На гэты раз — бронзавыя прызёры

Спорт

Серыя фіналаў рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба завяршылася турнірам у горадзе Горкі Магілёўскай вобласці, дзе з 21 па 25 верасня за лідарства спрачаліся футбалісты старэйшай узроставай группы (хлопчыкі 2002-2003 гадоў нараджэння). Пераможцай стала каманда «Юнацтва» з Драгічына, на другім месцы іўеўская «Надзея» (Гродзенская вобласць), замкнулі кола прызёраў пастаўчане.

За права стаць уладальнікам галоўнага трафея змагаліся 8 каманд з усіх рэгіёнаў краіны. У якасці пераможцаў абласнога этапа наш горад на турніры прадстаўлялі Багдан Трошка, Вадзім Мацкевіч, Стас Гіль, Дзяніс Казлоў, Валерый Валодзька, Арцём Зарэцкі, Арцём Барынаў, Марк Хмяльніцкі, Улад Дубін, Дзмітрый Рогач, Рыгор Кабяк, Кірыл Каралёнак, Мікіта Давідоўскі і Герман Чалей (капітан). ­Удзел у гэтых прадстаўнічых спаборніцтвах амаль для кожнага з іх не ў навіну: нехта ўдзельнічаў у іх пазалетась, нехта — у мінулым годзе, а хтосьці і ўвогуле абодва разы. Дарэчы, у 2014-м выхаванцы трэнера па футболе Васілія Мікітавіча Грантоўскага сталі пераможцамі «Скуранога мяча» ў сярэдняй узроставай группе, а летась — сярэбранымі прызёрамі, таму ў сваіх сілах былі ўпэўнены і разлічвалі на лідарства.

Па выніках жараб’ёўкі каманды-ўдзельніцы былі падзелены на дзве падгрупы. Нашымі сапернікамі ў аднакругавым турні­ры сталі каманды «Грыфоны» (Мінск), «Тарпеда» (Магі­лёў) і «Юнацтва» (Драгічын Брэсцкай вобласці). Першая гульня для пастаўчан склалася няўдала: саступілі сталічным футбалістам з лікам 1:2. У другой сустрэчы з аднагодкамі з Магілёва выйгралі з лікам 1:0. У вырашальным паядынку з футбольным клубам «Юнацтва» каманда «Паставы» паўтара тайма вяла з лікам 2:0, але затым сапернікам удалося зраўняць лік і завяршыць гульню ўнічыю, што дазволіла нашым футбалістам у стыкавых паядынках змагацца толькі за трэцяе месца, якое яны і занялі, здолеўшы перамагчы мінскую каманду «Алімпія» з лікам 2:1. Перамога атрымалася сапраўды феерычнай: за хвіліну да фінальнага свістка паўабаронца Дзмітрый Рогач забіў галавой вырашальны гол у вароты сапернікаў і тым самым пазбавіў сваю каманду серыі пенальці.

— Гэта не той вынік, на які мы разлічвалі, але задаволены і ім. Лічу, што каманда паказала выдатную гульню і лёгка магла б стаць чэмпіёнам, але ў гульні не заўсёды перамагае найлепшы, прысутнічае і доля элементарнага шанцавання. А ўвогуле, спаборніцтвы праходзілі на высокім узроўні. Спадабаліся горад, спартыўная база, умовы пражывання і харчаванне, — падзяліўся ўражаннямі ад паездкі В. М. Грантоўскі.

Падчас «Скуранога мяча»  таксама праводзіліся спаборніцтвы па тэхніцы валодання мячом і фізпадрыхтоўцы. У агульнакамандным заліку наша каманда заняла першае месца, а Дзяніс Казлоў стаў пераможцам у асабістым заліку і, акрамя дыплома Міністэрства спорту і турызму, атрымаў яшчэ і грашовую прэмію ў памеры 30 рублёў. У размове падзя­ліўся, што грошы пакуль што аддаў маме, але ў далейшым плануе патраціць іх на футбольную экіпіроўку: гетры, шчыткі і іншыя неабходныя рэчы. А па выніках асноўных спаборніцтваў Багдан Трошка прызнаны найлепшым варатаром фіналу і таксама атрымаў спецыяльны падарунак — футбольны мяч. Прызёры турніру ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі, Кубкам, міні-кубкамі і каштоўнымі прызамі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.