“Пакуль працуеш — жывеш”


Пра пастаўчанку Ванду Уладзіміраўну Рагіня неаднойчы чула ад яе дачкі Валянціны. І ўжо колькі разоў парывалася напісаць, якая яна адмысловая гаспадыня, працаўніца і вялікая аптымістка. Але кожны раз жанчына адмахвалася, маўляў, гэткія ж заслугі! А тут выпадак надарыўся, і Ванда Уладзіміраўна здалася, запрасіла да сябе.

І вось я адпраўляюся на вуліцу Вакзальную — у сціплы, але такі дагледжаны домік. Размову з гаспадыняй пачынаю з яе ўспамінаў.

— Пабудаваліся ў 1948 годзе. Дагэтуль жылі на Мядзельшчыне. А як прыйшоў муж з вайны, яму параілі перабрацца ў горад, — расказвала. — Прыехалі, узялі пляц і прыняліся за работу. Неймаверна цяжка было, але стараліся. Як сёння бачу: удваіх пілуем дошкі на падлогу. Распілавалі, а цвікоў няма за што купіць. Дык Людвіг — а ён жа быў знакаміты музыкант — сыграў у Боцьвінах вечарыну, і хлопцы яму заплацілі. Будавацца дапамагалі мае тата і брат. Пакрысе абуладкоўваліся.

А к таму часу, калі хата была гатова, у Рагіняў падрастала ўжо трое дзяцей — Марына, Валя, Эля. Ванда Уладзіміраўна расказвае, як яны гадаваліся. На працу ўладкавалася на цагельны завод, бо знаходзіўся непадалёк. Потым, каб зарабіць больш грошай, ездзіла ў гаспадаркі на лён і бульбу. Прыгадала выпадак, калі з-за дажджу ў адной з вёсак давялося заначаваць. Спыніліся ў бабулі, а ў яе нават хлеба не аказалася, і сама толькі два вараныя яйкі на цэлы дзень брала. А назаўтра раненька, пакуль прыехала машына з гараджанамі, Уладзіміраўна 8 сотак ільну вырвала. На маё пытанне, ці трэба было так ахвяраваць і сябе не шкадаваць, не раздумваючы, адказала: “А з чаго б мы жылі?!”

Гады ішлі, штосьці мянялася. Нязменнымі заставаліся адносіны паміж мужам і жонкай — даверлівыя, шчырыя, падмацаваныя каханнем, павагай, адданасцю. Гаспадар быў адмысловым закройшчыкам, працаваў на розных прадпрыемствах, у арганізацыях. Зарабляў і гармонікам, і Ванда Уладзіміраўна з такім замілаваннем расказвала, колькі ў яго было музычных інструментаў і як ён іграў. Сама ніякай работы не цуралася. Апошняе месца працы — у псіхіятрычнай бальніцы, дзе была тэхнічкай. А колькі клопатаў мела каля дома, дзяцей!

— Усе ж прайшлі праз мае рукі, — працягвала. — І свае, і ўнукі. Садкоў не было, дык я глядзела. А калі ў малодшай, Элі, нарадзіліся двайняткі, паехала да іх у Маладзечна і дапамагала. Цяпер усе дарослыя. Маю 6 унукаў, 5 праўнукаў. Старэйшы ўнук, падпалкоўнік, ужо на пенсіі, а праўнучцы 28 гадоў! Дык колькі ж мне! Можа, таму, што шчыра веру ў Бога, і жыву. Асаблівае свята, калі імшу ксёндз праводзіць па-польску. Увогуле, касцёл для мяне — святое. Памятаю і як шлюб тут бралі, і як шчыра ксёндз гаварыў, калі адзначалі з мужам 50-годдзе сумеснага жыцця. Ружанец на стале заўсёды — кожны дзень за ўсіх малюся. І працую — люблю, каб усюды і ва ўсім быў парадак.

— Ведаю, якая вы руплівіца. Нядаўна знаёмая расказвала, як у талацэ з вамі была, — кажу. — Ці праўда, што нікому з маладых не саступілі ў барознах?

— Праўда, — шчыра рассмяялася мая 94-гадовая суразмоўца. — Яшчэ летась сама выбрала бульбу на абодвух кавалках. А сёлета Марына прывяла сваіх жанчын-сябровак. Як жа весела было з імі працаваць! І нагаварыліся, і наспяваліся. Што да таго, што баразна ў баразну, дык чалавек і жыве, пакуль працуе. А як сядзеш у крэсла, то і ўсё: і ногі перастануць слухацца, і хваробы пачнуць адольваць. Такое маё правіла.

І Ванда Уладзіміраўна яго прытрымліваецца. Расклад на кожны дзень просты. У цёплую пару года звычайна ўстане, па­дзякуе Богу, павітаецца з сонейкам, паснедае — і ў агарод. Любіць, каб нідзе травінкі не было. Штосьці дапамагаюць дочкі, Валянціна і Марына, ды і маладзечанцы нярэдкія госці. Ёсць работа для зяцёў, унукаў. Асобная тэма — кветкі. Колькі жанчына жыве ў доме — столькі і яны з ёю — з ранняй вясны да позняй восені. Растуць кветкі і ў пакоях, ствараюць утульнасць, добры настрой.

Позняя восень і зіма прыносяць крыху суму. Але Уладзіміраўна без праблем з ім спраўляецца. Глядзіць тэлевізар, ходзіць да сваіх, у асноўным да Валянціны, бо яна з сям’ёй жыве на суседняй вуліцы. А па суботах амаль абавязкова лазня, пасля якой дачка-цырульнік ну ніяк не можа не зрабіць мамачцы прычоску. Вось усё гэта, лічыць доўгажыхарка, дае сілы і трымае ў жыцці.

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.