На конным двары ў Рамельках


У сярэдзіне мая на конным двары ў Рамельках (ААТ «Сцяг Перамогі-агра») прыступілі да рэалізацыі новага праекта — іпатэрапіі. Заняткам лячэбнай верхавой яздой папярэднічалі тэарэтычнае і практычнае навучанне, адбор і падрыхтоўка коней для работы з дзецьмі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Ажыццяўляць ідэю коннаму двару дапамагаюць партнёры — 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Беларусі і раённы аддзел унутраных спраў.

У адзін са жнівеньскіх дзён конны двор «Сіўка-бурка» з прыемнай мі­сіяй — уручыць падарунак — наведалі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАУС Вячаслаў Врублеўскі і старшы інспектар групы міліцэйскай ваенізаванай вартавой аховы Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Беларусі Вадзім Крыштафовіч.

Не паспелі прадстаўнікі сілавых структур выйсці са службовай машыны, як ім насустрач накіраваўся загадчык коннага двара Віктар Іванавіч Далецкі. Па ўсім было відаць, што гасцей тут чакалі.

— Мы прымаем удзел ва ўсіх дабрачынных акцыях, імкнёмся, каб наша дзейнасць насіла прафілактычны, а не караючы характар, — адразу перайшлі да справы міліцыянеры. — А напярэдадні 100-годдзя беларускай міліцыі вырашылі праявіць ініцыятыву і на афіцэрскім сходзе пастанавілі за ўласныя сродкі набыць гурт — рэч, неабходную для навучання верхавой яздзе маленькіх дзетак.

Гурт — гэта спецыяльнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца пры пачатковым навучанні верхавой яздзе, пры пастаноўцы цыркавых трукаў і ў іпатэрапіі. Убачыць свой падарунак у дзеянні В. Врублеўскі і В. Крыштафовіч змаглі літаральна праз некалькі хвілін: спецыяльна для іх тут арганізавалі паказальныя выступленні з элементамі канкура. Самая маленькая іх удзельніца — двухгадовая Лера Іванькова. Упершыню каня дзяўчынка ўбачыла ў пачатку гэтага лета і адразу стала «палонніцай» грацыёзнай жывёлы. Саступаць сваё месца ў сядле іншым катэгарычна адмаўлялася: пры спробе зняць яе з каня плакала. А вось калі зносіны з чатырохногім сябрам удавалася прадоўжыць, слёзы імгненна высыхалі, на твары свяцілася ўсмешка, раздаваліся радасныя крыкі «і-го-го!».

Зносіны з коньмі прыносяць асалоду і іншым наведвальнікам коннага двара, а іх з улікам валанцёраў за тыдзень бывае тут больш за пяцьдзясят чалавек. Да паслуг гасцей 10 скакуноў. Заняткі іпатэра­піяй наведваюць восем чалавек (шасцёра дзетак бацькі прывозяць з Пастаў, дваіх — са Смаргоні). У ролі дактароў для іх выступаюць двое коней — Голда і Ніколь. Яны адпавядаюць усім неабходным параметрам: маюць пэўны рост, вагу і крок.

— На кожным занятку прысутнічае неўрапатолаг са шпіталя. Доктар у індывідуальным парадку падбі­рае практыкаванні і іх да­зіроўку, мерае пульс і тонус пацыентам, сочыць за эфектыўнасцю назначэнняў, — расказваў В. Далецкі. — Заняткі іпатэрапіяй бясплатныя — не жадаем зарабляць на чужым горы. Шчыра спадзяёмся, што такая рэабілітацыя хаця б часткова дапаможа дзецям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі справіцца з хваробай.

Акрамя захапляльнага відовішча — верхавой язды з элементамі канкура, — госці коннага двара сталі сведкамі яшчэ аднаго маляўнічага дзейства. Калі з дзвярэй стайні няспешным крокам выйшаў конь, запрэжаны ў павозку, а ў ёй — малады кадэт і чароўная графіня, нібыта павеяла подыхам даўніны, перанесла ў іншую эпоху. Асляпляльна белы ўбор дамы быў настолькі прывабны, што яго ўпадабала нават страказа, якая замест брошкі доўгі час упрыгожвала сукенку.

Ідэя стварэння касцюмаў мінулых стагоддзяў узнікла невыпадкова, яе паднесла само жыццё — у апошні час многія сталі заказваць тут фотасесіі. А якая жанчына не хоча прымераць на сябе вобраз высакароднай дамы? Праўда, пакуль што гардэроб ад багацця убораў не ломіцца, але гэта абяцаюць выправіць. У бліжэйшы час павінны з’явіцца касцюмы часоў Тызенгаўзаў, зімовыя строі з аўчыны. А дзіцячыя сукенкі, па словах студэнткі геаграфічнага факультэта БДУ Кацярыны Дунец, якая сыграла ролю графіні, зрабіць прасцей простага: дадаць карункаў, фальбонак — і убор для прынцэсы гатовы.

— Вобразы строяў у мяне ўзнікаюць, калі бачу тканіну, таксама шмат што можна «падгледзець» у інтэрнэце або ў музеі. Напрыклад, гэту сукенку з капялюшыкам пашыла за адзін вечар, — прызналася дзяўчына. — Хоць я зараз і жыву ў Мінску, дадому прыязджаю часта. Пры першай магчымасці буду наведвацца на конны двор, каб пакатацца верхам, паўдзельнічаць у распрацоўцы і пашыве касцюмаў.

Назіраючы, як спрытна і з якой радасцю ўпраўляюцца з коньмі дзеці і маладыя дзяўчаты, госці «Сіўкі-буркі» і самі захацелі ўспомніць знаёмыя з дзяцінства адчуванні, таму на прапанову пракаціцца верхам адразу згадзіліся.

— Здаецца, што толькі ўчора сядзеў на кані і не было ніякага шматгадовага перапынку. Адчуў не толькі асалоду, але і прыліў адрэналіну, — падзяліўся ўражаннямі В. Врублеўскі. — Адразу ўспомнілася, як у дзяцінстве каталіся на кані без сядла, трымаючыся за грыву. А яшчэ — як аднойчы няправільна сеў на спіну жывёлы і быў скінуты…

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.