Нясіце і далей высока сцяг гімназіі

Образование

Для кожнай агульнаадукацыйнай установы святы першага і апошняга званка — падзеі асаблівыя: іх чакаюць, да іх старанна рыхтуюцца. Для Пастаўскай гімназіі сёлетняя ўрачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года, стала ўдвая асаблівай, паколькі праводзілася ў дзясяты, юбілейны, раз.

Разам з бацькамі і іншымі роднымі гімназістаў на ўрачыстасць завіталі ганаровыя госці — старшыня аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Радзько і другі сакратар райкама ГА “БРСМ” В. Л. Казлоўская. Кожны з іх павіншаваў навучэнцаў, педагогаў і бацькоў з пачаткам навучальнага года, пажадаў цікавых урокаў, добрых адзнак, поспехаў не толькі ў вучобе, але і ў спорце, грамадскім жыцці, а таксама і далей высока несці сцяг гімназіі. Пры гэтым Аляксандр Яўгеньевіч адзначыў, што колькасць гімназістаў з года ў год павялічваецца. Калі ў мінулым навучальным годзе іх было 146, то сёлета за парты селі 152 навучэнцы, сярод якіх 20 пяцікласнікаў. А гэта сведчыць пра прэстыж установы.

Як заўважыў дырэктар гімназіі С. Ч. Каранеўскі, тут вучацца ўжо сем’ямі: спачатку бацькі прыво­дзяць адно дзіця, потым другое і нават трэцяе. Славамір Часлававіч звярнуўся з наказам як да пяцікласнікаў, якія толькі пачынаюць вучобу ў гімназічных сценах, так і да адзінаццацікласнікаў, перад кім неўзабаве паўстане пытанне прафесійнага выбару. Несумненна, многія ўжо зрабілі яго, бо гэты клас педагагічнага профілю. Таксама С. Ч. Каранеўскі падзякаваў кіраўніцтву раёна і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, бацькам гімназістаў за маральную і матэрыяльную падтрымку ўстановы. Сваё слова на дарогу навучэнцам 5 класа далі і будучыя выпускнікі.

З нагоды юбілею гімназіі А. Я. Кашырын уручыў Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму калектыву навучальнай установы і асабіста яе дырэктару за вялікі ўклад у арганізацыю адукацыйнага працэсу, эфектыўнасць і выніковасць у рабоце, актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці і падарыў некалькі энцыклапедый для бібліятэкі. Ну і, канешне ж, традыцыйным падарункам для педагогаў і гасцей сталі кветкі, якія паднеслі ім навучэнцы. Кветак на лінейцы было вялікае мноства: яны ўпрыгожвалі невялікі гімназічны двор, гарэлі ўсімі фарбамі ў шматлікіх букетах, ствараючы атмасферу святочнасці.

Пасля таго, як залівісты званок абвясціў аб пачатку новага навучальнага года, навучэнцы і педагогі адправіліся ў класы на першы ўрок “Нам мір завешчана берагчы”. У кожным класе ён праходзіў па-свойму: у форме гутаркі, прэзентацыі, майстар-класа, з запрашэннем гасцей. Напрыклад, ганаровым госцем сямікласнікаў стаў намеснік начальніка 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь па ідэалагічнай рабоце Ю. Ч. Дунец, які расказаў дзецям пра каштоўнасць міру, пра тое, якую цану давялося заплаціць Беларусі, каб быць свабоднай і незалежнай краінай. Юрый Часлававіч таксама паказаў невялікі відэа­фільм на гэту тэму і падарыў кнігу аб подзвігах пагранічнікаў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. А тым часам васьмікласнікі складвалі з паперы галубоў міру. Майстар-клас па іх вырабе правяла адна з вучаніц Аня Казак.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота Таццяны КАСАТКІНАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.