Створаны надзейны фундамент

Личности

Заўтра калектыў Пастаўскага лясгаса, як і ўсёй галіны краіны, адзначае сваё прафесійнае свята. Прычым большай, чым летась, сям’ёй. Дзякуючы стварэнню новых рабочых месцаў колькасць працуючых узрасла да 340 чалавек.

Вынікі мадэрнізацыі і перааснашчэння

У сакавіку гэтага года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Дзяржаўную праграму “Беларускі лес” на 2016-2020 гады. Яе ажыццяўленне ў новай пяцігодцы  прадугледжвае павелічэнне лясістай тэрыторыі, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання лясных рэсурсаў, будаўніцтва лесагаспадарчых дарог і развіццё паляўнічай гаспадаркі. У гэтым кірунку працуе і Пастаўскі лясгас, у якім многае  было зроблена ў папярэдняй пяцігодцы.

— Асноўная ўвага надавалася мадэрнізацыі лесагаспадарчай вытворчасці шляхам яе тэхнічнага і тэхналагічнага перааснашчэння, стварэнню дарожна-транспартнай сеткі, павышэнню эфектыўнасці выкарыстання лясных рэсурсаў, — адзначыў дырэктар лясгаса Уладзімір Уладзіміравіч Місачэнка. —  Амаль на 30 адзінак папоўніўся  машынна-трактарны парк. На нарыхтоўцы і вывазцы драўніны выкарыстоўваецца такая магутная тэхніка, як фарвардары, харвэстары, сартыментавозы, МАЗы і іншыя машыны, якія  забяспечваюць высокую выпрацоўку, своечасовую дастаўку людзей да месца работы і назад. Наяўнасць такой тэхнікі стала адной з асноўных умоў стварэння ў лясгасе новага падраздзялення — лесапункта “Прыазёрны”. Гэтаму калектыву перададзены ўсе функцыі лесанарыхтовак. А ў  лясніцтвах з’явілася больш часу і магчымасцей займацца непасрэдна лесааднаўленнем, доглядам, аховай зялёнага багацця ад пажараў і захворванняў, аказаннем  паслуг, у тым ліку па забеспячэнні насельніцтва дрывамі. Мы былі ў ліку першых у вобласці, хто пайшоў на гэты эксперымент. Цяпер такія структуры ёсць практычна ва ўсіх лясгасах Прыдзвінскага краю, і яны цалкам сябе апраўдваюць.

Трэба сказаць пра яшчэ адзін важны кірунак.  У Пастаўскім і Полаўскім лясніцтвах  было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 20 кіламетраў лесагаспадарчых дарог. Будаўніцтва яшчэ адной такой дарогі працягваецца ў Варапаеўскім лясніцтве. Дзякуючы ім больш даступнымі сталі распрацоўкі дзялянак, выкананне работ па доглядзе лесу і іншых. У мінулай пяцігодцы завершана мадэрнізацыя ляснога гадавальніка, паспяхова асвоена фінская тэхналогія па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. У гэтай справе пастаўскія лесаводы маюць адны з найлепшых вынікаў сярод лясгасаў Беларусі.

Вялікі аб’ём рамонтных і будаўнічых работ праведзены на тэрыторыі вытворчай базы “Смалярня”. Нібы новымі выглядаюць рамонтна-механічныя майстэрні, у якіх створаны ўсе неабходныя ўмовы для працы і адпачынку. Пасля мадэрнізацыі змяніўся знешні і ўнутраны  выгляд дрэваапрацоўчага цэха. Тут зманціравана новае лесапільнае абсталяванне славенскай фірмы “Мебар”, якая зарэкамендавала сябе на­дзейным партнёрам на беларускім рынку. Створаная высокатэхналагічная вытворчасць ужо цяпер дазваляе нарошчваць выраб піламатэрыялаў у большых аб’ёмах і вышэйшай якасці, якія экспартуюцца за межы Беларусі. У бліжэйшай перспектыве — узвядзенне  сушыльнага комплексу, што дазволіць пашырыць асартымент прадукцыі, атрымліваць уласную цеплавую энергію.

Адначасова з мадэрнізацыяй вытворчых аб’ектаў на базе выкананы вялікі аб’­ём па добраўпардкаванні тэрыторыі, зямельнае палатно ўмацавалі шчэбенем. Атрымалася  надзейна і трывала, аднак у лясгасе пайшлі далей  — на гэтым тыдні рабочыя філіяла “Пастаўскае ДРБУ-132” прыступілі да асфальтавання ўнутрывытворчай тэрыторыі плошчай каля 5000 квадратных метраў.

Абнавіліся і лясніцтвы, якіх у раёне 9. У Лынтупах здадзены ў эксплуатацыю новы сучасны комплекс з некалькіх памяшканняў. Пасля рэканструкцыі прывабны знешні і ўнутраны выгляд набылі адміністрацыйныя будынкі Полаўскага і Валкоўскага лясніцтваў. Завяршаюцца рамонтныя работы ў памяшканні Варапаеўскага лясніцтва. Пры ўездзе ў Паставы астраўком прыгажосці і добраўпарадкаванасці выглядае тэрыторыя адміністрацыйнай забудовы лясгаса. Два гады назад гасцінна расчыніў свае дзверы новы паляўнічы комплекс “Гута”, які з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых у лясной галіне Віцебшчыны.

За 2011-2015 гады на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванне тэрыторыі (без уліку мадэрнізацыі дрэваапрацоўчага цэха) з розных крыніц фінансавання было выкарыстана 55 мільярдаў недэнамінаваных рублёў інвестыцый. Работы ў гэтым кірунку прадаўжаюцца і сёлета. За 8 месяцаў у розныя праекты ўкладзена 2,5 мільярда недэнамінаваных рублёў.

Умела арганізуе работу ў лясным гадавальніку майстар Аляксей Родзь.

Якая аддача ад укладанняў?

Лесагаспадарчая і прамысловая дзейнасць, пабочнае карыстанне дарамі лесу, арганізацыя паляўнічай гаспадаркі — вось асноўныя кірункі, па якіх працуе калектыў. Усе запланаваныя аб’ёмы выконваюцца, пра што сведчаць асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця лясгаса за студзень-жнівень 2016 года. На большых, чым планавалася, плошчах праве­дзены пасадка лесу, рубкі догляду ў маладняках і рубкі прамежкавага карыстання.  А ў цэлым па ўсіх відах рубак нарыхтавана 125 тысяч  кубічных метраў драўніны (107,6%), у тым ліку з выкарыстаннем шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі — 70,3 тысячы кубічных метраў. Гэты паказчык знаходзіцца пад асаблівым кантролем у абласным аб’яднанні і Міністэрстве лясной гаспадаркі, бо ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Беларускі лес” да 2021 года доля нарыхтовак драўніны  тэхнікай новага пакалення —  харвэстарамі, фарвардарамі і іншай — у яе агульным аб’ёме павінна быць павялічана да 65%. З гэтай задачай пастаўскія лесанарыхтоўшчыкі спраўляюцца і зараз.

За восем месяцаў выраблена 3,4 тысячы кубічных метраў піламатэрыялаў, што ў паўтара раза больш, чым запланавана.  Рэалізавана гэтай прадукцыі 3 тысячы кубічных метраў, або 148,8% да плана. На 75% узраслі экспартныя пастаўкі і склалі 1 мільён 281  тысяча долараў ЗША. А ў цэлым выручка ад рэалізацыі прадукцыі ўзрасла сёлета на 9,3%. Вытрымліваюцца планавыя параметры па энергазберажэнні, заработнай плаце, прадукцыйнасці працы, ёсць прыбытак.

Пастаўчане працуюць не толькі на сваіх тэрыторыях.13 ліпеня ў лясах Мінскай вобласці ў выніку ўрагана было пашкоджана 3,2 мільёна кубічных метраў драўніны на плошчы, якая перавышае 12 тысяч гектараў. Такіх маштабных разбурэнняў лясная гаспадарка краіны яшчэ не ведала. На ліквідацыю  вынікаў стыхіі былі мабілізаваны лясгасы з усіх абласцей. Пастаўчане атрымалі пляцоўку ў Чэрвеньскім лясгасе, дзе павінны нарыхтаваць з буралому 18 тысяч кубічных метраў драўніны. Працуючы ў надзвычай складаных умовах, вахтавым метадам, вальшчыкі лесу, аператары шматаперацыйнай тэхнікі ўжо нарыхтавалі амаль палову запланаванай колькасці драўніны.

Граматы, падзякі, прэміі

Усё, чаго дабіваецца лясгас, — вынік калектыўнай працы, у які ўносяць свой уклад кожнае структурнае падраздзяленне, кожны работнік. Дырэкцыя і прафсаюзны камітэт цэняць гэта і ўсяляк заахвочваюць найлепшых. Вось і напярэдадні свята вялікая група спецыялістаў, работнікаў лясніцтваў, лесапункта “Прыазёрны”,  дрэваапрацоўчага цэха і іншых участкаў адзначана Міністэрствам лясной гаспадаркі і абласным лесагаспадарчым аб’яднаннем, райвыканкамам і раённым Саветам дэпутатаў. Унушальны спіс і ўзнагароджаных дырэктарам прадпрыемства.

У ліку першых, каго ўчора ўшанавалі на ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята, — пераможцы спаборніцтва сярод калектываў лясніцтваў, брыгад, участкаў і асобных катэгорый работнікаў. З года ў год забяспечвае стабільную работу калектыў Старадворскага лясніцтва, які ўзначальвае Юрый Чашун. Сёлета ён зноў заваяваў першае месца і ўзнагаро­джаны ноўт­букам. Пераможцамі спаборніцтва сярод работнікаў вядучых прафесій сталі старадворцы — памочнік ляснічага Віталій Аль­хімёнак, трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Аляксандр Цярлюк і машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Уладзімір Мядзелка.

Другое месца з уручэннем планшэта прысуджана Лынтупскаму лясніцтву, а трэцяе — Дунілавіцкаму лясніцтву, якое ўзнагароджваецца мотакустарэзам. Разам з кіраўнікамі  лясніцтваў Рышардам Пецюлевічам і Генадзіем Дзюшко поспех сваіх калектываў раздзялілі лепшыя па прафесіі вальшчык лесу Аляксей Баран, ляснік Генадзій Пякарскі, бухгалтар Ірына Калачова.  А ўсяго ў індывідуальным спаборніцтве работнікаў вядучых прафесій пераможцамі выйшлі  26 чалавек. Яны ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі дырэкцыі.

У сістэме лясной гаспадаркі Віцебшчыны выкарыстоўваюцца разнастайныя формы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Дзейсным стымулам  павышэння  прадукцыйнасці працы, паляпшэння яе якасці, эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных  рэсурсаў з’яўляецца  занясенне перадавых калектываў і фотаздымкаў работнікаў на Дошку гонару Віцебскага лесагаспадарчага аб’яднання. Сёлета такога гонару ўдастоены  дрэваапрацоўчы цэх “Смалярня”, які прызнаны самым лепшым у вобласці па выніках работы за 2015 год і першае паўгоддзе 2016-га.  На Дошку гонару аб’яднання заносіцца таксама фота­здымак начальніка цэха  Сяргея Арэхава.

Пад кіраўніцтвам начальніка Сяргея Арэхава (на здымку ў цэнтры) з кожным месяцам усё больш нарошчвае вытворчасць прадукцыі мадэрнізаваны дрэваапрацоўчы цэх “Смалярня”. У гэтым ёсць уклад і змены, у якой працуюць станочнікі, укладчыкі і наладчыкі Андрэй Ягела, Сяргей Рагіня, Пётр Цыунель, Міхаіл Руткоўскі, Аляксей Лешчык, Дзмітрый Рамановіч, Аляксей Кухальскі і Леанід Дзіковіч.

Неўзабаве будзе абноўлена і Дошка гонару лясгаса. За паспяховае выкананне вытворчых планаў і заданняў, выпуск прадукцыі высокай якасці, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву на сумесным пасяджэнні прафсаюзнага камітэта і адміністрацыі прадпрыемства было прынята рашэнне занесці на яе фота­здымкі 12 спецыялістаў і работнікаў масавых прафесій. У дадатак да гэтага яны атрымалі і грашовыя прэміі. 54 чалавекам, якія працуюць ва ўсіх падраздзяленнях лясгаса, аб’яўлены Падзякі дырэктара з уручэннем грашовых прэмій.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.