Клопат пра здароўе, якасць сацыяльных паслуг


Падчас наведвання цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

14 верасня наш горад наведалі прадстаўнікі суседніх раёнаў Літвы.  Сустрэча праходзіла ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва.

У складзе дэлегацыі былі дырэктар цэнтра сацыяльных паслуг горада Швенчаняляй Міраславас Лаздзінас, галоўны спецыяліст, выконваючая функцыі загадчыка аддзела сацыяльнай падтрымкі Швянчонскага самакіравання Эгле Якштайце-Роўда, галоўны спецыяліст аддзела стратэгічнага планавання і інвестыцый раённага самакіравання Швянчоніс Алена Мікшцене, намеснік дырэктара цэнтра сацыяльных паслуг горада Швянчоніс Святлана Рылішкене. Літоўскую дэлегацыю сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская.

Госці пабывалі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Лынтупах, аддзяленнях дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знахо­джання інвалідаў ТЦСАН, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаў­с­кага раёна. Дырэктары  гэтых устаноў расказалі пра асноўныя кірункі работы, азнаёмілі з умовамі пражывання і знаходжання. Была магчымасць папрысутнічаць на занятках гурткоў, убачыць вырабы, створаныя наведвальнікамі аддзяленняў.

— Мы ўражаны ўбачаным, — гаварылі госці. — У вас так шмат робіцца не толькі для пажылых, якія ў свой час унеслі немалы ўклад ва ўмацаванне эканомікі, выхаванне маладога пакалення, але і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, хворых. Умовы для іх у аддзяленнях створаны цудоўныя. А з якой цеплынёй адносіцца да іх абслуговы персанал! Адчуваецца, што тут працуюць прафесіяналы з добрым сэрцам.

Затым адбыўся круглы стол, на які былі запрошаны работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Размова на ім ішла пра ўдзел нашага раёна ў конкурсе па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” у рамках Еўрапейскага Інструмента Суседства. У 2007-2013 гадах праводзіўся яго першы этап.

— Тады ў Паставах і літоўскім горадзе Рокішкіс на выдзеленыя ЕІС сродкі адрэстаўравалі палацы Тызенгаўзаў і стварылі музейныя экспазіцыі, — расказваў Юрый Мікалаевіч Кісялёў. — Нашы гарады, гістарычна звязаныя са знакамітым родам, аб’яднаў яшчэ і створаны падчас рэалізацыі праграмы турыстычны маршрут. Ён праходзіць праз Паставы, Рокішкіс, Вільнюс, Мінск, Гродна і іншыя гарады. У час рэа­лізацыі праекта праве­дзены дзве навуковыя экспедыцыі — у Беларусі і Літве. Цяпер распрацоўваецца заяўка нашага раёна разам з літоўскімі і лат­війскімі калегамі на ўдзел у новым этапе Праграмы трансгранічага супрацоўніцтва. У перспектыве — сумесная работа ў сацыяльнай і культурнай сферах.

У абодвух рэгіёнах плануецца працаваць над паляпшэннем якасці сацыяльных паслуг, іх даступнасцю для насельніцтва, клапаціцца пра здароўе пажылых лю­дзей. Будуць выкарыстоў­вацца сумесныя распрацоўкі, пашырацца шляхі супрацоўніцтва.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.