Навучэнцы каледжа ўбіраюць бульбу


Хутка напаўняюцца вёдры ў навучэнцаў сельскагаспадарчага атрада групы №64.

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Навасёлкі-Лучай” бульбу  вырошчвалі на 40 гектарах — на 30 менш, чым у мінулым годзе. Скарачаючы плошчу, стаўку рабілі на больш высокую ўраджайнасць другога хлеба. Надзеі кіраўніцтва і спецыялістаў агранамічнай службы  апраўдаліся. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык адзначыў, што сёлета будзе накапана каля тысячы тон клубняў. Цяпер сярэдняя ўраджайнасць перавышае больш за 220 цэнтнераў з гектара. Гэтаму пасадзейнічала тое, што глеба добра ўгноена, перад пасадкай насенне апрацавалі ад драцяніка, садзілі не толькі гатункі рознай спеласці “кураж”, “рагнеда”, якія добра сябе зарэкамендавалі, але і элітнае насенне —  “уладар” і “скарб”  першай рэпрадукцыі. Быў арга­нізаваны старанны догляд пасеваў, двойчы праведзена хімічная апрацоўка.  Хаця, як лічыць галоўны аграном Вера Васільеўна Мукель, ура­джайнасць магла б быць і яшчэ вышэйшай, бо  з-за спякоты, а затым дажджу апрацоўка гербіцыдамі не дала 100-працэнтнага эфекту.

Механізатары Віктар Лешчык, Аляксандр Залецкі і Яніс Вішнеўскі.

Цяпер галоўнае — хутчэй убраць бульбу, не дапусціць страт. Асноўная сіла ў полі — навучэнцы каледжа і Навасёлкаўскай, Варапаеўскай, Гуцкай, другой і чацвёртай сярэдніх школ г. Паставы. За першыя чатыры дні работы яны падабралі за капалкамі, на якіх працуюць вопытныя механізатары Віктар Лешчык, Яніс Вішнеўскі і Аляксандр Залецкі, больш за 250 тон бульбы. Да  канца тыдня былі вырашаны ўсе  пытанні, якія датычылі дастаўкі ў поле амаль 200 маладых памочнікаў, забеспячэння транспартнымі сродкамі для адвозкі клубняў.  Таму і спорылася  ў сельгасатрадах работа.

У чацвер разам з дырэктарам каледжа Мікалаем Мікалаевічам Лысёнкам пабывалі на бульбяных палетках і сустрэліся з другакурснікамі групы №213, у якой 28 юнакоў. Ураджай добры, таму ўсе працуюць ахвотна. Куратар групы Іна  Мікалаеўна Цяляк, якая вядзе ўлік колькасці падабраных клубняў, падкрэсліла, што за паўдня многія набіраюць каля тоны бульбы і больш. У іх ліку Эдуард Казунко, Аляксандр Кісялёў, Ві­талій Калеснік, Андрэй Гарчакоў, Уладзіслаў Дзеравянка, Вадзім Мірош­нікаў, Аляксей Сарай, Арцём Атвалка, Ілья Ляховіч.

Другакурснікі групы № 213, якія асабліва вызначаюцца на падборцы клубняў.

А вось навучэнцы  64-й групы — будучыя вадзіцелі і слесары, як і іх куратар,  выпускнік Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Яўгеній Валянцінавіч Гасянец, не толькі працуюць, але і бліжэй  знаёмяцца паміж сабой. Рабяты перакананы,  што сумесная праца ў вераснёўскім полі дапаможа згуртавацца, стаць дружным калектывам.

Добрых слоў заслугоў­ваюць і ўсе іншыя сельгасатрады навучэнцаў. Хутчэйшаму правядзенню работ у Ліпаўцы (тут вырошчваецца бульба) будзе садзейнічаць і тое, што ў суботу пачалі ўбіраць клубні камбайнам. Механізатар Аляксандр Смолка, які яшчэ нядаўна працаваў на збожжаўборачным камбайне, і яго памочнікі за няпоўныя  два дні накапалі больш за 50 тон клубняў. А за капалкамі ў выхадныя дні  бульбу на сваіх участках падбіралі вяскоўцы, якія вырошчваюць яе ў адзіным ма­сіве. Ураджай таксама радуе.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.