Пастаўчане на “Яблычным фэсце”


У вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна адбылося традыцыйнае свята “Яблычны фэст”, прысвечанае памяці садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікоры. Дом і гібрыдны сад кіраўніка мясцовага аддзялення Беларускай плодаагародніннай даследчай станцыі,  закладзены яшчэ ў 1950 г., захоўваюцца ў добрым стане. Перад садам устаноўлены помнік у выглядзе  яблыка. У доме створаны мемарыяльны музей І. П. Сікоры, побач — гадавальнік саджанцаў. Усё гэта ўразіла нас, прадстаўнікоў Пастаўшчыны, таксама як і цёплая сустрэча гаспадароў з караваем і прывітанне ад клуба садаводаў “Памяць Сікоры” Варапаеўскага ГПДК (на здымку) пад кіраўніцтвам стараннага і адказнага культработніка Ірыны Кузьміч.

Варапаеўцы сталі ўдзель­нікамі абласнога свята аматарскіх аб’яднанняў, якое было далучана да “Яблычнага фэсту”. Акрамя выставы-прэзентацыі аб рабоце клуба, што была прадстаўлена ў форме свята вуліцы Сікоры (такая ёсць у Варапаеве), з дэгустацыяй розных прысмакаў з яблыкаў ды варэння з “фантазіяй” (дабаўленнем бананаў, апель­сінаў, груш, карыцы), удзельнікам трэба было вырабіць сувенір сікораўскай зямлі і паўдзельнічаць у агульнай дзеі пад назвай “Варэнне сяброўства”. І ўсё гэта ўдала атрымалася. Сувенір ад Варапаева ўяўляў сабой калаж фотаздымкаў аб захоў­ванні памяці садавода на Варапаеўшчыне, дзе ён таксама жыў і працаваў. Ярка і прывабна выглядала афармленне пляцоўкі Пастаўскага раёна вялізнымі маляўнічымі яблынямі, лялькамі ў нацыянальных строях. Каля іх фатаграфаваліся шматлікія госці з Латвіі, Расіі, Азербайджана… Пад музычнае суправаджэнне Вольгі Тананы гасцінна сустракалі наведвальнікаў  нашага падвор’я Ілона Шыцько з дачушкай  Светай і сынам Дзімам, Анастасія Ганчар, Іна Протас. Чырвоная Шапачка, у ролі якой выступіла Юля Палачаніна, частавала варэннем. Народная майстрыха Леанарда Іванова з Гуты паказала майстар-клас па вырабе яблынек з бісеру і правяла латарэю. А на галоўнай сцэне праграму вялі Берагіня Яблынька і тры Спасы.

Пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства і асвячэння яблыкаў распачаўся вялікі канцэрт, у якім прынялі ўдзел не толькі творчыя калектывы вобласці, але і вакальны “Нявестачкі” і сумесны этнаграфічны танцавальны калектыў “Соліс-Дэлдзе” з Даўгаўпілса. Яны ўразілі гледачоў зладжанасцю рухаў, шчырасцю ўсмешак, стварылі ўсім святочны настрой. Дарэчы, кіруе гэтымі гуртамі  на грамадскіх пачатках школьная настаўніца.

Традыцыйна ў рамках абласнога свята ў Алашках праводзяцца раённы сямейны конкурс “Уладар сяла”, урачыстая рэгістрацыя шлюбу “Яблычнае вяселле”, спартыўныя спаборніцтвы, прадстаўленне калекцый адзення “Яблычная фантазія”, флэшмоб “Карціна з яблыкаў” і іншыя дзеі. Падворкі Шаркаўшчыны, пляцоўкі аматарскіх аб’яднанняў, выставы рамеснікаў вобласці вабілі забавамі, мясцовымі стравамі і разнастайнымі сувенірамі, асабліва керамічнымі. Спрыяла святу і па-сапраўднаму летняе надвор’е.

Л. ЧАТОВІЧ, супрацоўніца цэнтра культуры і народнай творчасці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.