“Крынічка” — гэта выток

Образование

Наталля Валер’еўна Балобан са сваімі выхаванцамі.

Разам з вялікай арміяй настаўнікаў сваё прафесійнае свята заўтра будуць адзначаць і педагогі дашкольнай адукацыі, на чыіх плячах ляжыць не менш адказная задача — падрыхтоўка дзяцей да школы. З ёй паспяхова спраўляюцца ў першым гарадскім садку “Крынічка”. На працягу многіх гадоў тут цесна супрацоўнічаюць з СШ №1: настаўнікі пачатковых класаў школы прыходзяць у сад на заняткі, розныя святы, у сваю чаргу выхавальнікі і дзеці наведваюць мерапрыемствы ў школе, бываюць там на экскурсіях. Выхаванцы старэйшай групы займаюцца па спецыяльных падручніках для пачаткоўцаў “Я пазнаю свет”, “Матэматычны калейдаскоп” і “Падарожжа ў свет музыкі”. Акрамя таго, другі год у садку працуе гурток “Унікум”, дзе таксама вядзецца падрыхтоўка да школы: у дзяцей развіваюць логіку, мысленне, расшыраюць кругагляд. Пры гэтым не забываюць і пра выхаванне, захаванне і ўмацаванне здароўя малышоў. “Крынічка” — адзіны дзіцячы сад на Пастаўшчыне, які мае ўласны басейн. Яго з задавальненнем наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі як са свайго, так і з іншых садоў горада і раёна, а таксама малодшыя школьнікі.

На сённяшні дзень калектыў “Крынічкі” — гэта 262 дзіцяці, аб’яднаныя ў 13 груп, дзве з якіх інтэграваныя — для дзетак з парушэннямі маўлення, і 65 дарослых. Сярод апошніх 30 педагогаў: выхавальнікі груп, кіраўнікі фізвыхавання і музычныя, настаўнікі-дэфектолагі, псіхолаг, прадстаўнікі адміністрацыі. Па словах загадчыцы сада Л. Я. Канчанінай, сёлета адбылася глабальная змена педкалектыву. Установу пакінулі сапраўдныя прафесіяналы, якія адпрацавалі тут не адно дзесяці­годдзе і выпусцілі не адно пакаленне дзяцей. Ім на змену прыйшлі маладыя педагогі, якіх адразу ж узялі пад крыло — замацавалі за больш вопытнымі калегамі. Як спадзяюцца ў садку, яны стануць годнымі пераемнікамі ўсяго, што напрацавана ветэранамі. Тым больш што такія прыклады ёсць.

Вельмі добра Лада Яў­геньеўна гаварыла пра выхавальніцу старэйшай групы Наталлю Валер’еўну Балобан, якая ўвесь час імкнецца развівацца ў прафесіі, літаральна гарыць сваёй справай і якую вельмі любяць дзеці і паважаюць бацькі. У “Крынічцы” Наталля працуе з 2005 года, і за гэты час не раз паспела праявіць сябе як творчы, таленавіты педагог. Давала адкрытыя заняткі для калег, у тым ліку з іншых садоў раёна, паспяхова выступіла ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых выхавальнікаў: дайшла да фіналу і была ўдастоена дыплома пераможцы ў адной з намінацый. Будучы сама мамай, Наталля прызнаецца, што не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых. Выхаванцам садка яна аддае сэрца, вучыць іх у першую чаргу дабрыні, шчырасці і адкрытасці.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.