Пад заступніцтвам Маці Божай Чанстахоўскай і Святога Фларыяна

Духовность

У апошнюю нядзелю жніўня камайская парафія ўшаноў­вае Маці Божую Чанстахоўскую (яе абраз знаходзіцца ў галоўным алтары). Сёлета ўдзел у святой Імшы з гэтай нагоды прыняў Генеральны консул Польшчы ў Рэспублі­цы Беларусь Марэк Пэндэх.

Заданне напісаць пра гэту ўрачыстасць прыняла з вялікай радасцю. Менавіта да Маці Божай Чанстахоўскай з просьбамі і падзякамі звярталася мая мама. У той няпросты час, калі касцёлы ў нас былі закрытымі, яна часта ездзіла да роднага брата, які жыў у Польшчы. І кожны раз радня старалася, каб госця з Беларусі пабывала ў санктуарыі ў Чанстахове. Перад абліччам магутнай і добрай Чорнай Мадонны яна прасіла для нас Божай ласкі.

Для мяне Чанстахова таксама асаблівае месца. І вось стаю перад алтаром у камайскім касцёле. Не перадаць словамі пачуцці, якія напаўнялі сэрца падчас урачыстага адкрыцця галоўнага абраза: найперш гэта падзяка за цудоўны момант, а таксама за ўсё добрае, што маю ў жыцці. І ў чарговы раз вусны зноў зашапталі: “Тваёй абароне аддаюся, Святая Багародзіца…”

Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Чэслаў Куцмеж з Пастаў, які доўгі час служыў у гэтай парафіі. Разам з ім канцэлебравалі пробашч камайскага касцёла ксёндз Яцэк Хутман і пробашч новай пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага Андрэй Бульчак. Кранальнае і павучальнае казанне ксёндз Чэслаў прысвяціў ролі Маці Божай і маці кожнага з нас у жыцці.

Прыезд Генеральнага консула Польшчы Марэка Пэндэха ў камайскі касцёл таксама звязаны з маці.

— Мая мама родам з Норкавіч, — гаварыў пан Марэк. — У камайскім касцёле яе ахрысцілі, тут упершыню прыняла святую Камунію. Яна часта ўспамінае Радзіму. Два гады таму прыяз­джала сюды. Лёс раскідаў па свеце ўраджэнцаў Камайшчыны. Але дзе б яны ні жылі, ва ўсіх справах прасілі дапамогі ў Маці Божай Чанстахоўскай. І яна апекавалася імі, дапамагала абжывацца ў чужых краінах, ствараць сем’і, дабівацца поспехаў. Дзякуй ксяндзу Яцэку за запрашэнне. Для мяне за шчасце пабываць у дарагім мамінаму сэрцу месцы.

Штогод падчас Імшы ў гонар Маці Божай Чанстахоўскай камайчане дзякуюць Богу за сабраны ўраджай і нясуць да алтара дары зямлі: снапы збожжа і льну, агародніну і садавіну, мёд, малако і прадукты, атрыманыя з іх,  — хлеб, алей, варэнне, сыр, а яшчэ кветкі і многае іншае. Дары падносяць сем’ямі людзі як старэйшага пакалення, так і маладыя. На гэты раз падрыхтоўкай цырымоніі займаліся жыхары вуліц Азёрнай, Юбілейнай, Чумакова. Колькі фантазіі было праяўлена пры складанні кампазіцый і выпечцы здобы!

Камайская зямля славіцца знакамітымі людзьмі. Яе праславілі сваімі талентамі мастак Альфрэд Ромер, кампазітар Браніслаў Руткоўскі, рэктар Дзяржаўнай Вышэйшай музычнай школы ў Варшаве Cтаніслаў Казура. У іх гонар у храме ўсталяваны мемарыяльныя дошкі. Прысвечаную Станіславу Казуру — кампазітару, дырыжору, прафесару — адкрывалі падчас нядзельнай Імшы.

Ксёндз Яцэк шмат дбае як пра духоўную прыгажосць вернікаў, так і пра навакольную, таму і дапамагае добраўпарадкоўваць парафіяльныя могілкі, цэнтральны сквер у аграгарадку. У ім нядаўна ўстаноўлена фігура Святога Фларыяна, які лічыцца ахоўнікам ад пажараў і апекуном пажарнікаў. Ураджэнцы Камай Павел Навумчык і Аляксей Мозалеў служаць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Яны прынялі ўдзел у святочнай Літургіі і асвячэнні фігуры свайго апекуна.

— Чалавек можа згарэць не толькі ў полымі пажару, — гаварыў ксёндз Яцэк, — але і ад гарэлкі. П’янства — праблема для многіх сем’яў. Таму будзем прасіць заступніцтва ў Святога Фларыяна і Маці Божай Чанстахоўскай, дапамогі ў нашых патрэбах і цярпеннях.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.