Не ўступілі лідарства і сёлета


Каманда УП ЖКГ.

9 верасня на стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры адбылася традыцыйная раённая спартакіяда сярод добраахвотных дружын па ахове правапарадку, падчас якой памочнікі міліцыянераў і пагранічнікаў вызначалі найлепшых у спартыўна-прыкладным мнагаборстве, спецыяльнай падрыхтоўцы, перацягванні каната, дартсе і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Сёлета ў спартыўным мерапрыемстве ўдзельнічалі пяць каманд. Гэта прадстаўнікі УП ЖКГ, філіяла «АТП №17», дзяржаўнага каледжа, ДЭУ-33 і аддзела пагранічнай службы «Паставы» (Лынтупская добраахвотная дружына садзейнічання органам пагранічнай службы Беларусі). Падчас урачыстага пастраення з прывітальным словам да іх звярнуліся галоўны спецыяліст ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана  Падгайская, намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы «Паставы» па ідэалагічнай рабоце і прафесійна-службовай падрыхтоўцы Андрэй Пупкевіч, старшыня Пастаўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерый Лушчык і начальнік аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі РАУС Аляксандр Мя­дзелка. Яны падзякавалі дружыннікам за значны ўклад у ахову грамадскага парадку і Дзяржаўнай граніцы, актыўную жыццёвую пазіцыю, пажадалі паспяховых стартаў, напружанай барацьбы і, вядома, перамогі.

Права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена прадстаўніку мінулагодняй каманды-прызёра, якой ужо не першы год з’яўляецца жыллёва-камунальная гаспадарка раёна. Затым дырэктар ДЮСШ Павел Вавінскі і трэнер-выкладчык Інга Роліч азнаёмілі прысутных з умовамі спартакіяды і правялі жараб’ёўку. Двухга­дзінная захапляльная барацьба пачалася.

Спаборніцтвы складаліся з пяці этапаў: спартыўна-прыкладнога мнагаборства, якое ўключала бег на 100 метраў, кіданне гранаты і комплекс сілавых практыкаванняў; спецыяльнай падрыхтоўкі (тэарэтычных пытанняў па прававых і медыка-сані­тарных нормах); перацягвання каната; дартса; стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі.

Пераможцы вызначаліся па кожным відзе асобна. Першае месца па спартыўна-прыкладным мнагаборстве заняла каманда Лынтупскай добраахвотнай дружыны, на другім — філіял «АТП №17», на трэцім — камунальнікі. У спецыяльнай падрыхтоўцы і перацягванні каната  не было роўных прадстаўнікам УП ЖКГ, крыху адсталі ад іх памочнікі пагранічнікаў і сталі другімі, трэцяе месца ў каманд ДЭУ-33 і філіяла «АТП №17» адпаведна. Самай трапнай у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі аказалася каманда дзяржаўнага кале­джа, на другім месцы УП ЖКГ, на трэцім — ДЭУ-33. У дартсе перамогу святкавалі прадстаўнікі ДЭУ-33, Лынтупскай добраахвотнай дружыны (2 месца) і УП ЖКХ (3 месца).

Па суме набраных ачкоў пераможцай спаборніцтваў прызнана каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Другое выніковае месца ў каманды Лынтупскай добраахвотнай дружыны, трэцяе — у каманды ДЭУ-33. Удзель­нікі спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.