лынтупы, а з пачатку рэалізацыі праекта па гэтым аб’екце паступіла 1377,5 тысячы долараў ЗША.

Арганізацыямі МСП летась атрымана 563,3 міль­ярда рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг), што на 60,3 мільярда рублёў больш, чым у папярэднім годзе, і амаль у два разы больш у параўнанні з 2011-ым, на аднаго сярэдняспісачнага работніка яна склала 184,9 мільёна рублёў.

У той жа час цяжкасці ў развіцці эканомікі краіны адмоўна адбіліся і на прадпрымальніцтве. Калі на працягу 2011—2013 гадоў прадпрыемствы МСП працавалі з чыстым прыбыткам, то пачынаючы з 2014-га — з чыстымі стратамі. За 2015 год яны склалі 55,6 мільярда рублёў, найбольшыя — у сельскагаспадарчых арганізацыях. Знізілася рэнтабельнасць продажаў і склала мінус 7%. 30,9% ад агульнай колькасці арга­нізацый — стратныя.

Найбольшая частка МСП сканцэнтравана ў сферы паслуг (у тым ліку ў гандлі), дзе ажыццяўляюць сваю дзейнасць 130 суб’ектаў гаспадарання, або 60,8%. У той жа час у сельскай гаспадарцы — усяго 12,1%, у будаўніцтве — 6,1%. 385 індывідуальных прадпрымальнікаў (57,3% ад іх агульнай колькасці) займаюцца гандлем.

У сферы вытворчасці працуюць 45 арганізацый МСП (21%). Каля 600 чалавек занята на ПВУП “Пастаўскі мэблевы цэнтр”, якое выпускае больш за 50 мадэляў дзвярных блокаў. За студзень-чэрвень бягучага года на прадпрыемстве выраблена прадукцыі на 114404 мільёны рублёў. Удзельная вага экспарту — а гэта каля 20 краін — склала 76,6%. У рамках інвестыцыйнага дагавора, заключанага паміж прадпрыемствам і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам, узводзіцца комплекс па вытворчасці паркетнай дошкі магутнасцю 25 тысяч квадратных метраў у месяц.

На пасяджэнні райвыканкама таксама адзначана станоўчая работа такіх суб’ектаў МСП, як “Вытворча-мэблевы цэнтр”, “Гатэр”, “Славінпрадукт”, “Ініта”, “Промістэхна”, “Фрэшфудпак”, “Стыльны дом”, а таксама сялянска-фермерскіх гаспадарак “Раніца” (вырошчванне агародніны), “Парангоўскі” (садаводства), “Жалудзяк” (малочная жывёлагадоўля).

У рознічным гандлі ў раёне занята каля 30% малых прадпрыемстваў і 65% індывідуальных прадпрымальнікаў. Функцыянуюць 129 аб’ектаў гандлю ў індывідуальных прадпрымальнікаў і 100 — у прыватных юрыдычных асоб, два рынкі. Прыдарожны сэрвіс ажыццяўляюць прыватныя прадпрыемствы “Ор­лік”, “Валірыма” і кафэ “Церамок”, якое належыць райспажыўтаварыству. Бытавыя паслугі аказваюць 107 індывідуальных прадпрымальнікаў і 31 арганізацыя МСП. За першае паўгоддзе зарэгістравана 109 рамеснікаў (на 36 больш, чым у 2015-ым).

Ствараюцца новыя прадпрыемствы і вытворчасці. Летась зарэгістравана 9 новых камерцыйных арганізацый, сёлета — 5. А на УП “Завод Беліт” уведзены новы цэх па вытворчасці тэхнічнай сурвэткі, наладжана новая вытворчасць па выпуску тэрмалямцу, на якую працаўладкавана 40 чалавек. Вытворчасць па   выпуску настольных свяцільнікаў плануе запусціць да канца бягучага года ТАА “СанРэміВуд”.

На пасяджэнне райвыканкама былі запрошаны прадстаўнікі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якія мелі магчымасць выказаць свой пункт погляду, унесці канкрэтныя прапановы, задаць пытанні першаму намесніку Прэм’­ер-міністра і прадстаўнікам Міністэрства па падатках і зборах і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы. Безумоўна, што абмеркаванне пытання на такім высокім узроўні і прынятае па ім рашэнне паспрыяюць далейшаму развіццю прадпрымальніцтва на Пастаўшчыне.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.